Затрыманні і суды па адміністрацыйных справах у нядзелю 7 сакавіка Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясны" 7 сакавіка працягвае збіраць і фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Гомель
Радыё Свабода паведамляе пра затрыманне ў Гомелі выкладчыцы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту Валерыі Дзяцук. Яна — кандыдат хімічных навук, выкладае экалёгію.
Выглядае, што 66-гадовую жанчыну затрымалі за каментар у Тэлеграм, але дакладна сваякам ніхто нічога не тлумачыў.
«Ранкам 7 сакавіка ў кватэру пазванілі. Дзверы адчыніў тата — і ў хату ўварваліся пяць чалавек. Закрычалі: "Усім ляжаць, працуе АМАП!". Маці, тату і мяне збілі з ног, паклалі тварам у падлогу. Нічога не тлумачылі абсалютна, сказалі толькі: "Мы яе забіраем". Маму ўдарылі ў твар — мне падалося, яна адразу страціла прытомнасьць. Яна была яшчэ ў начной бялізне, ёй нават не давалі адзецца — маўляў, толькі пры нас, а то нож схавае пад вопратку. Калі выводзілі, яна плакала», — распавёў Сяргей, сын затрыманай.
Таксама Сяргей гаворыць, як чуў, што ў дачыненні да маці могуць пачаць крымінальную справу паводле артыкулу 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці» і перавесці ў СІЗА.
Раней Валерыю Дзяцук не затрымлівалі.
Мінск
Праваабаронцам "Вясны" вядома, што ў ноч з 6 на 7 сакавіка ў адным з двароў сталіцы быў затрыманы Аляксандр Данілін.
Паведамляецца, што каля ст. м. "Усход" былі затрыманыя Аляксей Касцялей, Канстанцін Францаў, Мікіта Кісель.
Крысціна Міраненка была адной з нямногіх, каго не адпусцілі з РУУС пасля налёту сілавікоў на хаб Imaguru 5 сакавіка, піша тэлеграм-канал Задзіночання беларускіх студэнтаў. Дзяўчыну перавялі ў ЦІП на Акрэсціна. А сёння яе адвакату паведамілі, што на 11 раніцы прызначаны суд.
"Так, у нядзелю, ну не 8 сакавіка ж судзіць, свята ўсё ж такі", - паведамляе ЗБС.
Суд Цэнтральнага раёна пакараў Крысціну Міраненка арыштам у 14 сутак па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыі).
Вядома, што сёння ж судзілі і яшчэ аднага затрыманага у Imaguru - студэнта БДМУ Станіслава Сенюкевіча. Суд Кастрычніцкага раёна асудзіў хлопца на 15 сутак арышту таксама па арт. 24.3 КаАП.
Таксама паведамляецца, што асудзілі Уладзіслава Калькова і Соф'ю Маргунову: ім таксама прызначылі па 15 сутак арышту.
Як паведамляе Белсат, на ўдзельніка страйку на «Беларуськаліі» Глеба Сандраса завялі крымінальную справу па 342 артыкулу, але цяпер Глеб знаходзіцца за мяжой.
Салігорск
Каля 15 гадзін у парку Салігорска быў затрыманы Аляксандр Новік, паведамляе "Стачкам ААТ "Беларуськалій". Ён дарыў кветкі жанчынам і пенсіянеркам.
Інфармацыя будзе дапаўняцца