viasna on patreon

Архітэктара Вадзіма Дзмітронка пакаралі трыма гадамі “хіміі”

2021 2021-03-17T15:15:11+0300 2021-03-17T16:11:21+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzmitronak_fb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вадзім Дзмітронак. Фота з асабістай старонкі ў Facebook

Вадзім Дзмітронак. Фота з асабістай старонкі ў Facebook

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 17 сакавіка абвясцілі прысуд мінскаму архітэктару Вадзіму Дзмітронку, якога абвінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.

На мінулым працэсе на судзе выступіў сведка – супрацоўнік ГУБАЗіК, імя якога ў мэтах бяспекі было змененая на Івана Іванова, а таксама адбыліся спрэчкі бакоў. Таксама адбылася замена пракурора: замест Арцёма Цвяткова на баку абвінавачвання выступаў Іван Процкі. Ён зняў шэраг артыкулаў і пакінуў толькі арт. 342 Крымінальнага кодэкса, па якім запатрабаваў для Вадзіма Дзмітронка 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую калонію адкрытага тыпу.

15 сакавіка ў судзе сведка Іван Іваноў расказаў, што звярнуў увагу на падсуднага, бо той выкрыкваў розныя лозунгі, абразлівыя выразы ў бок супрацоўнікаў, “заводзіў” натоўп. А калі людзі пайшлі за ім, ён сыйшоў у бок і знік, міліцыянты пачалі ўжываць светла-шумавыя гранаты.

Супрацоўнік ГУБАЗіК запомніў падсуднага па даўгой барадзе, куртцы цёмнага колеру і заплечніку, кажа, што на ім была адзетая маска чорнага колеру і бараду было відаць. Руху транспарту Дзмітронак не перашкаджаў, бо транспарт не хадзіў.

Пасля, у момант затрымання, Дзмітронак нібыта аказваў супраціў супрацоўнікам, што яго затрымлівалі, хапаўся за абмундзіраванне, спрабаваў вырвацца і наносіць удары ў вобласць жывата, аднак такія дзеянні былі спыненыя. Сам сведка трымаў затрыманага за руку, фізічную сілу да яго не прымяняў. Затрыманне праводзіла каля 10 супрацоўнікаў. Потым Іван Іваноў адыйшоў ад затрыманага, сам не прымаў удзел у асабістым вобшуку, але бачыў, што было знойдзена пры ім. Сказаў, што не бачыў, каб Вадзіма Дзмітронка збівалі.

Абаронца ўказала на шэраг супярэчанняў у паказаннях дадзеных сведкам падчас суда і на папярэднім следстве: не супадае апісаны колер курткі, месца і час затрымання, а таксама той факт, што ён мог бачыць чорную бараду Дзмітронка, бо падчас мерапрыемства на “Плошчы Перамен” той насіў гэтак званую “матацыклетную трубу” — шалік, які закрывае ніжнюю палову твару і шыю.

У судзе былі прагледжаныя відэазапісы затрымання, выкладзеныя ў інтэрнэце і якія прадставіла жонка падсуднага. Іх далучылі да матэрыялаў справы. Таксама ў суд паступілі медыцынскія дакументы з указаннем цялесных пашкоджанняў, якія былі нанесеныя Дзмітронку пры затрыманні. Следчы камітэт адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да тых супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія збівалі яго.

Пасля быў дапытаны ў якасці сведкі і сябра падсуднага Міхаіл Цвірко па характарыстыцы асобы падсуднага. Сведка распавёў, што ведае Вадзіма Дзмітронка каля 10 год, пазнаёміліся на працы, разам неаднаразова гулялі ў страйкбол, з’яўляюцца сябрамі рэспубліканскага грамадскага спартыўнага аб’яднання “Страйкбол”. Паказаў таксама, што падчас гульняў часта выкарыстоўваюцца шашкі, петарды і падобныя рэчы, часцей за ўсё яны набываюцца перад імі. Абвінавачаны неаднойчы выкладаў фотаздымкі з гульняў у сваіх сацыяльных сетках. Ахарактаразаваў Вадзіма Дзмітронка, як чалавека адказнага, спакойнага, ведае яго толькі са станоўчага боку.

Абаронца прасіла таксама далучыць да матэрыялаў характарыстыкі на яе падабароннага.

Падчас спрэчак бакоў Іван Процкі адзначыў, што дзеянні падсуднага па арт. 293 і 296 Крымінальнага кодэкса следствам былі кваліфікаваныя няправільна. Ён зняў абвінавачванне па гэтых артыкулах у сувязі з адсутнасцю дастатковых доказаў датычнасці Вадзіма Дзмітронка да здзяйснення ўказаных злачынстваў.

А вось па арт. 342 КК пракурор палічыў віну падсуднага даказанай пасродкам паказанняў сведкаў Котава і Іванова, пісьмовых матэрыялаў справы. Змякчальнымі абставінамі лічыць наяўнасць малалетніх дзяцей ў Вадзіма Дзмітронка, абцяжарваючымі – здзяйснення злачынства па матымах палітычнай і ідэалагічнай варожасці.

Прасіў суд прызнаць падсуднага вінаватым і пакараць яго трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Абаронца на пачатку выступа адзначыла, што 80% падрыхтаванай прамовы можна не рабіць, бо дзяржабвінаваўца зняў адказнасць па арт. 293 і 296 Крымінальнага кодэкса. Выказала згоду з пазіцыяй Процкага ў гэтай частцы. Але не пагадзілася, што дзеянні Вадзіма Дзмітронка можна кваліфікаваць па ч. 1 арт. 342 КК: на думку абаронцы, не было прадстаўлена ні воднага доказу таго, што яе падабаронны зрабіў хоць якое-небудзь дзеянне, указанае ў абвінавачванні, а прысуд не можа быць заснаваны на здагадках.

Настойвала на тым, што ніякага намеру і непасрэднага здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў на “Плошчы Перамен” падсудны не рабіў. Прасіла суд пільна аднесціся да ўсіх доказаў, крытычна паставіцца да паказанняў сведкаў-міліцыянтаў і апраўдаць Вадзіма Дзмітронка.

У апошнім слове Вадзім Дзмітронак сказаў, што не зрабіў нічога супрацьзаконнага, каб адчуваць згрызоты сумлення і віну. Магчыма, яго трэба прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянавым мерапрыемстве па арт. 24.23 КаАП, але і тут яго віна пад пытаннем: 15 лістапада на “Плошчы Перамен” быў не мітынг – “людзі сабраліся стыхійна, каб ушанаваць памяць загінулага Рамана Бандарэнкі”. Асабісты ўдзел у гэтым Вадзім Дзмітронак лічыць “сваім грамадзянскім абавязкам” і не бачыць нічога дрэнна ў тым, што людзі хацелі выказаць сваю пазіцыю і павагу загінуламу. Абвінавачаны папрасіў прабачэння толькі ў родных і сяброў за турботы і падзякаваў усім за падтрымку.  

Сёння суддзя Таццяна Акавітая палічыла віну Вадзіма Дзмітронка даказанай і асудзіла яго на 3 гады “хіміі”, як таго і хацеў дзяржабвінаваўца. Мужчыну адпусцілі з-пад варты ў залі суда пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах на час абскарджвання прысуду. 

Праваабрончы цэнтр “Вясна” з дапамогай валанцёраў адсочваў гэты судовы працэс. 

"Я не мог стаяць на нагах, мая гаворка стала няскладнай, як і мой почырк". Працягваецца суд над Вадзімам Дзмітронкам

2 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска працягнуўся крымінальны працэс над Вадзімам Дзмітронкам, якога вінавацяць па шэрагу артыкулаў Крымільнага кодэкса.

Чатыры артыкулы і сведка ў балаклаве. У Мінску судзяць Вадзіма Дзмітронка

Суд Цэнтральнага раёна 12 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да індывідуальнага прадпрымальніка Вадзіма Дзмітронка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства