Палітвязня Іллю Лабацэвіча пазбавілі спатканняў, пасылак і перадач. Зараз ён у лякарні праз тромб
Палітвязня Іллю Лабацэвіча ў калоніі пазбавілі спатканняў, пасылак і перадач да 16 траўня праз незразумелыя прычыны. Зараз ён у лякарні.
Пра гэта "Вясне" паведаміла маці палітвязня – Наталля Лабацэвіч. Гэта распавёў ёй намеснік ПК №17, калі ўчора, 17 сакавіка, яна прыехала ў Шклоў, каб перадаць сыну перадачку. Ён сказаў, што Іллю пазбавілі гэтага праз "пад'ём" і тое, што "некуды хадзіў" – ніякіх падрабязнасцей маці не паведамілі. Спадарыні Наталлі таксама паведамілі, што яна не атрымлівае лістоў ад сына, таму што ён "не хоча іх пісаць".
Таксама ўжо не з калоніі, а праз іншых людзей маці даведалася, што Ілля зараз знаходзіцца ў лякарні: у яго ўтварыўся тромб у назе.
"Але калі б я не прыехала ў Шклоў, нават не даведалася б, што адбываецца з сынам", – абураецца жанчына.
Повязь кратамі: якія сем’і апынаюцца ў турмах
Ілля Лабацэвіч – жыхар Наваполацка, асуджаны на паўтары гады калоніі па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса.
14 верасня, у адзін з нядзельных маршаў, Ілля гуляў з маці, калі побач з імі амапаўцы пачалі збіваць чалавека. Яны вырашылі заступіцца за хлопца. У выніку іх таксама пачалі збіваць. Ілля стаў бараніць ад удараў маці, за што атрымаў сур'ёзны ўдар па галаве дубінкай.