viasna on patreon

Па трох артыкулах судзяць чатырох мінчукоў. У справе — сем пацярпелых амапаўцаў

2021 2021-03-16T19:37:46+0300 2022-05-30T10:32:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bo700.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Разгон акцыі пратэсту каля "Пушкінскай". Фота Reuters

Разгон акцыі пратэсту каля "Пушкінскай". Фота Reuters

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 16 сакавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да чатырох жыхароў сталіцы — Яўгена Бароўскага, Івана Зянько, Аляксея Драба і Уладзіміра Кацкеля.

Іх абвінавачваюць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • Артыкул 218. Наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці;
  • Артыкул 342. Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
  • Артыкул 364. Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Справу разглядае суддзя Юля Блізнюк. Дзяржабвінаваўца — пракурор Вікторыя Таратыка.

Падзеі адбываліся 11 кастрычніка 2020 года, пад час "Маршу гонару".

У справе - сем пацярпелых супрацоўнікаў АМАПУ

Пацярпелымі па справе прызнаныя Дзмітрый Дабрыня, камандзір аддзялення 4 роты АМАП ГУУС Мінгарвыканкама. Заявіў пазоў аб спагнанні маральнай і фізічнай шкоды ў памеры 3 000 рублёў;

Аляксандр Чорны, камандзір 4 аператыўнай групы АМАПу, таксама заявіў пазоў у памеры 3 000 рублёў;

Мацвей Бязрукаў, прапаршчык міліцыі АМАП ГУУС Мінгарвыканкама – пазоў на 3 000 рублёў;

Яўген Белы, міліцыянт-кіроўца АМАП ГУУС Мінгарвыканкама, патрабуе спагнаць 3.000 рублёў кампенсацыі маральнай і фізічнай шкоды;

Іван Палікарпаў, прапаршчык АМАП ГУУС Мінгарвыканкама;

Аляксей Маргуноў, старшы сяржант  АМАП ГУУС Мінгарвыканкама;

Нехта Паўлавіч, сяржант АМАП ГУУС Мінгарвыканкама.

Ужытыя меры бяспекі забяспечваюць непазнавальнасць пацярпелых.

svedki-sud-5.jpg
Пацярпелыя супрацоўнікі амапу ў судзе

Таксама грамадзянскія пазовы заявілі ГУУС Мінгарвыканкама ў суме 4 073 рублёў і асобна  Яўгену Бароўскаму “Мінсктранс” выставіў 4 699 рублёў.

Што рабілі абвінавачваныя 11 кастрычніка каля станцыі метро Пушкінская?

Па матэрыялах следства, Аляксей Драб, маючы нязнятую і непагашаную судзімасць, на шлях выпраўлення не стаў, належных высноў для сябе не зрабіў, здзейсніў наўмыснае злачынства. Так 11 кастрычніка 2020 года з 17: 05 да 17: 08 з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў па ахове грамадскага парадку і забеспячэння грамадскай бяспекі ... далучыўся да дзеянняў асоб, якія ўжывалі гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, сумесна з групай асоб, удзельнікамі якой таксама былі Кацкель, Бароўскі, Зянько а таксама іншыя асобы, наўмысна ўжыў гвалт у дачыненні да іх.

Знаходзячыся паблізу аўтамабіля Фольксваген Транспарцёр, прыпаркаванага каля падземнага пераходу станцыі метро Пушкінская насупраць дома 17, пералічаныя асобы актыўна падтрымлівалі групу грамадзян, якія перашкаджалі затрыманню неўстаноўленай асобы, закідвалі супрацоўнікаў АМАПу рознымі прадметамі, бутэлькамі і інш., наносілі ўдары.

Яўген Бароўскі рэзка наблізіўся да супрацоўнікаў у чорным, дэманструючы магчымасць прымянення гвалту, прымаў баявыя стойкі, застрашваючы іх і ствараючы пагрозу іх здароўю.

Знаходзячыся ў групе асоб Іван Зянько схапіў нейкую скрыню і кінуў яе ў бок Дабрыні, але той парыраваў удар. Прычыніўшы супрацоўніку АМАП фізічны боль, схапіў ў рукі металічную дэталь выказваючы пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да Чорнага і іншых, разбіў ёй задняе шкло службовага аўтамабіля.

Затым Аляксей Драб схапіў рукой за рукаў форменнага абмундзіравання Белага, а левай рукой за яго шыю. Калі той вырваўся, Граб нанёс адзін удар правай рукой, сціснутай у кулак.

У сваю чаргу Уладзімір Кацкель нанёс Чорнаму не менш за тры ўдары рукой у вобласць галавы (улічваючы, што ўсе амапаўцы былі ў шлемах). Пасля гэтага схапіў за абмундзіраванне Белага і нанёс яму не менш двух удараў па галаве.

АМАПаўцы пакінулі месца сутычкі, а абвінавачваныя, "дасягнуўшы сваёй мэты, спынілі свае супрацьпраўныя дзеянні".

Гэтыя дзеянні расцэньваюцца як гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Сёння ў судзе дапыталі ўсіх пацярпелых амапаўцаў, праглядзелі запіс відэарэгістратара з салона аўтамабіля.

Яўген Бароўскі, Яўген Кацкель і Іван Зянько віну не прызнаюць ў поўным аб'ёме, Драб Аляксей прызнае часткова.

Працяг судовага пасяджэння прызначаны на 10 гадзін 17 сакавіка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства