Па два з паловай гады гады калоніі прысудзіў суд актыўным удзельнікам акцыі пратэсту ў Жлобіне
Суд Жлобінскага раёна 22 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да мясцовых жыхароў – Віктара Шмігельскага, Іллі Патрушава і Андрэя Шаўчука.
Ім былі прад’яўленыя абвінавачванні па артыкуле 342 КК (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і артыкуле 364 КК (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Справу разглядаў суддзя Мікалай Сяргеевіч, пракурор – Андрэй Аношка.
10 жніўня вечарам ў Жлобіне маладыя людзі сталі ў счэпку і разам з іншымі нанеслі удары па шчытах супрацоўнікаў міліцыі, а таксама кінулі камяні ў іх бок.
На судзе высветлілася, што прызнальныя паказанні яны давалі пад ціскам і запалохваннем. Андрэя Шаўчука, напрыклад, збівалі, прымушаючы даць на відэа неабходныя паказанні.
Пракурор Аношка запрасіў для Шмігельскага, Патрушава і Шаўчука па тры гады калоніі агульнага рэжыму.
"Білі нагамі ў міліцэйскія шчыты". У Жлобіне судзяць яшчэ траіх удзельнікаў акцый пратэсту
Суддзя Мікалай Сяргеевіч прызнаў усіх траіх вінаватымі па двух крымінальных артыкулах і абвясціў канчатковы прысуд з улікам паглынання менш строгага пакарання больш строгім: па два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Ілля Патрушаў, які да абвяшчэння прысуду быў на волі пад асабістым паручальніцтвам, узяты пад варту ў залі суда.
Суд пастанавіў таксама залічыць у тэрмін адбытага пакарання перыяд, які Шмігельскі і Шаўчук правялі ў зняволенні ў следчым ізалятары з разліку дзень - за дзень.
Дарэчы, ГУБАЗіК затрымаў яшчэ дваіх удзельнікаў масавых беспарадкаў у Жлобіне. Як мяркуе следства, мясцовыя жыхары (21 і 23 гадоў) датычныя да жнівеньскіх масавых беспарадкаў у райцэнтры: кідалі камяні ў міліцыянтаў і службовы транспарт. Таксама хлопцы - актыўныя карыстальнікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў і груп.
Раней у Жлобіне за падзеі 10 жніўня 2020 года былі асуджаныя Яўген Каханоўскі, Дзмітрый Гопта, Віталь Прохараў, Аляксандр Кісялёў, Сяргей Бекарэвіч, Андрэй Расулаў і яшчэ некалькі чалавек.