Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Люты 2021
Высновы:
- на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны пераслед грамадзянаў па палітычных матывах. ПЦ "Вясна" вядома аб як мінімум 102 вынесеных на працягу месяца прысудах, 49 з абвінавачаных былі асуджаныя да пазбаўлення волi;
- у месцах несвабоды знаходзяцца 258 палітвязняў, іх колькасць працягвае павялічвацца. Агульная ж колькасць крымінальных спраў, якія былі ўзбуджаныя ў пост-выбарчы перыяд, склала больш за 2 300, пры гэтым ПЦ "Вясна" вядомыя прозвішчы больш за 850 фігурантаў;
- працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзянаў за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жыллі і тэрыторыях. Усяго на працягу месяца ПЦ "Вясна" валодае інфармацыяй аб затрыманні 511 грамадзян; вынесена 312 судовых пастаноў: у 222 выпадках накладзены адміністрацыйны арышт, у 73 - штраф;
- працягваецца пераслед журналістаў і блогераў. 17 лютага суд Фрунзенскага р-на г. Мінска асудзіў журналістак «Белсат» Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову да двух гадоў пазбаўлення волі за вядзення прамога эфіру з дэманстрацыі на месцы выкрадання невядомымі Рамана Бандарэнкі;
- узмацніўся ціск на праваабаронцаў: 2 лютага па абвінавачванні ў махлярстве быў узяты пад хатні арышт старшыня «Офіса па абароне правоў людзей з інваліднасцю» Сяргей Драздоўскі, а юрыст арганізацыі Алег Граблеўскі змешчаны пад варту ў СІЗА;
- 16 лютага ў г. Мінску і іншых гарадах краіны прайшлі ператрусы ў офісах праваабарончых арганізацый і ў кватэрах праваабаронцаў, журналістаў і грамадскіх актывістаў. Ператрусы прайшлі ў офісах ПЦ "Вясна", БАЖ, незалежнага прафсаюза РЭП у рамках узбуджанай крымінальнай справы па арт. 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
- асаблівую занепакоенасць выклікаюць змены ў дзеючае заканадаўства, накіраваныя на ўзмацненне адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за ўдзел у пратэстных сходах і публічную крытыку дзейнага палітычнага рэжыму;
- на працягу месяца сітуацыя з правамі чалавека ў краіне працягвала пагаршацца, што сведчыць аб яшчэ большым пагаршэнні крызісу.
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
На працягу лютага, па дадзеных ПЦ "Вясна", было вынесена як мінімум 102 прысуды па крымінальных справах, звязаных з падзеямі падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў. З іх 88 мужчын, 33 жанчыны і 3 непаўналетнія. 49 абвінавачаных былі асуджаныя да пазбаўлення волі, 26 - да абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ, 21 - да абмежавання волі без накіравання, 3 - да арыштаў тэрмінам да трох месяцаў і 3 - да штрафаў.
Найбольшая колькасць грамадзян было асуджана па арт. 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) - 39 чалавек і па арт. 369 КК (абраза службовай асобы) - 17 чалавек, па арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза гвалтам у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) - 15 чалавек, па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі) - 12 чалавек і па арт. 339 (хуліганства) - 11 чалавек.
Паводле агучаных старшынёй СК І. Наскевічам дадзеных, з лета 2020 г. у краіне было ўзбуджана больш за 2 300 крымінальных спраў “экстрэмісцкай накіраванасці”.
Колькасць палітвязняў, прызнаных такімі беларускай праваабарончай супольнасцю, на канец месяца склала 258 чалавек і працягвае пастаянна расці па меры атрымання інфармацыі пра крымінальныя справы і іх аналізу.
На працягу месяца прайшоў шэраг рэзанансных крымінальных працэсаў па палітычна матываваных справах, што выклікала абурэнне дзеяннямі ўладаў і асуджэнне палітыкі рэпрэсій як у Беларусі, так і за яе межамі.
17 лютага суд Фрунзенскага р-на г. Мінска прысудзіў да двух гадоў пазбаўлення волі журналістак тэлеканала “Белсат” Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову, прызнаўшы іх вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Нагадаем, што журналістак абвінавачвалі ў тым, што яны заклікалі да пратэстаў і кіравалі дзеяннямі пратэстуючых у той час, калі яны вялі рэпартаж у прамым эфіры з месца падзей - мітынгу памяці на месцы затрымання невядомымі ў цывільным Рамана Бандарэнкі, які ў выніку гэтага загінуў.
Пераслед праваабаронцаў
Асаблівую занепакоенасць выклікаюць рост выпадкаў крымінальнага пераследу праваабаронцаў.
На працягу месяца ўлады пачалі праводзіць планамерны пераслед і ажыццяўляць ціск на праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі ў сувязі з ажыццяўленнем iмi законнай і легітымнай дзейнасці па абароне правоў і свабодаў іншых асобаў.
Так, пад пераслед уладаў патрапілі старшыня праваабарончай арганізацыі «Офіс па абароне правоў людзей з інваліднасцю» Сяргей Драздоўскі і юрыст гэтай арганізацыі Алег Граблеўскі. Пасля распачатай 2 лютага праверкі ДФР КДК дадзенай арганізацыі ў дачыненні да С. Драздоўскага і А. Граблеўскага была распачатая крымінальная справа па арт 209 КК (махлярства) і абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту для С. Драздоўскага (ён перасоўваецца на інвалідным вазку) і ўтрымання пад вартай у дачыненні да А. Граблеўскага.
Праваабарончая супольнасць краіны асудзіла дадзеныя дзеянні ўладаў Беларусі і запатрабавала неадкладнага вызвалення С. Драздоўскага і А. Граблеўскага, прызнаўшы іх палітычнымі вязнямі.
12 лютага стала вядома, што каардынатарцы валанцёрскай службы ПЦ "Вясна" Марфе Рабковай Следчым камітэтам было прад'яўлена новае, больш жорсткае абвінавачанне па ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі) і ч. 3 арт. 130 КК (распальванне варожасці ў дачыненні да іншай сацыяльнай групы, здзейсненае групай асоб). Нагадаем, што Марфа Рабкова ўжо пяць месяцаў знаходзіцца пад вартай у СІЗА па абвінавачванні па ч. 3 арт. 293 КК (фінансаванне і іншая падрыхтоўка масавых беспарадкаў).
Згодна з новымі абвінавачаннямі, па адным з артыкулаў Марфе Рабковай пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Новыя абвінавачванні Марфе Рабковай былі прад'яўленыя неўзабаве пасля дэманстрацыі па нацыянальным тэлебачанні фільма пад назвай "Тратыл пратэсту", у якім агучана ідэя аб дачыненні ПЦ "Вясна" ў цэлым і каардынатаркі валанцёрскай службы Марфы Рабковай да нейкай тэрарыстычнай дзейнасці.
16 лютага па ўсёй краіне прайшлі ператрусы ў офісах рэгіянальных аддзяленняў ПЦ "Вясна", у кватэрах праваабаронцаў і грамадзянскіх актывістаў. Усяго праваахоўнымі органамі было праведзена 90 ператрусаў.
Ператрусы былі праведзены таксама ў офісах ПЦ "Вясна" ў Мінску, а таксама ў кватэрах сяброў арганізацыі – старшыні ПЦ "Вясна" Алеся Бяляцкага, юрыста Паўла Сапелкі, каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання з Беларусі” Андрэя Палуды, сябра Рады ПЦ “Вясна” Змітра Салаўёва, а таксама ў праваабаронцы ПЦ “Вясна” Наталлі Сацункевіч.
Ператрусы прайшлі ў офісе БАЖ і кватэрах старшыні арганізацыі Андрэя Бастунца і яго намеснікаў Алега Агеева і Барыса Гарэцкага.
Таксама ператрусы прайшлі на офісе незалежнага прафсаюза РЭП і ў кватэрах яго прадстаўнікоў: Васіля Завадскага, Ігара Комліка, Андрэя Комліка-Ямаціна і Генадзя Фядыніча.
Ператрус праводзіўся ў межах узбуджанай крымінальнай справы па арт. 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), як вынікае з паведамлення СК, з мэтай ўстанаўлення абставінаў фінансавання пратэстнай дзейнасці.
Затрыманы ў сваім доме падчас правядзення вобшуку сябра Рады ПЦ "Вясна" Зміцер Салаўёў быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту на 12 сутак па арт. 23.34 КаАП за правядзенне адзіночнага пікету шляхам публічнай дэманстрацыі герба «Пагоня», размешчанага на сцяне яго дома. Дадзены герб, унесены ў дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, быў умантаваны ў сцяну дома пры яго будаўніцтве восем гадоў таму.
Свабода мірных сходаў
У лютым працягваўся пераслед грамадзян за ўдзел у мірных сходах і пікетах. У розных гарадах краіны людзей затрымлівалі ў сваіх кватэрах і дамах, на вуліцы; у месцах іх пражывання праводзіліся агляды і ператрусы.
Спыняюцца нават тыя мерапрыемствы, якія не маюць выразнага палітычнага кантэксту. Позна ўвечары 13 лютага на базе адпачынку “Огонёк” у пасёлку Сокал Смалявіцкага раёна супрацоўнікамі АМАПу былі затрыманыя ўдзельнікі і гледачы канцэрта беларускіх гуртоў РСП (“Разбітае сэрца пацана”), Panska Moc і Ok-Band. У дачыненні да затрыманых складзеныя пратаколы. Затрыманне праводзіў АМАП. Усяго на канцэрце было затрымана 68 чалавек.
14 лютага ў в. Лешна Маладзечненскага р-на міліцыя затрымала 19 лыжнікаў, якія, на іх думку, праводзілі несанкцыянаваны мітынг з выкарыстаннем незарэгістраванай сімволікі. Усе затрыманыя пасля былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП.
27 лютага на прыватнай тэрыторыі пад Маладзечнам былі затрыманыя 25 жыхароў г. Мінска, якія прыехалі для сумеснага адпачынку. Па паведамленні МУС, дадзеныя грамадзяне “мелі намер спаліць пудзіла колераў афіцыйнага дзяржаўнага сцяга”, за што “іх дзеянням будзе дадзена прававая ацэнка”.
З 1 сакавіка 2021 года ўступае ў дзеянне новы КаАП, нормамі якога прадугледжана ўзмацненне адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў - павелічэнне штрафаў (максімальны штраф да 200 б.в.) і працягласці адміністрацыйнага арышту пры паўторным на працягу года парушэнні дадзенага артыкула (да 30 сутак арышту). Таксама паведамляецца аб магчымым увядзенні крымінальнай адказнасці за сістэматычнае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.
За люты ПЦ "Вясна" вядома аб 511 затрыманнях грамадзян у сувязі з ажыццяўленнем сваіх правоў і свабодаў. Сярод іх 176 - жанчыны, 21 - пенсіянеры, 15 - журналісты, 4 чалавекі з інваліднасцю. Было вынесена 312 судовых пастаноў: у 222 выпадках накладзены адміністрацыйны арышт (у 125 выпадках - 15 сутак), у 73 - штраф. Вынесеныя 9 папярэджанняў, 1 справа спынена, некалькі спраў адпраўлены на дапрацоўку.
Свабода выказвання меркаванняў
На працягу снежня грамадзяне падвяргаліся крымінальнаму пераследу за свабоднае выказванне меркаванняў.
1 лютага ў судзе Смаргонскага раёна вынесены прысуд мясцоваму жыхару Дзмітрыю Грыневічу, якога звінаваці ў здзеку з дзяржаўнага сцягу (арт. 370 КК). Справу разглядала суддзя Людміла Пятрова, дзяржабвінаваўца - пракурор Андрэй Клышэвіч. Грыневіч абвінавачваўся ў тым, што ён уначы 28 кастрычніка на даху гімназіі №4 у Смаргоні зняў вывешаны там дзяржаўны сцяг, акуратна склаў, паклаў у кішэню, а замест яго павесіў “бел-чырвона-белае палатно”. Прысуд - адзін год абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу. Адметна тое, што на абвінавачанага ўжо было накладзена адміністрацыйнае спагнанне за гэты эпізод.
Беспакаранасць супрацоўнікаў АУС за здзейсненыя імі акты жорсткага бесчалавечнага абыходжання і катаванняў спарадзіла хвалю негатыўных водгукаў аб дзейнасці міліцыі і яе супрацоўнікаў у сацыяльных сетках і телеграм-каналах.
1 лютага ў судзе Дзяржынскага раёна разгледжана крымінальная справа па арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), узбуджаная супраць жыхара Фаніпаля Максіма Самбраса. Паводле абвінавачання, 26 верасня 2020 года Самбрас размясціў у адным з телеграм-чатаў Фаніпаля нецэнзурнае выказванне пра начальніка Дзяржынскага РАУС, палкоўніка міліцыі Яўгена Жылінскага, якое “насіла асобасны, абразлівы характар”.
Суддзя Раман Крыловіч пакараў абвінавачанага абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год і 3 месяцы і пастанавіў задаволіць пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 3 000 рублёў.
1 лютага Мінскі раённы суд вынес прысуд па крымінальнай справе Аляксандра Дзяшчені. Яго таксама абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады. 20 верасня Дзяшченя размясціў у групе газеты “Радзіма” ў “Вконтакте” паведамленне “зневажальнага характару, з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі”.
Пацярпелы - супрацоўнік міліцыі Павел Курс. Суддзя Алена Новікава вынесла прысуд: два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу і 2 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды пацярпеламу.
2 лютага ў Ленінскім судзе Магілёва за абразу супрацоўніка ДАІ асудзілі 31-гадовага мясцовага жыхара Ігара Міцянкова. У верасні Міцянкоў пракаментаваў у групе “Вконтакте” публікацыю пра штрафы для кіроўцаў, якія падавалі гукавыя сігналы ў знак салідарнасці з мітынгамі пратэсту.
Суддзя Таццяна Касцюк прызнала Міцянкова вінаватым па арт. 369 КК, пакаранне - два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Маральныя пакуты пацярпелага суддзя ацаніла ў 1 000 рублёў.
Суддзя гэтага ж суда Наталля Панасенка прысудзіла да двух гадоў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу блогера з Баранавічаў Дзмітрыя Цімафеева. Яго прызналі вінаватым у абразе начальніка аддзела ДАІ Бабруйскага гарвыканкама Віталя Паддубскага.
5 лютага ў судзе Фрунзенскага раёна вынеслі прысуд тэхніку-праграмісту Аляксею Мачалаву па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса за абразу ў телеграм-чаце начальніка трэцяга ўпраўлення ГУБАЗіК МУС Міхаіла Бедункевіча. Суддзя Ала Бушава пакарала Мачалава 1,5 гадамі абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
2 лютага ў судзе Дзяржынскага раёна была разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да Андрэя Кавальчука. Яго абвінавацілі па арт. 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьваньне будынкаў і псаванне маёмасці) і па арт. 368 (абраза прэзідэнта). Згодна з прад'яўленым абвінавачванні, Кавальчук 24 верасня 2020 года ў грамадскім месцы ў Дзяржынску з дапамогай балончыка эмалі-аэразоля наўмысна нанёс на секцыю бетоннай агароджы ПУП «Амкадор-ДОМЗ» “цынічныя надпісы і графічны малюнак”, чым нанёс шкоду прадпрыемству на суму 108,43 рублі. Прысуд - абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на паўтара года.
17 лютага старшыня Гродзенскага раённага суда Ганна Чылека абвесціла прысуд жыхарам Скідаля Крысціне Палтавец і Андрэю Апанасовічу: пачынаючы з канца жніўня і да 21 снежня 2020 года мастачка Крысціна Палтавец ў розных месцах Скідаля, а таксама на прыпынках і мастах Гродзенскага раёна, у вёсках і мястэчках Саволеўка, Бірулічы, Сухаўляны, Абухава, Азёры выконвала мастацкія малюнкі - пераважна ездзіла на ровары ў розныя пункты і рабіла разнастайныя выявы буслоў, котак, дзяўчат з бел-чырвона-белымі валасамі, герба “Пагоні”, бел-чырвона-белай ялінкі; былі таксама надпісы "Жыве Беларусь!", "Далучайся!", "Я выходжу", малюнак Рамана Бандарэнкі. Некалькі разоў яе падвёз на аўтамабілі другі абвінавачаны. Прысуд - штраф: 150 базавых - Палтавец, 100 - Апанасовіч.
1 лютага суд Аршанскага раёна і Оршы абвясціў прысуд па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта РБ) у дачыненні да мясцовага жыхара Уладзіміра Шынкевіча. Па версіі следства, Шынкевіч апублікаваў у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” абразлівы пост у дачыненні да Лукашэнкі. Што канкрэтна змяшчала публікацыя, невядома, бо справа разглядалася на закрытым судовым пасяджэнні.
Аршанец прызнаны вінаватым і пакараны пазбаўленнем волі на 1 год і тры месяцы ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Пераслед адвакатаў
Кваліфікацыйная камісія пры Мінюсце спыніла дзеянне ліцэнзій адвакатаў Максіма Конана, Канстанціна Міхеля, Людмілы Казак і Міхаіла Кірылюка. Падставай для пераследу адвакатаў стала іх актыўная грамадская і прафесійная пазіцыя. Фармальнай падставай для разгляду названага пытання ў дачыненні да адвакатаў Міхеля, Казак і Конана паслужылі “факты здзяйснення імі адміністрацыйных правапарушэнняў”: Міхель і Конан бралі ўдзел у масавых мерапрыемствах і былі прыцягнутыя да адказнасці па артыкуле 23.34 КаАП. Людміла Казак была прыцягнута да адказнасці за “непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі пры выкананні ім службовых абавязкаў” - адвакатка была выкрадзена на вуліцы нібыта для ўдзелу ў адміністрацыйным працэсе.
Адвакат Міхаіл Кірылюк “дапусціў у глабальнай камп'ютэрнай сетцы Інтэрнэт публічныя заявы, якія змяшчаюць грубыя, бестактоўна выразы ў дачыненні да прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, што з'яўляецца недапушчальным”. Насамрэч, ён выказаў сваё меркаванне адносна бягучых палітычных і грамадскіх працэсаў.
Пазней стала вядома пра падрыхтоўку выключэння з калегіі адваката Уладзіміра Сазанчука - абаронцы апазіцыйных палітыкаў і актывістаў - у сувязі з адмовай адваката даць падпіску пра неразгалошванне матэрыялаў папярэдняга следства.
Катаванні. Жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне
Органы папярэдняга расследавання Беларусі атрымалі 4 644 скаргі аб прымяненні фізічнай сілы і спецсродкаў прадстаўнікамі МУС, якія разганялі несанкцыянаваныя пратэсты.
Дадзеныя агучыла Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет, выступаючы на 46-й сесіі Савета ААН па правах чалавека з дакладам па Беларусі: пра колькасць скаргаў у ААН стала вядома з інфармацыйнай запіскі, якую там атрымалі ад беларускіх уладаў.
Варта адзначыць, што ні па адной заяве не было праведзена паўнавартаснага расследавання.
На працягу месяца таксама стала вядома аб адмове СК ва ўзбуджэнні крымінальных спраў па фактах забойства супрацоўнікамі МУС ў выніку прымянення імі зброі ў дачыненні да Аляксандра Тарайкоўскага і смерці ў сувязі з несвоечасовым аказаннем медыцынскай дапамогі і катаваннямі ў дачыненні да адміністрацыйна арыштаванага за ўдзел у пратэстах Алексадра Віхора. Распачата крымінальная справа ў сувязі з гібеллю Рамана Бандарэнкі; улады адначасова з пачаткам расследавання заявілі аб тым, што супрацоўнікі АУС да смерці Бандарэнкі не маюць дачынення.
У ходзе разгляду крымінальных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў многія абвінавачаныя заяўляюць пра ўжыванне да іх катаванняў супрацоўнікамі МУС. Пра гэта заявілі Мікіта Харловіч, Іван Красоўскі, Аляксей Лапа, Андрэй Пазняк, Вадзім Гурман. Маніторынг крымінальных спраў, дзе фігуранты заяўляюць аб катаваннях, паказвае, што суды пакідаюць такія факты без рэакцыі.