viasna on patreon

Затрыманні і новыя крыміналкі. Пераслед у Беларусі 3 і 4 сакавіка Дапоўнена

2021 2021-03-04T16:59:00+0300 2021-10-01T15:59:40+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pristavko2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы "Вясны" і валанцёры 3 і 4 сакавіка працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Пераслед 4 сакавіка

Паводле інфармацыі гомельскай "Вясны", у 48-гадовага гамельчука Валерыя Крухмалава прайшоў агляд. Валера Крахмалава раніцаю па дарозе на працу сустрэлі супрацоўнікі АУС Савецкага раёну, а потым зрабілі агляд у яго кватэры. У выніку забралі ноўтбук, вінчэсцер ад кампутара, яго і жончын тэлефон. Пасля агляду Валера і жонку адвезлі ў АУС. Супругаў апыталі наконт фотаздымка з бчб-сцягамі, які з’явіўся ў сеціве 10 студзеня. Супругі Крахмалавы адмаўлялі сваю датычнасць да фотаздымка. Агулам пару пратрымалі да 18.00 і адпусцілі. Пры гэтым вярнулі ім усю канфіскаваную падчас агляду тэхніку.

Па вяртанні дадому супругі даведаліся, што ў іх сваячкі, цёткі Валера Крахмалава таксама адбыўся агляд, а потым і ператрус, пры чым праводзілі яго вельмі старанна. Са словаў пенсіянеркі, міліцыянты зазірнулі нават ў пакункі чая і кавы і наогул “перавярнулі ўсё ў хаце”. 


У Мінску затрыманы жыхар ЖК «Пирс»праграміст Ілля Квачэнка, машыну якога ўчора ноччу канфіскавалі за адмову здымаць БЧБ-сцяг з акна. Яго сёння а 8 гадзіны выклікалі па позве ў РУУС у Ждановічах. Адтуль ён не выйшаў — яго затрымалі да суда. Верагодна, на яго склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне па арт. 24.23 КаАП. Суд над ім чакаецца заўтра.


Крымінальную справу палітзняволенага Сяргея Ціханоўскага да канца сакавіка перададуць пракурору для накіравання ў суд.Пра гэта заявіў кіраўнік Следчага камітэту Іван Наскевіч падчас наведвання «Гомсельмашу», паведамляе sb.by.


Старшыню БАЖ Андрэя Бастунца запрасілі ў СК на 10 сакавіка, піша "БАЖ". На мінулым тыдні Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнулася ў СК са зваротам, у якім прасіла разблакаваць доступ у офіс арганізацыі, а таксама вярнуць пячатку і статутныя дакументы, якія знаходзіліся ў сейфе.

Сёння старшыні БАЖ Андрэю Бастунцу пазванілі са Следчага камітэта і прапанавал з’явіцца туды раніцай 10 сакавіка, каб прыняць удзел у аглядзе змесціва забранага падчас ператрусу сейфа.


Сёння каля 12 гадзін забралі з працы 42-гадовую Ірыну Леанідаўну Новік. Сказалі, што на размову, але на сувязь яна так больш і не выйшла. Увечары яе сваякі паведамілі, што Ірына ўжо дома.


Палітычную блогерку Вольгу Такарчук адпусцілі з ІЧУ пад падпіску. Нагадаем, яе затрымалі 2 сакавіка ў межах арт. 391 Крымінальнага кодэкса.


У Скідзелі сёння супрацоўнікі гродзенскага АМАПу ў межах крымінальнай справы затрымалі некалькі мясцовых жыхароў. Дваіх чалавек адпусцілі, а Іаскевіча Уладзіміра Уладзіміравіча і Валерыя Кашава змясцілі ў СІЗА.


У Брэсце ў межах крымінальнай справы затрымалі брэсцкага актывіста, вядомага сваёй бчб-прычоскай, Андрэя Прыстаўку. Меркавана, гаворка ідзе пра крымінальную справу, узбуджаную па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за нядзельны марш у Курапаты "Дзяды" 1 лістапада, калі Следчы камітэт прызнаў падазраванымі па справе 231 чалавек. Пазней знаёмыя Андрэя ўдакладнілі, што яго затрымалі за ўдзел у маршы, які адбыўся праз тыдзень — 8 лістапада. Актывіст за ўдзел у гэтай акцыі адбыў 15-сутачны арышт.

Нагадаем, са жніўня актывіста затрымлівалі за ўдзел у акцыях мінімум сем разоў, а 31 снежня пасля вобшуку ў доме яго бацькоў Андрэя зноў затрымалі і паведамілі, што супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Але пасля адміністрацыйнага арышту яго адпусцілі на волю. Сёння, 4 сакавіка, яго зноў затрымалі. Паведамляецца, што Андрэя збіраюцца перавозіць у Мінск. 

Андрэй Прыстаўка. Фота:
Андрэй Прыстаўка. Фота: "Бінокль"

Таксама ў межах крымінальнай справы ў Брэсце затрымалі 28-гадовага Валерыя Мельнічука. Гаворка ідзе пра артыкул 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). Раней ён быў у статусе падазраванага, а 2 сакавіка яго выклікалі ў мясцовы РАУС, адкуль ён не выйшаў.


У Мінску ў Шабанах каля 17 гадзіны затрымалі Святлану Гальцаву. Два супрацоўніка міліцыі яе запрасілі прайсці з імі на гутарку, пасля чаго жанчыну адправілі на Акрэсціна.


Увечары 4 сакавіка ў Наваполацку ў межах крымінальнай справы міліцыя масава затрымлівае мясцовых актывістаў. Ужо вядома пра восемь затрыманых, сярод іх — Алена Гурчонак, Юлія Шэлепень. Па папярэдняй інфармацыі, іх затрымалі на 72 гадзіны. Стала вядома, што затрыманым інкрымінуюць артыкул 391 Крымінальнага кодэкса — абраза суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя. Супрацоўнікі правялі ператрусы ў Артура Сінегі і Алены Радзьковай.


У Гомелі затрыманы Стас Мачалаў і сябра БСГП Святлана Якубовіч. Вядома толькі тое, што яны абодва жывуць у Савецкім раёне.


Пад Мінскам у Мар'яліва каля 22:00 затрыманы Андрэй Баншчык. "Выгульваў сабаку, пад'ехала міліцэйская машына, скруцілі і павезлі", —  распавядае жонка. На яго склалі два пратаколы па арт. 19.1 (хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне) і змясцілі да суда ў ІЧУ Мінскага раёна на Скарына.


У Мінску ў межах крымінальнай справы затрыманы 33-гадовы Максім Кавалёў. Супрацоўнікі КДБ прыйшлі да яго дадому з ператрусам, пасля якога  затрымалі Максіма. Вядома, што яму інкрымінуюць "пратэсны" артыкул (293 ці 342 КК). Цяпер Кавалёў знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна.


Таксама ў Мінску затрымалі 34-гадовую Кацярыну Новік. З Завадскага РУУС яе змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна да суда.

Інфармацыя дапаўняецца.

Пераслед 3 сакавіка

Мінск

Стала вядома, што затрыманую ўчора падчас масавых затрыманняў палітычную блогерку Вольгу Такарчук дагэтуль утрымліваюць у ізалятары на Акрэсціна. Па папярэдняй інфармацыі, яе абвінавачваюць у абразе суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем імі правасуддзя па арт. 391 Крымінальнага кодэкса.

Вольга Такарчук. Скрын з відэа
Вольга Такарчук. Скрын з відэа

Па інфармацыі TUT.BY яшчэ на некалькіх затрыманых учора ўзбудзілі крымінальныя справы. Па папярэдняй інфармацыі, Руслану Літвіну інкрымінуюць арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). Са словаў яго жонкі, Руслана забралі раніцай 2 сакавіка "за абразу супрацоўніка міліцыі" — нібыта ён пакінуў пад нейкім допісам у сацсетцы непрыстойны каментар. 

Яшчэ адной затрыманай мінчанцы Кацярыне Карніевіч, па словах яе мужа, інкрымінуюць арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Што паслужыла прычынай — пакуль невядома.


Сёння ноччу ў жыхара ЖК «Пирс» Іллі Квачэнкі канфіскавалі аўтамабіль, нібыта за тое, што ён прынцыпова адмовіўся здымаць БЧБ-сцяг з акна, піша "Белсат". Працаўнікі ДАІ адмовілі што-небудзь каментаваць і забаранялі здымаць іх на відэа: «Не здымайце мяне. Я расцаню гэта як умяшанне ў маю службовую дзейнасць, і вы будзеце прыцягнутыя да адказнасці».

Каля 9 раніцы да яго зноў прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Спачатку яны грукалі ў дзверы, а потым у кватэры адключылі святло. Потым у квартал прыехала вышка, і Ілля вырашыў сам зняць сцяг, каб яго не сарвалі. Квачэнку ўручылі позву — 4 сакавіка трэба з'явіцца ў РУУС у Ждановічах, піша onliner.by.


Сёння ў Следчым Камітэце дапытвалі старшыню Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяну Нядбай. Пасля допыту яна выйшла на волю, там у яе ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Меркавана, допыт тычыўся "справы Прэс-клуба".


На камісію Мінюста былі выкліканыя 7 адвакатаў, з іх 3 не прайшлі атэстацыю. На спецыяльную камісію, як паведамляе БелаПАН, выклікаюць адвакатаў, якія вядуць палітычныя справы і не хаваюць сваёй грамадзянскай пазіцыі.


Увечары ў Мінску за адмыванне мурала затрымалі 25-гадовую Таццяну Белякову. Да суда з Фрунзенскага РУУС яе змясцілі ў ізалятар.


Па інфармацыі "БАЖ", фотакарэспандэнта газеты «Новы час» Дзмітрыя Дзмітрыева выклікаюць 4 сакавіка 9:30 на допыт у Следчы камітэт у якасці падазраванага па арт. 342 КК. За восень 2020 года журналіста некалькі разоў затрымлівалі пры асвятленні акцый, пасля падзеяў 1 лістапада ён адбываў адміністрацыйны арышт і адначасова стаў падазраваным па крымінальнай справе. Як і іншыя калегі, затрыманыя ў той дзень.

Магілёў

Як паведамляе телеграм-канал магілёўскай "Вясны", юрыста магілёўскага аддзялення праваабарончага цэнтра "Вясна" Барыса Бухеля выклікалі ў міжраённы аддзел Следчага камітэта на 5 сакавіка. Як мяркуе Бухель, яго, хутчэй за ўсё, будуць дапытваць у межах крымінальнай справы па арт. 342 КК РБ. Па гэтай справе 16 лютага 2021 года па ўсёй Беларусі прайшлі ператрусы ў праваабаронцаў і журналістаў. У тым ліку ператрусу была падвергнутая кватэра Барыса Бухеля.

Салігорск

Як паведамляе салігорск.org, салігорскі актывіст Уладзімір Шыла знаходзіцца ў Следчым камітэце болей за 4 гадзіны. Да яго на "гутарку" прыехаў следчы з Мінска. Як піша "Наша Ніва", сямёра міліцыянтаў указалі, што Уладзімір Шыла актыўна ўдзельнічаў у пратэстах у Салігорску 9 жніўня. Пяцёра нават удакладнялі, што ён заклікаў біць шыбы, а таксама штурмаваць будынкі. Спадар Уладзімір кажа, што іх першапачатковыя сведчанні зусім іншымі. Яшчэ двое міліцыянты адмовіліся казаць, што Шыла заклікаў біць шыбы, у пратаколе засталося «прымаў актыўны ўдзел».

Увечары 3 сакавіка Уладзімір Шыла пакінуў краіну, бо з яго не была ўзятая падпіска аб нявыездзе.

Брэст і Бяроза

Учора ў Брэсце, акрамя Аляксандра Казлянкі, затрымалі таксама актывістаў анархісцкага руху Андрэя МарачаДанілу Чуля, П. Шпетнага. Усіх перавезлі з Брэста ў мінскі ізалятар на Акрэсціна. Таксама ў Бярозе быў затрыманы Мікіта Дранец. Па папярэдняй інфармацыі, чацвярых чалавек затрымалі ў межах крымінальнай справы ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй).

Іўе

Як піша "Белсат", у мястэчку Iўе (Гарадзенская вобласць) распачалі чатыры «палітычныя» крымiнальныя справы.Тры – з нявызначанымi ўдзельнiкамi. Чацвертая – паводле артыкулу 369 КК РБ («Абраза прадстаўніка ўладаў») супраць Рэгіны Лавор, мясцовай актывiсткi. Да суда яна застаецца на волі пад закладам 120 базавых.

У Следчы камітэт выклікаюць усіх, хто меў дачыненне да пратэстаў у справе размалявання «Табакерак» у горадзе.

Навагрудак

Па інфармацыі "Радыё Свабода", 3 сакавіка ў Наваградку затрымалі пісьменьніка Міхася Зізюка. Яго пакінулі ў ізалятары да суду. Прычыны затрыманьня пакуль невядомыя. 

Інфармацыя дапаўняецца.

Затрыманні блогераў і адмінаў раённых чатаў, ды іншы пераслед за другога сакавіка

Праваабаронцы "Вясны" і валанцёры 2 сакавіка працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства