viasna on patreon

Намеснік міністра юстыцыі Старавойтаў пра адвакатаў: Яны разумеюць, якая доля іх чакае? Аўдыё

2021 2021-03-22T13:50:00+0300 2021-03-22T13:51:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/min_just_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Старавойтаў. Фота: Realt.by

Мікалай Старавойтаў. Фота: Realt.by

На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па ўдасканаленню заканадаўства ў сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі і аховы грамадскага парадку, падчас якога пацікавіўся, што “зроблена для навядзення парадку ў адвакатуры”. Пасля нарады міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі распавёў пра падрыхтаваныя Мінюстам змены ў заканадаўства аб адвакатуры. Нагадаем, што змены ў заканадаўства рыхтаваліся ўпотай ад адвакацкай карпарацыі, а праект зменаў, які з’явіўся, быў крытычна ўспрыняты самімі адвакатамі, паколькі плануемыя змены пазбаўлялі адвакатуру рэшткаў незалежнасці. Праваабарончая супольнасць з насцярогай паставілася да апублікаванага праекту правак, таму што яны дыскрымінуюць адвакатаў.

Праваабаронцы адзначаюць, што падрыхтоўка зменаў у заканадаўства аб адвакатуры ў сакрэтнай абстаноўцы ад саміх адвакатаў, у адсутнасць празрыстага механізму абмеркавання прапанаваных паправак, калі на тое, каб падрыхтаваць і накіраваць свае прапановы прафесійнай супольнасці далі 24 гадзіны на працу, сведчыць аб тым, што дзяржава такім чынам “чыніць расправу” над цэлым інстытутам за агалошванне адвакатамі фактаў парушэння правоў чалавека ў дачыненні да іх падабаронных па палітычна матываваных справах. Пацверджаннем таго, што помста дзяржавы выклікана актыўнай публічнай пазіцыяй адвакатаў падчас абароны ўдзельнікаў выбарчай кампаніі і мірных маніфестантаў, якіх катавалі, з’яўляецца выступ старшыні Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктара Чайчыца на справаздачна-выбарчай канферэнцыі МГКА, цытаты з якога ПЦ “Вясна” публікаваў раней.

Пра што казаў на гэтай жа канферэнцыі намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў, які ўзначальвае Кваліфікацыйную камісію па пытаннях адвакацкай дзейнасці – орган, праз які Мінюст выдае ліцэнзіі і пераатыстоўвае адвакатаў, а ў апошні час выкарыстоўваецца ўладамі для ажыццяўлення рэпрэсій у дачыненні да адвакацкай карпарацыі? Ці можна будзе выкарыстоўваць у дачыненні да гэтага інстытута ў будучыні назву “дзяржаўная адвакатура”, якая глыбіня анансаванага падчас выступу ўмяшання дзяржавы ў незалежнасць адвакатуры, а таксама наколькі ў бядотным становішчы з-за гэтага ўмяшання знаходзіцца незалежнасць прафесійнай супольнасці адвакатаў – у матэрыяле.

“Вясна” публікуе асобныя цытаты з выступу Мікалая Старавойтава, якія дэманструюць якім чынам і ў якім накірунку беларускія ўлады будуць “душыць” рэшткі незалежнасці адвакатуры і распраўляцца з тымі адвакатамі, якія займаюць прынцыповую пазіцыю ў абароне сваіх кліентаў у палітычна матываваных крымінальных справах.

Намеснік міністра юстыцыі Старавойтаў: Безумоўна, будзе ўзмоцнена роля дзяржавы ў асобе Міністэрства юстыцыі ў рэгуляванні адвакацкай дзейнасці ў нашай краіне

Сход, на якім Мікалай Старавойтаў прамаўляў сваю прамову, адбыўся 4 сакавіка. Як паказаў час, да гэтага моманту і намеснік міністра, і старшыня БРКА Віктар Чайчыц ужо ведалі, што законапраект аб змяненні заканадаўства аб адвакатуры ўжо гатовы і гэтыя змены істотным чынам абмяжуюць незалежнасць адвакатуры.

“і я хачу падвесці рысу, эээ, пад, эээ, размовамі пра законапраект, які сёння ўжо гатовы, Міністэрства юстыцыі, эээ, завяршыла працу па гэтым законапраекце і накіравала яго ва Урад. Я толькі адно скажу, і не будзем сёння дыскутаваць па гэтых пытаннях. Віктар Іванавіч [старшыня БРКА – заўв.] мае рацыю: нарматворчы працэс – гэта найскладанейшы працэс, эээ. Якія навацыі будуць мець месца ў гэтым законапраекце, якія не, – усё пакажа час. Але я толькі адно хачу сказаць безумоўна: будзе ўзмоцнена роля дзяржавы ў асобе Міністэрства юстыцыі, эээ, у рэгуляванні адвакацкай дзейнасці ў нашай краіне. Гэта безумоўна”.

Запіс 1

Мікалай Старавойтаў лічыць, што “асобныя адвакаты ўсталі на шлях барацьбы за ўладу”, верагодна, атаясамляючы з гэтым прававую дапамогу грамадзянам, якія рэалізуюць выбарчыя правы

“і трэба шчыра сказаць, і я гэтага і не баюся, што асобныя адвакаты, яны ўсталі на шлях барацьбы за ўладу. Не проста там нейкія ўкіды палітычныя, такія так, яны рабілі ў інтэрнэце, не. І некаторыя ўсталі менавіта на гэты шлях”.

Запіс 2

Старавойтаў заклікае супрацьдзейнічаць аказанню дапамогі ахвярам рэпрэсій па адміністрацыйных справах на дабрачыннай аснове за адзін рубель і пагражае адвакатам узмацненнем падаткаабкладання за такую дапамогу

нам вядомыя выпадкі, і гэта паказала планавая праверка ў Менскай абласной калегіі адвакатаў, калі вашыя калегі аказваюць такую дапамогу, ээ, у адзін рубель. Пры тым, эээ, гэта масава. Мы, натуральна, аналіз правялі, па якіх справах, па адміністрацыйных правапарушэннях, вось такая тэндэнцыя пайшла – ў адзін рубель (паўза) аказваць дапамогу”.

Запіс 3

у гэты ж самы дзень, я так разумею, што пасля абеду, ганарар зменшыўся да аднаго рубля. Я, у мяне пытанне ўзнікла, натуральна, да атэстуемага, пытанне заканамернае, што адбылося, няўжо, дзяржаўныя органы там не нейкія, якія маюць права, так, вось, яны вызначылі нейкую інваліднасць гэтаму чалавеку, што ён не мог аплаціць, эээ, ганарар. Аказалася – не, не зусім так. Гэта доктар, які мае пастаяннае месца працы і пастаянны заробак. У чым праблема?! І яшчэ я пытанне задаю адвакату: “а скажы, калі ласка, а вось ты, эээ, гэтае пытанне абмярковаў са сваімі калегамі? Ты ж практыку напрацоўваеш пэўную, што можна, аказваецца, працаваць за адзін рубель. Такая практыка, яна, ну добра, для кліента пышна – калі ласка, працуйце! Але ты спытай у кагосьці, можа, у кіраўніка калегіі”. Калі б, эээ, і зноў-такі ж, іншыя пытанні ўзнікаюць. Можа быць ты аказваў і іншым катэгорыям грамадзян: шматдзетным маці, дапусцім, адзінокім маці, чарнобыльцам і гэтак далей, тады гэта добра, ты малайчына! Ды не, аказваецца… І вось пытанне ў мяне ўзнікае: калі такая сітуацыя шчасная фінансавая ў калегіях адвакатаў, тады чаму не адмовіцца вам і не паменшыць ганарары. І гэта першае пытаньне. Другое пытанне: калі так дзейнічаюць не асобныя адвакаты, давайце можа быць мы тут прыраўняем вас да прадпрымальнікаў! Тады будзе іншая і пададткаабкладанне зусім. Так таксама пытанні прапрацоўваюцца. Майце на ўвазе гэта. Вы майце гэта на ўвазе – ўвесці аднолькавае падаткаабкладанне з прадпрымальнікамі”.

Запіс 4

Пераатэстацыя адвакатаў як спосаб рэпрэсій у дачыненні да адвакатаў за публічнае выказванне меркавання: могуць не атэставаць нават за “асабістыя якасці” і “ўзаемаадносіны са СМІ

“значыць, забываюць некаторыя адвакаты, паважаныя калегі, што на атэстацыі не толькі мы правяраем, эээ, заканадаўства, веданне, значыць, заканадаўства адвакатам, не толькі мы правяраем. Тут бярэцца ў увагу, гэта ў комплексе потым ацэньваецца ўсё, ды, асабістыя якасці адваката, і дзелавыя якасці адваката: як ён сябе паводзіць, дапусцім, узаемаадносіны са СМІ, з дзяржаўнымі органамі, з кліентамі, са сваімі калегамі – ўсё ва ўвагу бярэцца, калі мы прымаем рашэнне альбо аб атэстацыі, альбо не аб атэстацыі, альбо з адтэрміноўкай атэстацыі на шэсць месяцаў. Усё ва ўвагу. Некаторыя кажуць: я на ўсё адказаў, на ўсе пытанні, практычна. А чаму, у мяне, значыць, атэставанне на шэсць месяцаў, з адтэрміноўкай на шэсць месяцаў? Ды таму, што яшчэ раз увагу вашу звяртаю, бярэцца не толькі веданне дзеючага заканадаўства. Усё ў комплексе”.

Запіс 5

Старшыня Кваліфікацыйнай камісіі па пытаньнях адвакацкай дзейнасці: раней накіроўвалі тых, хто “парушае закон”, а зараз будзем “працаваць сур’ёзней” і больш адвакатаў накіроўваць на пераатэстацыю

“практыку, з улікам таго, што зараз адбылося, практыку мы будзем мяняць. Зараз, значыць, незалежна ні ад чагосьці як бы. Раней крытэрыі адбору рабілі, каго ж атэстоўвала кваліфікацыйная камісія. Ну, як правіла, гэта тыя, хто парушае закон. Не, зараз мы будзем працаваць вельмі яшчэ, напэўна, сур’ёзней, эээ, і будзем большую колькасць атэстоўваць адвакатаў. Мы і будзем правяраць веды у тым ліку”.

Запіс 6

Старавойтаў: Мінюст будзе ўзбуджаць дысцыплінарныя вытворчасці і на гэты перыяд адхіляць адвакатаў ад выканання абавязкаў. На шкоду кліентам

так вось, што тычыцца ўзбуджэння дысцыплінарных вытворчасцяў Міністэрствам юстыцыі. Вы павінны расцэньваць гэта як НС [надзвычайнае становішча – заўв.] калегіі адвакатаў. Чаму? Эээ, будзе па вялікім рахунку, эээ, хутчэй за ўсё, па большасці дысцыплінарак будуць адхіляцца ад выканання прафесійных абавязкаў на час вядзення вытворчасці дысцыплінарнага адвакат. [“Я разумею, што” – прамаўляе Мікалай Старавойтаў, але з-за эмацыйнай рэакцыі прысутных мы не публікуем гэты ўрывак – заўв.] мы такім чынам не зусім добра паступаем у дачыненні да кліента яго. Мы разумеем выдатна гэта і ўсведамляем. Але, мы гэта вымушаныя рабіць зараз. Раней такога не было. Так, у нас такія паўнамоцтвы, кампетэнцыя, мела месца быць у законе, так, мы ніколі не выкарыстоўвалі яе. Мы разумелі зноў-такі, эээ, як быць, эээ, у гэтай сітуацыі гэтаму кліенту – ён-та не вінаваты ў тым, што адбываецца. Зараз мы… кожнае ўзбуджэнне суправаджацца будзе, як правіла, адхіленнем на час вядзення вытворчасці дысцыплінарнай, значыць, гэтага адваката”.

Запіс 7

Намеснік міністра юстыцыі незадаволены эфектыўнай і прафесійнай абаронай Аляксандра Пыльчанкі ў судовым пасяджэнні падчас абскарджвання рашэння Мінюста аб спыненні ягонага адвакацкага статуса

“і, натуральна, рашэнне Міністэрства юстыцыі [размова аб спыненні статуса адваката Аляксандра Пыльчанка – заўв.] было абскарджана ў суд і, паважаныя калегі, усё ж-такі трэба сябе паводзіць карэктна ў судовым пасяджэнні. Так, гэта складана – чалавек пазбавіўся прафесіі. Гэта ўсім зразумела. Трэба свае эмоцыі неяк трымаць унутры і карэктна паводзіць сябе, у тым ліку і ў дачыненні да прадстаўніка дзяржоргана, эээ, але, эээ, нашы, работнікі, Міністэрства юстыцыі, яны даклалі суду пазіцыю кваліфікацыйнай, эээ, камісіі і рашэнні Міністэрства юстыцыі, яны даклалі проста. Але, калі пачынаюць дзве-тры гадзіны пра адно і тое ж пытацца… Задай пытанне – атрымай адказ, канкрэтны. Не, справа, злева і пра адно і таксама, разумееце ж, такая каніцель… што ж вы робіце? Гэта ж чаму так здзекваюцца?”

Запіс 8

*Падрабязна пра тое, як разглядалася скарга Аляксандра Пыльчанкі ў судзе, можна азнаёміцца па спасылках:

Суд абавязаў Мінюст растлумачыць рашэнне аб пазбаўленні ліцэнзіі Аляксандра Пыльчанкі

Суд адмовіўся задаволіць скаргу Аляксандра Пыльчанкі, якога пазбавілі ліцэнзіі адваката

Справа Аляксандра Пыльчанкі: прамовы адвакатаў

Справа Аляксандра Пыльчанкі: рэплікі ўдзельнікаў працэсу

Мінгарсуд разгледзіць справу Аляксандра Пыльчанкі  

Нагадаем, што ў лютым гэтага года супрацоўніца ўпраўлення Мінюста па ліцэнзаванню адвакацкай дзейнасці Алена Радабольская, выступаючы на канферэнцыі Мінскай абласной калегіі адвакатаў, публічна выказала пагрозы адвакатам, якія прадстаўлялі інтарэсы Аляксандра Пыльчанкі ў судзе па абскарджванні рашэння Мінюста аб спыненні ягонага адвакацкага статуса.

Мікалай Старавойтаў аб адвакатах, якія выказваюцца публічна: “Асобныя адвакаты вывадаў не зрабілі”, тады “дапаможа дзяржава ў гэтым вам

“у прэсе і гэтак далей… Мы ж як мяркуем, што вось час ідзе, да эмацыйныя ўсе сталі, на эмоцыях усё адбывалася. Усё супакоіцца. Мы таксама разлічваем, але, нажаль, эээ, асобныя адвакаты на сёння гэта не зрабілі. Вось тады – адэкватная рэакцыя на тое бязладдзе, якое адбывалася і адбываецца. Адэкватная рэакцыя. І вось тое, што сёння распрацаваны праект закона аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці, так, вось гэта рэакцыя дзяржавы. Правільна Віктар Іванавіч [старшыня БРКА Чайчыц – заўв.] сказаў, што, калі вы самі не можаце самаарганізавацца ці ў вас неяк не хапае рычагоў для самакіравання нейкага, дапаможа дзяржава ў гэтым вам”.

Запіс 9

Намеснік міністра юстыцыі аб адвакатах палітвязняў, якія адкрыта заяўляюць аб парушэннях правоў чалавека

ну некаторыя, я ж кажу, што сталі на шлях барацьбы, ім таму ўжо губляць няма чаго. Яны ж разумеюць, якая, напэўна, доля іх чакае? Можа быць. Можа быць, не разумеюць…

Запіс 10

Юрыст "Вясны": Гэта анонс расправы над тымі адвакатамі палітвязняў, якія публічна заяўляюць аб парушэннях правоў чалавека ў дачыненні да сваіх падабаронных

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Аляксей Лойка адзначае, што ў словах намесніка міністра юстыцыі крыюцца сумныя і вельмі трывожныя тэндэнцыі: гэта і анонс расправы над тымі адвакатамі палітвязняў, якія публічна заяўляюць аб парушэннях правоў чалавека ў дачыненні да сваіх падабаронных; гэта і абвешчаная ліквідацыя рэшткаў адвакатуры; гэта ўзмацненне ўмяшальніцтва дзяржавы, а, па сутнасці, павелячэнне рэпрэсіўнага патэнцыялу, праз пашырэнне паўнамоцтваў Мінюста ў дачыненні да адвакатаў нават на шкоду кліентам.

Логіка рэпрэсіўнага апарата тут такая, каб ва ўмовах, калі вядучую ролю ў дзяржаве гуляюць сілавыя структуры, хаваць ад грамадства інфармацыю аб парушэннях правоў чалавека, якая ўяўляе вялікі грамадскі інтарэс, каб не ствараць “напружанне” ў грамадстве, а простымі словамі – не ствараць глебы для пратэстных настрояў і ціску на рэжым з боку міжнаронай супольнасці.

І мы тут па тых драбках звестак, якія з’яўляюцца ў публічнай прасторы, выразна бачым, што фактычна лакаматывам зменаў у заканадаўства аб адвакатуры выступае не сама прафесійная супольнасць, чыю дзейнасць непасрэдна закранаюць анансаваныя змены, а Мінюст і Дзяржаўны сакратарыят савета бяспекі, на пляцоўцы якога гэтыя змены і рыхтаваліся. Пры гэтым кіраўніцтва органаў адвакацкага самакіравання не толькі не заступаецца за адвакатаў, не проста не пярэчыць супраць пазбаўлення адвакатуры рэшткаў незалежнасці, але і, як гэта відаць са словаў старшыні БРКА Віктара Чайчыца, заахвочвае, апраўдвае і пагаджаецца з гэтай атакай на адвакатуру, то бок дзейнічае насуперак з найважнейшым прынцыпам адвакатуры – незалежнасцю яе ад дзяржавы.

Гэта дэманстрацыйны сігнал усёй адвакацкай карпарацыі – хто кантралюе працу над зменамі ў заканадаўства аб адвакатуры. Адвакатам далі 24 гадзіны (з 16 да 17 сакавіка) на тое, каб накіраваць заўвагі і прапановы па праекце закона аб змяненні прававога рэгулявання адвакацкай дзейнасці. У гэтым і праяўляецца прымяншэнне дзяржавай значнасці фігуры адваката, таму што карпарацыю не дапусцілі да таго, каб яна магла самастойна ўплываць на працэс унясення зменаў – кіраўніцтва адвакатуры цынічна схавала ад сваіх жа калегаў тое, што праект зменаў ужо падрыхтаваны загаддзя да 4 сакавіка. Крытыка жа запланаваных зменаў абгрунтваная, таму што праект зменаў рыхтавалі тыя, хто адвакацкай дзейнасцю, напэўна, наогул ніколі не займаўся.

У абвешчаны беларускімі ўладамі Год народнага адзінства ўшчамленне інстытута адвакатуры, свабоднага і дэмакратычнага па сваёй прыродзе, рукамі Мінюста і сілавых структураў толькі пагаршае маштаб масавых парушэнняў правоў чалавека і наступстваў ад рэпрэсій для ўсяго грамадства, таму што фігуру адваката пазбаўляюць найважнейшага атрыбута – незалежнасці, у тым ліку ў працэсуальным плане.

А гэта мае свае наступствы: адсутнасць роўнасці і спаборнасці бакоў у працэсе цягне за сабой фактычнае завяршэнне ліквідацыі справядлівага суда, узмацняе недавер да правасуддзя з боку грамадства. Гэта, у сваю чаргу, разам з пагрозамі ў бок адвакатаў з вуснаў чыноўнікаў і разам з іншымі формамі ціску, можа дэ-матываваць практыкуючых юрыстаў эфектыўна выконваць свой прафесійны абавязак у адстойванні правоў і інтарэсаў грамадзян, што прывядзе да зніжэння якасці юрыдычнай дапамогі, адтоку прафесіяналаў, пазбаўлення грамадзян веры ў правапарадак. А гэта ўжо мае зусім непрадказальныя наступствы, калі права перастае з’яўляцца рэгулятарам грамадскіх адносін, не разглядаецца ўладай як абавязальніцтва перад грамадзянамі і больш не стрымлівае ўлады ў яе сілавых дзеяннях у адносінах да народа.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства