viasna on patreon

Віцебск: Замест вынясення прысуду Юліі Кашаверавай суд пастанавіў працягнуць судовае следства

2021 2021-02-22T15:57:23+0300 2021-02-22T15:57:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kashaverava-01.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Скрынштот з відэаздымак МУС.

Скрынштот з відэаздымак МУС.

Сёння ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска павінен быў вынесены прысуд Юліі Кашаверавай, 22-гадовай былой медсястры дэсантнай брыгады, якую абвінавачваюць у тым, што на вулічным маршы пратэсту ў кастрычніку 2020 года яна пашкодзіла міліцэйскі бус і сарвала галаўны ўбор і маску з амапаўца. Аднак нечакана суддзя Сяргей Будрэвіч абвясціў, што судовае следства аднаўляецца.

 Дзяўчыну абвінавачваюць у злосным хуліганстве (ч.2 арт 339 КК РБ).

Юлія Кашаверава прызнала віну часткова. Яна не адмаўляла, што пасля таго, як ёй не далі аказаць дапамогу пацярпеламу, не стрымалася і нанесла тры ўдары па задніх дзвярах міліцэйскага мікрааўтобуса. Але запэўніла, што па правых бакавых – удараў не наносіла, маску і кепку з супрацоўніка МУС не зрывала.

Суддзя растлумачыў, што на працэсе паўторна вывучаць адзін з відэазапісаў, а таксама паказанні Юліі Кашаверавай, якія яна дала на папярэднім следстве — «з прычыны істотных супярэчнасцяў», паведамляе TUT.BY.

Юля Кашаверава. Фота: Віцебская Вясна.
Юля Кашаверава. Фота: Віцебская Вясна.

Пракурор Лабацкі 19 лютага пераконваў, што ўчыненае злачынства звязанае з актыўным непадпарадкаваннем супрацоўнікам МУС пры выкананні імі службовых абавязкаў. Прасіў прызнаць Юлію Кашавераву вінаватай ва ўчыненні злачынства паводле ч. 2 арт. 339 КК і прымяніць у дачыненні да яе ізаляцыю ад грамадства.

Настойваў лічыць яе дзеянні наўмыснымі, якія груба парушалі грамадскі парадак, выказвалі яўную непавагу да грамадства, і суправаджаліся пашкоджаннем чужой маёмасці.

Прасіў прызначыць Кашаверавай пакаранне ў выглядзе зняволення тэрмінам на 6 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства