viasna on patreon

Мінск: пракурор запрасіў два гады пазбаўлення волі для палітвязня Ягора Сугойдзя

2021 2021-03-18T13:21:51+0300 2021-03-18T15:09:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sugojd_avtozak_20210316_zam_phsl_-7547.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ягор Сугойдзь. Фота: TUT.BY

Ягор Сугойдзь. Фота: TUT.BY

17-18 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна працягнулі разглядаць справу палітвязня Ягора Сугойдзя, якога абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядае суддзя Вікторыя Шабуня. Дзяржабвінавачанне падтрымлівае памочнік пракурора Арцём Цвяткоў. 

Ягор Сугойдзь — мужчына, якога дзявятага жніўня ў раёне Стэлы меркавана збіў аўтазак. Пасля інцыдэнту ён трапіў ў больніцу. Пасля гэтага — узяты пад варту. 

Мінск: пачаўся суд над палітвязнем Ягорам Сугойдзем

Ягор Сугойдзь прызнае віну часткова: згодзен з тым, што ўдзельнічаў у мітынгу, з тым, што заскокваў на МАЗ, — не.

Сведчанні з ЧМТ

17 сакавіка частка паседжання была закрытай: на ёй разглядаліся відэаматэрыялы справы.

У другой палове паседжання дапыталі абвінавачанага. Ён паказаў, што дзевятага жніўня гуляў з сябрам па Менску, пакуль "хуткая" не прывезла яго ў лякарню. Ні вуліцы, ні іншых абставінаў інцыдэнту ён не памятае: памятае толькі збіццё мірных людзей ля Стэлы. На шматлікія ўдакладняючыя пытанні пракурора ў абвінавачанага няма адказаў: ён кажа, што нічога не памятае.

Ягор Сугойдзь распавёў, што ў той вечар ля Стэлы сабраліся людзі, яны размаўлялі. Сімволікі ў іх не было, лозунгаў яны не выкрыквалі. Супрацоўнікі міліцыі "ахоўвалі статуі і былі апранутыя ў паліцэйскую вопратку". Потым "ім, мабыць, надакучыла ахоўваць і яны сталі разганяць людзей — бралі тых, хто трапляў пад руку". Потым міліцыя пачала збіваць тых, каго акружыла, — у тым ліку, і Ягора. Яны не паведамлялі, што супрацоўнікі праваахоўных органаў, — проста пачалі біць. Ягор прыкрываў галаву рукамі.

На ўдакладняючыя пытанні абаронцы Ягор Сугойдзь адказаў, што атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, таму дрэнна памятае абставіны інцыдэнту.

"Цяпер я не чую на правае вуха, У мяне звініць у галаве", — адзначыў абвінавачаны.

Падчас аднаго з допытаў следчаму палітвязень адзначаў, што адмаўляецца ад дачы паказанняў праз дрэннае самаадчуванне, выкліканае ЧМТ. Па адным з пратаколаў допыту, праведзенага крыху пазней, Ягор Сугойдзь адзначаў, што "не ўдзельнічаў у масавых беспарадках і прызнае толькі знаходжанне ў месцы падзей падчас шэсця людзей, астатняе не прызнае".

Па іншых матэрыялах справы палітвязень таксама распавядае, як за ім гналіся супрацоўнікі, павалілі яго на зямлю, потым паднялі. Ён не памятае, збівалі яны яго, як аказвалі дапамогу работнікі "хуткай". У зале суда Ягор растлумачыў, што толкам нічога не памятае. Ён пацвердзіў, што даваў паказанні, але яны не адпавядаюць рэчаіснасці "ва ўсёй частцы ці нешта пераблытаў", таму што "нельга пры ЧМТ браць паказанні". Ён пагадзіўся з абаронай, што з-за ЧМТ, магчыма, пераблытаў падзеі некалькіх дзён.

Што кажа абвінавачанне?

Абвінавачванне настойвае, што Сугойдзь мог атрымаць траўмы праз падзенне на аўтазак, дакладна вызначыць гэта немагчыма. Цвяткоў хадайнічаў далучыць да справы заключэнне судмедэксперта.

Намеснік пракурора ўпэўнены, што дзеянні абвінавачанага па ч. 1 арт. 342 вызначаны дакладна. Сведкі растлумачылі, што на аўтазаку ў суправаджэнні аўтамабіля ДАІ паехалі да музея ВАв, знаходзіліся ў форме і ў кабіне аўтазака, былі ўключаныя светлавыя сігналы. Пад'ехаўшы да Машэрава, убачылі перакрытую вуліцу, яны ўключылі сірэну і не адступілі — тады людзі атачылі аўтамабіль. Калі ў іх не атрымалася выехаць, прынялі рашэнне паспрабаваць на нізкай хуткасці выехаць: тады ў аўтазак кідалі розныя прадметы, у тым ліку, і бутэлькі з запальнай сумессю.

Доказам віны Сугойдзя абвінавачванне лічыць і тое, што для апазнання сведкам далі некалькі кофт – яны паказалі на кофту падсуднага. Паводле паказанняў сведак, калі абвінавачаны заскочыў на капот аўтазака, яго прасілі злезці, ён адмовіўся: тады аўтамабіль пачаў рух, абвінавачаны ўпаў, яго аб'ехалі. Сведкі апазналі сябе і аўтазак: адзенне ў чалавека на капоце падобная з адзеннем на абвінавачаным.

Цвяткоў настойвае, што абвінавачаны не падпарадкаваўся патрабаванням сілавікоў, быў у стане алкагольнага ап'янення: гэта пацвярджаецца выпіскай з медыцынскіх дакументаў. Паводле білінгу тэлефона абвінавачанага, знаходзіўся дома, пасля пайшоў да месца здзяйснення злачынства. Намеснік пракурора адзначыў, што змякчальных віну абставінаў няма, абцяжваючыя – алкагольнае ап'яненне, распальванне палітычнай варожасці. Ён просіць прызнаць яго вінаватым і прызначыць пакаранне — два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Што кажа абарона?

Адвакат адзначыў, што вінаватасць не даказаная ў поўным аб'ёме: незразумела, хто знаходзіўся з абвінавачаным у групе і ў чым выяўлялася непадпарадкаванне, удзельнікі групы не ўстаноўлены. Довады абвінавачвання аб наяўнасці сігналаў абвергнутыя відэа, якое разгледжана ў судзе. Сведка растлумачыў, што ў іх не было гукавой апаратуры, таму яны не маглі апавясціць людзей, як паказана ў пратаколе.

"Апазнанне абвінавачанага таксама не праводзілася, — адзначыў адвакат. — Рэчы апазнаў толькі сведка Язвінскі, які знаходзіўся далей за ўсіх ад абвінавачанага. Толькі сведка Шанько з упэўненасцю сказаў, што на аўтазак заскочыў абвінавачаны: яго пазналі па разрэзе вачэй — мяркую, што такое немагчыма. Думаю, што апазнанне – суб'ектыўнае меркаванне сведкі. Апазналі па вопратцы, у якой летам ходзіць вельмі шмат людзей, з гэтага робіцца выснова, што гэта – суб'ектыўнае меркаванне абвінавачвання. Акрамя гэтага, быў парушаны парадак апазнання: у пратаколе няма фота-табліцы, дзе прысутнічалі б апазнаныя рэчы. Учорашняе далучанае інтэрв'ю атрыманае з парушэннямі, пратакол не аформлены належным чынам".

Таксама адвакат лічыць, што прызнанне было атрыманае пад ціскам, а падабаронны адмовіўся ад дачы паказанняў. Таксама ён адзначыў, што згодна з выпіскі з медыцынскага дакумента, у абвінавачанага было зафіксавана слабае ап'яненне – яно дазваляе аддаваць справаздачу дзеянняў.

"У СМІ дадзеныя былі скажоныя (2,3 прамілі): гэта стварае ў грамадскасці ўражанне аб вінаватасці падабароннага, тое ж было зроблена і для суда, — адзначыў адвакат. — Гэта грубае парушэнне закона. Экспертыза, прадстаўленая сёння, дапускала, што пералом МОГ ўтварыцца пры такім падзенні, гэта значыць гэта не дакладна. Згодна з ПДР, калі чалавек знаходзіцца на капоце, трэба распачаць дзеянні, каб чалавек слёз, аднак аўтазак працягнуў рух. Просьбы злезці паказваліся жэстамі. Кіроўца не спыніўшыся і не распачаўшы мер, каб зняць чалавека з кабіны, ён пагоршыў сітуацыю. Адсутнічаюць доказы, што злачынства здзейсніў Ягор Леанідавіч. У яго дыягнаставана хранічная залежнасць ад алкаголю, для такіх асоб варта зрабіць выключэнне ад акалічнасці".

Адвакат таксама падкрэсліў, што не заўважыў на відэа, каб хтосьці кідаў нешта ў аўтазак, а акрамя гэтага адзначыў, што на відэа непрыкметна, што на транспарце працуюць "мігалкі". Кветак заявіў, што іх яшчэ да пачатку відэа мог пашкодзіць натоўп.

Калі суд вырашыць, што падабаронны вінаваты, адвакат папрасіў прызначыць пакаранне альбо з адтэрміноўкай, альбо ўмоўнае. Прысуд будзе абвешчаны 19 сакавіка ў 10.20.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства