viasna on patreon

Справа сталічных байкераў: што кажуць пацярпелыя супрацоўнікі міліцыі?

2021 2021-02-19T10:01:43+0300 2021-02-19T10:49:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bajkery-sud-01.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
У чаканні суду над байкерамі. Фота: auto.onliner.by

У чаканні суду над байкерамі. Фота: auto.onliner.by

У судзе Савецкага раёна Мінска 18 лютага пасля доўгага перапынку працягнуўся судовы працэс па справе сталічных байкераў.

На лаве падсудных – Андрэй Іванюшын, Мікіта Афанасьеў, Мікіта Траццякевіч. Усіх іх абвінавачваюць у гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі па арт. 364 КК РБ.

Інцыдэнт адбыўся 19 верасня каля ГЦ "Еўропа", калі невядомыя сталі затрымліваць аднаго з матацыклістаў, а астатнія пачалі яго абараняць.

Справу разглядае суддзя Аляксандр Воўк. Дзяржабвінаваўца - пракурор Рабаў.

Пацярпелыя па справе - супрацоўнікі міліцыі Новікаў, Іваноў, Пятроў і Максімаў.

На першым пасяджэнні 4 студзеня высветлілася, што Андрэй Іванюшын шпіталізаваны, таму ў працэсе абвешчаны перапынак да яго выздараўлення.

Па судовым пасяджэнні 18 лютага адбыўся допыт пацярпелых. Іх твары схаваныя.

Пацярпелы Новікаў заявіў, што незнаёмы асабіста з удзельнікамі працэсу, толькі з Іванюшыным, паколькі той прыносіў прабачэнні.

На пытанні пракурора тлумачыць, што знаходзіўся на ахове грамадскага парадку, правяралі інфармацыю з нагоды гвалту ў дачыненні да сілавікоў.

Бычкоў раскідваў шыпы, якія замінаюць праезду транспарту і займаўся іншымі беспарадкамі, удзельнічаў у мотапрабегу. Усталявалі месцазнаходжанне каля ГЦ "Еўропа".

Цікава: Нумар срабрыстага Фольксвагена згодна з дакументамі, - 9478, 7-ы рэгіён. Аднак калі вывучыць дадзенае відэа , то на таймкодзе 0: 08 бачны нумар аўто - 5287 ХС 4 рэгіён.

Там было 30 чалавек, але многія раз’ехаліся. Учатырох падышлі, прадставіліся, папрасілі праехаць з імі для прафілактычнай гутаркі. Бычкоў добраахвотна пагадзіўся, разам прайшлі ў Фальксваген Пола.

Пакуль ішлі, чулі, як байкеры заклікалі вызваляць сваіх. Падбеглі 15-20 чалавек, пачалі выцягваць нас з аўтамабіля.  Новікаў крычаў, што МВДшнік, прасіў спыніць гвалт.

Выцягнуў яго з аўто матацыкліст у чырвонай балаклаве. Гэты ж матацыкліст выцягваў калегу з задняга сядзення. Яму дапамагаў іншы матацыкліст у чорнай скураной куртцы.

Затым я накіраваўся да даішнікаў, патлумачыў ім, што адбылося, сказаў, што трэба ачапіць выезды. Вярнуўся на месца, там ужо было шмат людзей. Пацярпеламу Пятрову вярнулі адабраны раней тэлефон, матацыкліст у белым шлеме ўцёк.

Адвакат Іванюшына пытаецца: Хто пашкоджваў маёмасць, у прыватнасці кофту?

- Мужчына ў чырвонай балаклаве.

Адвакат Траццякевіча:

- Па якіх прыкметах Бычкоў зразумеў, што вы - МВД-шнікі?

- Падышлі, паказалі ксіву.

- Бычкоў ўбачыў надпісы ў пасведчанні?

–Так.

- Колькі супрацоўнікаў прад'явіла ксівы?

– Не магу ўспомніць....

Лічыць, што Іванюшына ня трэба строга караць, ён прынёс прабачэнні.

Дапытваюць пацярпелага Іванова.

"19 верасня 2020 выяўлялі парушэнні, быў старшым у групе. Знайшлі матацыкл "Кавасакі" зялёнага колеру, на якім перасоўваецца Бычкоў. Было вядома, што той заклікаў пашкоджваць тэхніку. У сувязі з гэтым хацелі правесці гутарку і даставіць у МУС. Побач з ім знаходзілася 3-4 чалавекі. Падышоў да Бычкова, прадставіўся, патлумачыў, што трэба прайсці ў аўтамабіль. Ён не супраціўляўся. Калі ішлі ў аўто, прыбегла вялікая група матацыклістаў. Хтосьці з натоўпу стаў крычаць, што давайце адаб'ем сваіх. Калі селі ў аўто, Новікаў паспрабаваў з'ехаць заднім ходам. Падбеглі людзі ў моташлемах і балаклавах, заблакавалі аўто, наносілі ўдары па капоце, па крылах, па шкле аўтамабіля, патрабавалі вызваліць Бычкова. Адчынілі дзверы, дасталі кіроўцу, спрабавалі выцягнуць ключы з аўтамабіля. Калі дастаў тэлефон, каб выклікаць дапамогу, адзін з байкераў выхапіў яго, пачалася барацьба, яны ўпалі, той перадаў тэлефон дзяўчыне з натоўпу, яна ўцякла, іх абступіў натоўп. Потым падыйшлі амапаўцы".

Адвакат Іванюшына пытаецца ці паказвалі пасведчанні?

- Магу адказваць толькі за сябе, я прадстаўляўся і паказваў пасведчанне.

- Хто менавіта хапаў за рукі і даставаў з аўтамабіля?

- Наколькі памятаю, даставаў матацыкліст у белым шлеме, ён жа выхапіў тэлефон, гэтак жа матацыкліст у чорным шлеме і з гербам "Пагоня".

- Ці былі пагрозы вам?

- Так, падчас бойкі былі пагрозы, спадзяюся, захаваныя на відэа, якія потым распаўсюджваліся ў сацыяльных сетках.

Абарона Афанасьева пытаецца:

- Колькі было чалавек, хто перашкаджаў выезду аўтамабіля?

- Некалькі чалавек, быў грамадзянін у карычневай куртцы, якога пазней усталявалі і затрымалі.

- Хто парваў кофту Новікаву?

- Так разумею, што пашкодзілі, калі выцягвалі з машыны. Актыўна прымаў удзел матацыкліст у чырвонай балаклаве.

- Ці бачылі іншых удзельнікаў, як былі апранутыя?

- Не магу сказаць дакладна, быццам быў матацыкліст у белым шлеме.

Патасоўка байкераў з невядомымі. Скрыншот з відэа

Пацярпелы Пятроў лічыць, што падсудныя здзейснілі злачынства супраць усёй праваахоўнай сістэмы. Прэтэнзій да Іванюшына няма, паколькі той ужо папрасіў прабачэння. Няўпэўнена кажа аб маральнай кампенсацыі. Потым сказаў пра маральную шкоду ў 5000 рублёў. Менавіта Афанасьеву і Траццякевічу, т. к яны не прыносілі прабачэнні. Пасля інцыдэнту каля ГЦ "Еўропа" пачаліся пагрозы яму і яго блізкім

Пацярпелы Максімаў нічога новага па сутнасці не дадаў.

Абарона Афанасьева пытаецца ў яго:

-Якія дзеянні праводзіліся ў момант выцягвання з аўтамабіля?

- Мужчына пачаў выцягваць з аўтамабіля, калі я трымаўся за падлакотнікі, хапалі за рукі.

- Ці былі штуршкі?

- Так.

Абарона Траццякевіча:

- У вас ва ўсіх чацвярых адсутнічала магчымасць прад'явіць пасведчанне?

- Так, аднаго ўжо выкінулі з аўто.

- Чаму вы дасталі зброю, а не, напрыклад, прад'явілі пасведчанне?

- Прыняў такое рашэнне, паколькі калегу ўжо павалілі.

Маральную і іншыя кампенсацыю не заяўляе. Лічыць, што Іванюшына і Афанасьева трэба караць не строга.

Далей вывучаюцца пісьмовыя матэрыялы справы, зачытваюцца ранейшыя пратаколы апытання пацярпелых. Акрамя дробных недакладнасцяў, яны паўтараюць сказанае пацярпелымі на суде.

Наступнае пасяджэнне прызначанае на 19 лютага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства