viasna on patreon

Патрабуем неадкладнага вызвалення сябра Рады ПЦ “Вясна” Змітра Салаўёва і спынення рэпрэсій у дачыненні да праваабаронцаў

2021 2021-02-19T14:57:54+0300 2021-02-19T15:03:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mirnye_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна”

19.02.2021 г.

16 лютага 2021 г. у г. Мінску ды іншых гарадах Беларусі адбыліся шматлікія вобшукі ў офісах і прыватных памяшканнях сябраў ПЦ “Вясна”, Беларускай асацыяцыі жуналістаў, Незалежнага прафсаюзу РЭП ды іншых грамадскіх актывістаў. Вобшукі прайшлі ў рэгіянальных аддзяленнях ПЦ “Вясна” у Магілёве, Рэчыцы, Мазыры, Брэсце, а таксама ў офісах арганізацыі ў Мінску. Вобшукі былі санкцыянаваныя намеснікам Генпракурора Рэспублікі Беларусь у межах крымінальнай справы, узбуджанай па арт. 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

У тым ліку вобшук адбыўся і ў прыватным памяшканні, у якім з сям’ей пражывае сябра Рады ПЦ “Вясна” Зміцер Салаўёў. А сёмай раніцы супрацоўнікі ГУБАЗіК пры падтрымцыі АМАП без усялякага папярэджання выбілі ўваходныя дзверы і ўварваліся ў дом. Падчас правядзення вобшуку Зміцер быў збіты, затым затрыманы з невядомай прычыны і змешчаны ў ІЧУ Мінскага р-на.

18 лютага ў суд Мінскага р-на прызнаў Змітра Салаўёва вінаватым у правядзенні адзіночнага пікета і пакараў яго адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 12 сутак па ч.1 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі і ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах). Нагодай для арышту Зміцера стаў барэльеф з выявай беларускага гістарычнага герба “Пагоня” на сцяне ягонага дома. Дадзены барэльеф з выявай герба, унесенага ў дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, быў усталяваны падчас будаўніцтва дома каля васьмі гадоў назад.

Дадзены судовы працэс у чарговы раз яскрава прадэманстраваў усю глыбыню дэградацыі судовай сістэмы Беларусі і меў незаконны, відавочны палітычна матываваны характар.

У сувязі з дадзенымі падзеямі, мы, сябры Рады ПЦ “Вясна”, у чарговы раз адзначаем наступнае:

Дзейнасць ПЦ “Вясна” носіць цалкам легітымныя мэты і з’яўляецца мірнай дзейнасцю па абароне правоў чалавека ў Беларусі, гарантаванай як Канстытуцыяй краіны, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека. Усялякі ціск і пераслед сябраў нашай арганізацыі за ажыцяўленне такой дзейнасці з’яўляецца палітычна матываваным пераследам, скіраваным на задушэнне і знішчэнне нашай арганізацыі.

Мы выказваем рашучы пратэст з нагоды чарговай хвалі рэпрэсій у дачыненні да сябраў арганізацыі і заяўляем, што не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці ў абарону правоў нашых грамадзян.

Мы патрабуем неадкладна вызваліць з-пад варты сябра Рады ПЦ “Вясна” Змітра Салаўёва, сябраў нашай арганізацыі Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу. Мы патрабуем спыніць рэпрэсіі ў краіне і вызваліць усіх палітычных зняволеных.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства