viasna on patreon

У Віцебску пачаўся крымінальны працэс супраць мужчыны, хворага на анкалогію. Яго вінавацяць у гвалце над міліцыянтамі

2021 2021-02-22T16:13:57+0300 2021-02-22T16:13:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/malahousky.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Першамайскага раёну Віцебску пачаў разглядаць справу 54-гадовага Уладзіміра Малахоўскага. Фота: ЗК / Белсат

Суд Першамайскага раёну Віцебску пачаў разглядаць справу 54-гадовага Уладзіміра Малахоўскага. Фота: ЗК / Белсат

Суд Першамайскага раёну Віцебску пачаў разглядаць справу 54-гадовага Уладзіміра Малахоўскага. Яго вінавацяць у гвалце і пагрозе гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў унутраных справаў (арт. 364 КК). Уладзімір Малахоўскі хворы на рак, мае трэцюю групу інваліднасці, паведамляе "Белсат".

Справу разглядае суддзя Таццяна Родзіна. Абвінавачанага завялі ў судовую залу ў кайданках і пакінулі ў клетцы. Калі пабачыў жонку, падалося, Уладзімір заплакаў. Але жонка кажа, што ў мужа проста слязяцца вочы, бо ён прастуджаны.

Са словаў жонкі Ірыны, Уладзімір 4 разы праходзіў хіміятэрапію, ягоны арганізм аслаблены. Жонка сцвярджае, што Уладзімір і цяпер вельмі кепска пачуваецца. Яго трымаюць у СІЗА-2 з 13 студзеня, там ён прастудзіўся. Кажа, што доктар пасля хіміятэрапіі прасіў абавязкова адразу звяртацца да яго ў выпадку любой хваробы. Нягледзячы на гэта, меру стрымання Малахоўскаму не змянілі.

Першае паседжанне праходзіць у невялікай судовай зале. У ёй здолелі змясціцца толькі трое пацярпелых міліцыянтаў і пяць слухачоў. Ніякіх хадайніцтваў на пачатку паседжання ўдзельнікі працэсу не заяўлялі.

Суддзя Родзіна вымаўляе невыразна, не ўсё чуваць. Дзяржабвінаваўца – маладая жанчына, але яе прозвішча на слых не разабраць.

Паводле абвінавачання, Уладзімір Малахоўскі 13 верасня 2020 года браў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – шэсці, наўмысна і супрацьпраўна ўчыніў гвалт і пагражаў гвалтам супрацоўнікам МУС пры выкананні імі службовых абавязкаў. Абвінаваўца сцвярджае, што Малахоўскі спрабаваў нанесці траўмавальныя ўдары па розных частках цела міліцыянтаў, чапляўся за форму, пашкодзіў яе, завалодаў міліцэйскім жэтонам. Пазней, ужо затрыманы, распыліў газавы балончык у бок супрацоўнікаў. Такім чынам, паводле пракуратуры, Малахоўскі «нанёс пабоі і прычыніў фізічны боль» міліцыянтам (арт. 364 КК).

Уладзімір Малахоўскі заявіў, што не прызнае сваёй віны.

На сённяшнім паседжанні апыталі пацярпелых міліцыянтаў: Качыхіна, Пазнякова, Емяльянава.

Пацярпелы міліцыянт Юрый Качыхін сцвярджае, што абвінавачаны ўжыў супраць яго «барцоўскі захоп». На пытанне, як міліцыянт вызваліўся, адказвае, што толькі з дапамогай калегаў. Наконт пашкоджання формы і сарванага жэтона прызнаецца, што «форма ў нас хліпкая», «жэтоны самі замацоўваем». Прызнаўся, што ўдараў яму Малахоўскі не наносіў, і болю ад дзеянняў Уладзіміра ён не адчуў. Пацярпелы міліцыянт падтрымаў свой грамадзянскі пазоў аб спагнанні з абвінавачанага кампенсацыі памерам 1000 рублёў.

Адзін з пацярпелых міліцыянтаў, Емяльянаў, заявіў, што газавы балончык Малахоўскі ўжыў, быўшы ўжо ўсярэдзіне аўтазака.

Судовы працэс мае працягнуцца 23 лютага.

Уладзіміра Малахоўскага затрымалі 13 верасня 2020 года. Пасля 5 тыдняў, праведзеных у СІЗА, яго выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. 13 студзеня 2021 года яму змянілі меру стрымання і ўзялі пад варту. Малахоўскага трымаюць у СІЗА-2 Віцебску. На волі ва Уладзіміра засталіся двое дзяцей – 11 і 13 гадоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства