viasna on patreon

Мінск: назіральніка судзяць за паклёп на чальцоў выбарчай камісіі

2021 2021-02-16T19:28:39+0300 2021-06-14T13:45:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/alexandr_agreicovich.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Аграйцовіч. Фота: скрын з канала "Дзённікі назіральніка"

Аляксандр Аграйцовіч. Фота: скрын з канала "Дзённікі назіральніка"

Суд Заводзскага раёна пачаў разглядаць справу ў дачыненні да 36-гадовага прадпрымальніка Аляксандра Аграйцовіча. Яго абвінавацілі па артыкуле 188 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядае суддзя Дмітрый Астапенка. Дзяржабвінавачанне прадстаўляе Зубік.

Што кажа абвінавачанне?

Аляксандра Аграйцовіча абвінавацілі ў тым, што ён узвёў паклёп на прадстаўнікоў выбарчай камісіі падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2019 годзе — 12 супрацоўніц школы №187 г.Мінска. А менавіта — апублікаваў на сваім youtube-канале "Дзённікі назіральніка" у траўні 2020 года загадзя ілжывыя звесткі пра чальцоў выбарчай камісіі, якія знеслаўляюць іх гонар і годнасць. У відэа Аграйцовіч адзначыў, што яны з'яўляюцца фальсіфікатарамі выбараў і ў перыяд датэрміновага галасавання здзейснілі падробку дакументаў. Гэтым ён давёў інфармацыю да неабмежаванага кола асобаў. Відэа праглядзелі больш за пяць тысяч разоў.

Відэа, за якое судзяць Аграйцовіча, на патрабаванне міністра інфармацыі не знаходзіцца ў агульным доступе: ён абмежаваны ў снежні 2020 года.

Што кажуць пацярпелыя і сведкі?

Пацярпелыя заявілі маральную шкоду і адмовіліся ад матэрыяльнай. Яны казалі, што пасля публікацыі відэа з іх удзелам ім сталі званіць сваякі і знаёмыя. Абвінавачаны не прызнаў віну, ён не згодны з абвінавачаннем у паклёпе: ён упэўнены, што вынікі выбараў былі сфальсіфіцыраваныя. Ён знаходзіцца на волі пад падпіскай аб нявыездзе.

16 лютага былі дапытаныя сведкі па справе: іншыя чальцы выбарчай камісіі. Яны адзначылі, што парушэнняў падчас выбараў не было заўважана, лічбы ў пратаколе былі правільнымі. Па словах сведкаў, назіральнік вёў сябе странна, але яму былі растлумачаны яго правы і агучаны адказы на ўсе заўвагі. Яны пацвердзілі, што відэа зневажала чальцоў выбарчай камісіі.

Што кажа абвінавачаны?

Аляксандр Аграйцовіч адзначыў, што ён выяўляў неадпаведнасці ў падліку галасоў і неаднаразова паведамляў пра гэта камісіі: як вусна, так і пісьмова. У якасці доказаў ён прывёў дакладныя лічбы па галасаванні, якія не супалі, на падставе чаго ён вырашыў, што выбары сфальсіфікаваныя. Калі Аграйцовіч спрабаваў задаваць пытанні, суддзя Астапенка адзначыў: "Тут абвінавачваюць вас, а не іншых". Наконт відэа абвінавачаны адзначыў, што яно "гумарыстычнае", але каб "калі камусьці не спадабалася, каб згладзіць негатыў" ён "выбачыўся перад чальцамі камісіі і знішчыў іх выявы", каб "перагарнуць гэтую старонку".

Таксама на паседжанні была адхіленая большасць хадайніцтваў: у тым ліку, на больш вялікую па памеры залю і на вядзенне трансляцыі судовага паседжання. Таксама калі пасля абеду пацярпелыя пакінулі судовую залю, таму што ім патрэбна было ісці на працу, на паседжанне не пусцілі слухачоў на іхнія месцы.

Разгляд справы працягнецца 23 лютага ў 10.00. Ад слухачоў паседжання і бацькі абвінавачанага быў аформлены зварот у суд Заводзскага раёна: яны спыталіся, чаму людзей не пусцілі на гэтае паседжанне, і папрасілі пусціць на наступнае. Бо калі гэта зрабілі праз каронавірус, чаму суддзя быў без маскі?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства