viasna on patreon

Еўрапейскія парламентарыі сталі "хроснымі" для яшчэ дзевяці палітвязняў

2021 2021-03-04T18:48:25+0300 2021-03-04T22:20:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/cdric_wermuth.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся яшчэ дзевяць дэпутатаў парламентаў краінаў ЕС, Вялікабрытаніі і Швейцарыі.

“Хросных” атрымалі палітвязні Рыгор Гунько, Ілля Трахтэнберг, Ксенія Луцкіна, Аляксандр Бабіч, Віктар Барушка, Таццяна Ласіца, Ала Шарко, Анастасія Міронцава і Вікторыя Міронцава.

angela_smith.jpeg

Баранэса Анджэла Сміт з Брытанскай Палаты лордаў стала “хроснай” Рыгора Гунько.

“Я разам з Рыгорам Гунько. Ён у турме амаль 6 месяцаў - без суда, проста за ўдзел у мірных акцыях пратэсту пасля выбараў. Права на мірныя пратэсты - гэта асноўная годнасць і права чалавека, якія неабходныя любой і кожнай краіне, якая прэтэндуе на дэмакратыю. Я і многія іншыя занепакоеныя бяспекай Рыгора Гунько, і яго трэба неадкладна вызваліць”, — сказала яна.

katharina-prelicz-huber.jpeg

Катарына Прэліч-Хубер, дэпутатка Швейцарскай Нацыянальнай рады, стала “хроснай” Іллі Трахтэнберга.

“Я падтрымліваю народ Беларусі, які мірна змагаецца за дэмакратыю, правы чалавека і свабоду слова. Я салідарная з імі. Я заклікаю да неадкладнага спынення гвалту, вызвалення ўсіх палітвязняў, свабоды слова і правядзення новых сумленных выбараў. Сваімі думкамі я з Іллём Трахтэнбергам, затрыманым студэнтам, які, як і многія іншыя, стаў нявіннай ахвярай рэпрэсій і гвалту за мірныя пратэсты. Гэта недапушчальна! Я патрабую яго неадкладнага вызвалення і тым самым бяру на сябе абавязак яго “хроснай”, — сказала яна.

benjamin_roduit.jpg

Дэпутат Нацыянальнай рады Швейцарыі Бенджамін Радзюі падтрымаў Ксенію Луцкіну.

“Свабода слова, асабліва прэсы, з'яўляецца адным з асноўных правоў любой дэмакратыі. Мы не можам цярпець, што дзяржава, якая прэтэндуе на дэмакратычнасць, не паважае гэтага права. Па гэтай прычыне журналістка Ксенія Луцкіна мусіць быць вызвалена без прамаруджання”, — адзначыў ён з гэтай нагоды.

ottmar_vonholtz.jpg

Дэпутат Бундэстага Отмар фон Хольц будзе “хросным” Аляксандра Бабіча.

“Са жніўня мірныя дэманстранты ў Беларусі змагаюцца за сваё права на дэмакратычную краіна. Рэжым ужывае экстрэмальны гвалт супраць дэманстрантаў і саджае іх у турму. Арышты жорсткія, а ўмовы ўтрымання жудасныя. Адзін з арыштаваных — Аляксандр Бабіч. За супраціў супрацоўнікам міліцыі ён быў асуджаны за дзень да Калядаў на тры з паловай гады калоніі. Прысуд відавочна палітычна матываваны і не меў юрыдычнай законнасці. Я патрабую яго неадкладнага вызвалення! Мяне вельмі ўражвае беларуская грамадзянская супольнасць, такія людзі, як Аляксандр Бабіч. Ён адзін з многіх нястомных змагароў за дэмакратычную Беларусь. Іх не запалохаць. Міжнародная супольнасць павінна аказаць ціск на Лукашэнку і падтрымаць дэмакратычны рух. Рэжым Лукашэнкі павінен вызваліць яго і астатніх палітвязняў, разабрацца са зверствамі і, нарэшце, правесці дэмакратычныя выбары!”, — сказаў ён.

petra-bayr.jpg

Петра Байр, старшыня Камітэта па раўнапраўі і недыскрымінацыі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, стала “хроснай” Віктара Барушкі.

“Мне балюча чуць, што давялося перажыць спадару Барушку. Яму прад'явілі абвінавачанне ў злачынстве, ахвярай якога ён сам стаў. Як старшыня Камітэта па роўнасці і недыскрымінацыі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, я асуджаю любыя формы сэксуальнага і фізічнага гвалту. Тое, што адбылося са спадаром Барушкам, не прымальна ў дзяржаве, заснаванай на вяршэнстве закона і належным кіраванні. Забіраць у людзей права на свабоду выказвання меркаванняў - гэта не прыкмета годнага кіраўніцтва. Фактычна гэта прыкмета рэпрэсіўнага рэжыму, які не ў стане паважаць розныя меркаванні, але затрымлівае грамадзян за палітычныя погляды, якія не адпавядаюць меркаванню ўладаў. Усе палітычныя зняволеныя ў Беларусі павінны быць неадкладна вызвалены, а іх сумніўныя затрыманні павінны прайсці праз міжнароднае, незалежнае і эфектыўнае расследаванне”, — сказала яна.

gisela-manderla.jpg

“Хроснай” валанцёркі ПЦ “Вясна” Таццяны Ласіцы будзе дэпутатка Бундэстага Гізэла Мандэрла.

“Я заклікаю неадкладна вызваліць праваабаронцу Таццяну Ласіцу. Адстойванне правоў чалавека з’яўляецца законным правам. Пераслед людзей, якія абараняюць свае правы, недапушчальны і з'яўляецца парушэннем правоў чалавека. Такім чынам, арышт спадарыні Ласіцы трэба кваліфікаваць як палітычна матываваны”, — заявіла спадарыня Мандэрла з гэтай нагоды.

valrie_piller_carrard.jpg

Дэпутатка Швейцарскай Нацыянальнай рады Валеры Пілер-Карар стала “хроснай” Алы Шарко.

“Цяперашняя сітуацыя ў Беларусі непрымальная. Свабода грамадзян не паважаецца. Як дэпутатка швейцарскага парламента, я падтрымліваю кампанію па неадкладным вызваленні Алы Шарко”, — адзначыла яна.

mattea-meyer.jpeg

Матэя Маер, дэпутатка Нацыянальнай рады і сустаршыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Швейцарыі, узяла шэфства над Анастасіяй Міронцавай.

“На працягу некалькіх месяцаў Анастасія Міронцава, якой толькі 24 гады, знаходзіцца ў СІЗА. Якое яе “злачынства”? Яна ўдзельнічала ў мірных дэманстрацыях супраць рэжыму Лукашэнкі і выступала за дэмакратыю і вяршэнства закона. Як сустаршыня Швейцарскай Cацыял-дэмакратычнай партыі я бяру на сябе абавязак “хроснай” Анастасіі, каб павысіць дасведчанасць аб гэтых недапушчальных парушэннях правоў чалавека. Разам з кампаніяй салідарнасці Libereco #WeStandBYyou мы патрабуем яе неадкладнага вызвалення, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі!”, — заявіла яна.

cdric_wermuth.jpg

Седрык Вэрмют, дэпутат швейцарскага парламента і сустаршыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Швейцарыі, будзе “хросным” Вікторыі Міронцавай.

“За кратамі апынуліся шматлікія палітычныя актывісты, у тым ліку Вікторыя Міронцава і яе сястра Анастасія. Як сустаршыня Сацыял-дэмакратычнай партыі ў Швейцарыі і дэпутат Нацыянальнай рады я бяру на сябе абавязак “хроснага” Вікторыі і патрабую яе неадкладнага вызвалення. За дэмакратыю і правы чалавека, за свабоду і міжнародную салідарнасць! #WeStandBYyou”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе дэпутата.


Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства