viasna on patreon

Мінск: пачаўся суд над Рыгорам Давыдавым. Вінавацяць у "замахванні", пацярпелых няма

2021 2021-02-22T19:10:56+0300 2021-02-25T13:50:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudovaia_zala22.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Фрунзенскага раёна пачаў разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да 26-гадовага Рыгора Давыдава – былога супрацоўніка МНС, які звольніўся адтуль у 2019 годзе. Яго абвінавачваюць паводле ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу.

Суддзя ў працэсе – Юлія Блізнюк. Дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівае пракурор Аліна Касьянчык.

“Замахванні нявызначаным прадметам”

Рыгора Давыдава абвінавачваюць паводле ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Згодна з фармуліроўкай, ён нібыта здзейсніў не менш трох кідкоў нявызначанымі прадметамі ў бок праезнай часткі і спецыяльнага транспарта дзясятага жніўня недалёк ад ГЦ “Рыга”.

Падчас паседжання былі прагледжаныя відэаматэрыялы справы. На іх асоба, якую немагчыма вызначыць, здзяйсняе, са слоў дзяржабвінаваўцы, “замахванні нявызначаным прадметам”. Накірунак і супрацоўнікі, у бок якіх ажыццяўляўся замах, таксама не выяўленыя: у справе няма пацярпелых.

Дзяржабвінаваўца аглядала відэазапісы, на якіх, з яе словаў, мужчына, падобны да Рыгора Давыдава, здзяйсняе замахі.

Абвінавачаны адмовіўся ад сведчанняў

На судзе Рыгор віну не прызнаў і адмовіўся ад сведчанняў. Падчас следства ён распавядаў, што прыехаў у Мінску пагуляць, быў у раёне “Рыгі”. Але ў масавых беспарадках удзелу не прымаў: бачыў, як людзі будавалі барыкады з металічнага плота, кідалі камяні. Сам Рыгор, па яго сведчаннях, нічога такога не рабіў: сыйшоў, калі толькі міліцыя пачала разганяць людзей.

Пазоў Мінсктранса

Мінсктранс у асобе юрысконсульта ўпэўнены, што дзеяннямі Давыдава рабоце транспарта была ўчыненая шкода ў памеры 21 тысячы 831 рубля 69 капеек. Таксама ён хоча спагнаць з Давыдава дзяржпошліну ў памеры 1 158 рублёў.

Сведкі не бачылі абвінавачанага

Сведкамі ў справе выступаюць некалькі чалавек, якія прысутнічалі на месцы здарэння, але не бачылі абвінавачанага.

Сведка з Мінсктранса не з’явіўся праз хваробу. Сведка Міхаіл Багданаў распавёў, што ў той дзень трапіў у корак каля “Рыгі”, які ўзнік праз металічныя платы. Ён бачыў людзей, якія крычалі лозунгі, трымалі сцягі, але паводзілі яны сябе мірна: ён не бачыў, каб хтосьці кідаў што-небудзь у бок супрацоўнікаў – і наогул не бачыў там міліцыю.

Кіроўца тралейбуса Ігар Юхновіч даў сведчанні яшчэ 18 снежня: з яго словаў, ён бачыў, што невызначаныя асобы кідалі камяні ў бок супрацоўнікаў міліцыі, аднак сцвярджаць, што гэта быў Рыгор Давыдаў, ён не можа.

Прадстаўнік Мінсктранса адзначыў, што ў акце, дзе пазначаная шкода яго арганізацыі, пазначаная шкода па ўсяму гораду, у тым ліку, маршруты, якія абвінавачаны не мог заблакаваць. І паколькі вызначыць, якія менавіта маршруты ён заблакаваў, не з’яўляецца магчымым, нельга падлічыць і шкоду, учыненую менавіта Рыгорам Давыдавым.

Што адбывалася ў спрэчках?

Пракурор Аліна Касьянчык упэўненая, што асоба, падобная на абвінавачанага, удзельнічала ў масавых беспарадках. Яна лічыць, віна цалкам даказаная, і запрасіла пакаранне – чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненнага рэжыму.

У сваю чаргу, адвакат заявіў, што нельга сцвярджаць, што асоба на відэа – Давыдаў, бо не было праведзена ніводнай экспертызы – у тым ліку, партрэтнай. Адзіны доказ яго прысутнасці на відэа – змеркаванне органаў папярэдняга следства. Але нават асоба на відэа не выходзіць на праезную частку, як гэта гаворыцца ў абвінавачанні. На рэчдоках няма ніякіх слядоў Давыдава. Злачынства групай асобаў нельга лічыць абаснаваным, бо абвінавачаны не быў ні з кім асабіста знаёмы і ўзгаджаў дзеянні. Таксама не было ўстаноўлена, што Давыдаў мог авалодаць прадметамі, якімі можна ўчыніць пагром, а таксама няма дадзеных пра прадмет, якім на відэа можна было б учыняць замахі.

Адвакат адзначыў, што з пісьмовых матэрыялаў справы не вынікае, што Давыдаў быў падпісаны і выкарыстоўваў інтэрнэт-рэсурсы, якія заклікалі да пэўных дзеянняў, хаця яго віна часткова даказваецца і цытаваннем такіх крыніцаў. Ён звярнуў увагу, што ў справе няма пацярпелых. Адвакат нагадаў, што Давыдаў сем гадоў працаваў ў МНС і коштам свайго жыцця абараняў жыццё і здароўе грамадзян.

Апошняе слова Рыгора Давыдава заслухаюць 24 лютага ў 10.30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства