viasna on patreon

Пачаўся суд над Іванам Дацышыным: студэнт прызнаў віну, але супрацоўнікі ўпэўненыя, што пацярпелі не ад яго

2021 2021-03-09T15:40:11+0300 2021-03-09T17:45:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/img_20210309_102748.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Першае паседжанне па справе Івана Дацышына

Першае паседжанне па справе Івана Дацышына

У судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў адносінах да Івана Дацышына. 21-гадовы хлопец — студэнт чацвёртага курса факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ. Яго абвінавацілі паводле ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядае суддзя Таццяна Пірожнікава, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівае пракурор Валеры Гадуноў. 

Што кажа абвінавачаны?

Іван Дацышын цалкам прызнаў віну. Ён распавёў, што ў ноч з 11 на 12 жніўня сапраўды знаходзіўся на праспекце Дзяржынскага каля парка Паўлава. Яны з сябрамі ўбачылі, што каля скульптуры зубра стаяць людзі і вырашылі падыйсці да іх. Але яны не паспелі гэтага зрабіць: да прыпынку пад'ехаў аўтобус, адкуль пачалі выбягаць супрацоўнікі органаў унутраных спраў, людзі пачалі разбягацца.

Праз некаторы час Іван вярнуўся на гэтае месца: людзі, каторыя назіралі за затрыманнямі, кідалі каменне ў аўтобус і супрацоўнікаў. Хлопец таксама спрабаваў дапамагчы і прадухіліць затрыманні: калі аўтобус з людзьмі пачаў рухацца, ён узяў камень і кінуў у бок транспарту. Ён не бачыў, ці трапіў ён куды-небудзь праз дрэнны зрок. Але Іван падкрэслівае, што ён кінуў толькі адзін камень, бо хацеў, каб міліцыя сыйшла і не затрымлівала людзей.

Іван Дацышын. Фота: асабісты архіў бацькоў
Іван Дацышын. Фота: асабісты архіў бацькоў

Што кажуць пацярпелыя?

У справе два пацярпелыя: Ілля Шалік і Уладзіслаў Дубкоў.

Яны распавялі, што ў той вечар яны ездзілі па гораду і спыняліся ў кропках масавага скопішча людзей. Каля парка Паўлава большасць людзей збегла, астатнія "паказвалі непрыстойныя жэсты". Адзін чалавек з натоўпу быў настроены агрэсіўна, трымаў у руцэ нейкі прадмет. З ім ён са спіны падыйшоў да супрацоўнікаў. Шалік падыйшоў да яго, каб ён не нападаў на яго калег, затым адчуў удар злева па падбароддзю. Убачыўшы гэта, калегі прыйшлі на дапамогу, пачалі затрымліваць людзей. У гэты момант у супрацоўнікаў паляцела каменне, яны сыйшлі ў аўтобус. У выніку інцыдэнта ў Шаліка дыягнаставаны пералом зуба верхняй сківіцы, у Дубкова — пералом пальца: ён таксама не бачыў, хто кідаў каменне, якое, меркавана, і трапіла яму ў нагу.

Хлопец, якога спрабавалі затрымаць, быў высокі і моцны, не падобны да абвінавачанага. Іван Дацышын не быў затрыманы, шкло ў аўтобусе было выбіта пасля таго, як зачыніліся дзверы. Гэта пацвердзілі абодва пацярпелыя. 

Абодва пацярпелыя не маюць прэтэнзій да абвінавачанага, выбачэнні прымаюць.

Пазоў прад'явіў і "Мінсктранс": шкоду ў 340 рублёў і 84 капейкі за разбіты аўтобус ужо выплацілі.

Разгляд справы працягнецца 17 сакавіка ў 10.30.

"Вясна" з дапамогай валанцёраў працягвае назіраць за судовай справай.


Іван Дацышын знаходзіцца пад вартай з 30 кастрычніка. Пасля затрымання напісаў яўку з пакаяннем. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства