viasna on patreon

Затрыманні, ператрусы. Пераслед у Беларусі 11 сакавіка Дапоўнена

2021 2021-03-11T18:42:00+0300 2021-03-12T10:40:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/piatruhin-2019-04-15-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы "Вясны" 11 сакавіка працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Полацк

Сёння у Полацкім дзяржаўным універсітэце выклікаюць на сустрэчу з прадстаўнікамі пракуратуры студэнтаў, якія прынялі ўдзел у запісы відэароліка, дзе яны пагалілся нагала ў знак салідарнасці са студэнтамі-палітвязнямі і ўсімі рэпрэсаванымі. У флэшмобе прынялі ўдзел чатыры студэнты і студэнткі, сярод якіх Аляксандра Бука і Ганна Багданава. Паведмаляецца, што сустрэча пройдзе ва ўніверсітэце. 

Іх папярэдзілі аб адказнасці за парушэнне КаАП.

Мінск

У Мінску сёння затрымалі Іллю Гагіева і Георгія Ляснеўскага. Па якіх прычынах яны былі затрыманыя — высвятляецца. Вядома, што Ляснеўскага пасля Партызанскага РУУС змясцілі на Акрэсціна.

У Мінску затрымалі ў Маскоўскім РУУС затрымалі Міхаіла Сыраватку. Яго затрымлівалі на Маршы 15 лістапада, пасля чаго з траўмамі павезлі ў БХМД.


Палітзняволенаму кансультанту "Радыё Свабода" і адміністратару тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» Ігару Лосіку выставілі новае абвінавачанне, але не ўдакладняецца па якім артыкуле. Пасля гэтага на вачах у следчага і адваката ён спрабаваў парэзаць сабе рукі і абвясціў сухую галадоўку на знак пратэсту. Пра гэта паведамляе "Радыё Свабода".

Блогера затрымалі 25 чэрвеня. Спярша яму прад'явілі абвінавачванне ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (частка 1 артыкула 342 КК), а
праз паўгода — яшчэ і ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (артыкул 13 КК і частка  2 артыкула 293 КК). 15 снежня — пасля таго, як яму прад'явілі другое абвінавачванне— Лосік у знак пратэсту абвясціў галадоўку, якую трымаў 42 дні.


Брэст

Па інфармацыі «Белсату», пасля завядзення крымінальнай справы за гераізацыю вайсковых злачынцаў прайшлі ператрусы ў польскіх арганізацыях Берасця – «Берасцейскі форум польскіх лакальных ініцыятываў» і ТАА «Польская школа».

Нагадаем, 10 сакавіка пракуратура Брэста ўзбудзіла крымінальную справу па факце гераізацыі ваенных злачынцаў. Крымінальная справа ўзбуджаная па факце здзяйснення групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйснення наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму — гэта значыць па ч.3 арт. 130 КК.

Падчас даследчай праверкі ўстаноўлена, што 28 лютага 2021 года ў памяшканні, арандаваным КАВ "Брэсцкі форум польскіх лакальных ініцыятыў" і ТАА "Польская школа", з удзелам непаўналетніх і моладзі прайшло незаконнае масавае мерапрыемства.

11 сакавіка па гэтай справе затрымалі 43-гадовага сузаснавальніка "Польскай школы" ў Брэсце.СК і ГУБАЗіК правялі ператрусы ў офісе арганізацыі і па месцах жыхарства яе работнікаў. Была канфіскавана офісная тэхніка, дакументацыя і іншыя матэрыялы, у тым ліку плакаты і літаратура аб дзейнасці Рамуальда Райса.


Як паведамляе брэсцкая "Вясна", пачалі прад'яўляць абвінавачванні берасцейцам, якіх затрымалі па справе анархісцкай арганізацыі "Рэвалюцыйнага дзеяння". Мікіту Дранцу і Андрэю Марачу 10 сакавіка прад'явілі абвінавачванне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі) і ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Падзеі, праз якія іх абвінавачваюць — гэта дзве акцыі пратэсту ў Брэсце, якія здарыліся некалькі гадоў таму:

  • перакрыцце трасы М1 на пратэсты з-за завода АКБ ў 2018 годзе;
  • перакрыцце праспекта Машэрава г. Брэста на Маршы недармаедаў у 2017 годзе.

Чакаецца, што астатнім падазраваным па гэтай справе абвінавачванні будуць прад'яўленыя днямі. Нагадаем, што пачынаючы з 2 сакавіка былі затрыманыя некалькі дзеючых і былых актывістаў анархісцкага руху ў Брэсце. Усе яны былі дастаўленыя ў Мінск. Цяпер знаходзяцца ў СІЗА-1.

Пружаны

У жыхароў Пружанаў, якія рабілі здымкі з БЧБ-сцягамі і віншаваннямі з 8 сакавіка, праходзяць ператрусы, піша "Белсат"Да адной жанчыны нават прыехалі на працу з Пружанаў у Берасце. Забралі тэлефоны, флэшку, працоўныя сістэмны блок і сканэр. Пры гэтым не склалі пратакол вымання рэчаў.

Магілёў

Сяргей Пятрухін у судзе. Фота: ПЦ
Сяргей Пятрухін у судзе. Фота: ПЦ "Вясна".

Па інфармацыі "БАЖ", палітзняволены блогер Сяргей Пятрухін, які знаходзіцца цяпер у турме N4 Магілёва, быў змешчаны ў карцар пасля таго, як ён парэзаў сабе вены.

Прычына ў жудаснай антысанітарыі ў камеры, куды яго перавялі, і немагчымасць знаходзіцца з прысутным там кантынгентам. Цяпер стан яго здароўя здавальняючы, ён прыходзіў сёння на сустрэчу з адвакатам у турме. Пра гэта паведаміў Уладзімер Шанцаў, кіраўнік абласной структуры партыі АГП у Магілёве. Ён прысутнічае ў судовым працэсе па гэтай справе. Пятрухін знаходзіцца ў карцары з 27 лютага, і прабудзе там да 17 сакавіка.

Нагадаем, 11 лютага пачаўся ў Магілёве суд над брэсцкімі блогерамі Сяргеем Пятрухіным і Аляксандрам Кабанавым. Блогерам выставілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама іх вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады, а Сяргея Пятрухіна яшчэ і ў абразе суддзі.

Як піша брэсцкая "Вясна", Сяргей Пятрухін у карцэры не з 27 лютага, а з 25 лютага. Ён там прабудзе да 17 сакавіка. Таксама стала вядомая прычына, чаму брэсцкаму блогеру двойчы далі па "10 сутак" карцэра:

  1. за тое што расчахліў брытву;
  2. за тое што парэзаў сабе вены.

Гродна

Дзмітрый Фурманаў. Фота: spring96.org
Дзмітрый Фурманаў. Фота: spring96.org

Сёння на судзе палітзняволены па "справе Ціханоўскага" Дзмітрый Фурманаў абвясціў у судзе галадоўку з-за нечалавечага стаўлення ў гродненскай турме, паведамляе "Страна для жизни". 9 сакавіка яго змясцілі ў карцар на пяць дзён. Як паведаміў ягоны бацька, нават сам Дзмітрый не ведае, што стала прычынай дысцыплінарнага спагнання. 


Інфармацыя дапаўняецца.

Сяргею Ціханоўскаму прад'явілі канчатковае абвінавачанне па чатырох артыкулах

Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да блогера Сяргея Ціханоўскага, лідара незарэгістраванага аб'яднання "Народная грамада" Мікалая Статкевіча і іх паплечнікаў, паведамляе СК.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства