viasna on patreon

За два рэпосты берасцейца асудзілі на тры гады "хатняй хіміі" Дапоўнена

2021 2021-03-24T15:33:00+0300 2021-03-24T17:00:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/okorkov.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Акоркаў. Фота з асабістага архіва

Уладзімір Акоркаў. Фота з асабістага архіва

23 сакавіка ў Маскоўскім судзе Брэста суддзя Вера Філонік пачала разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні Уладзіміра Акоркава, піша "Берасцейская Вясна".

Яму ставіцца ў віну тое, што ў тэлеграм-чаце "Брэст для жыцця чат" ён зрабіў рэпост двух паведамленняў. Па версіі абвінавачвання, у тэкстах паведамленняў змяшчаецца абраза і паклёп у дачыненні да двух асоб: следчага і дэкана БрДУ ім. Пушкіна, якія прызнаныя па справе пацярпелымі.

Адно паведамленне было пра Таццяну Віктараўну Нічышыну, рэпост зроблены 18 кастрычніка 2020 года з тэлеграм-канала "Карнікі Беларусі". Пост складаўся з яе фатаграфіі, прозвішча, імя, мабільнага тэлефона і электроннай пошты. Таксама меўся наступны тэкст:

"Дэкан псіхолага-педагагічнага факультэта БрДУ імя А. С. Пушкіна, дэпутат Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў ХХVIII склікання. Заўзятая лукашыстка са шматгадовым стажам, як сабака, адданы лукаваму. Тупаватая. Аказвае ціск на выкладчыкаў і студэнтаў за любое іншадумства, пагражае звальненнем або адлічэннем".

Судова-лінгвістычная экспертыза, праведзеная 19 студзеня 2021 года ў рамках крымінальнай справы, пастанавіла: такі тэкст "утрымлівае негатыўную ацэнку асобы". Дзяржабвінавачанне настойвала, што такім чынам здзейснена злачынства па арт. 188 КК - "Паклёп" і арт. 369 КК - "Абраза прадстаўніка ўлады".

Другі пост быў пра Уладзіміра Уладзіміравіча Сушкевіча, следчага па асабліва важных справах УСК па Брэсцкай вобласці. Рэпост зроблены 15 кастрычніка 2020 года, у тэксце следчы быў названы "канкрэтнай мр**ю", сцвярджаецца, што на працу ў Следчы камітэт Сушкевіч трапіў "праз роднасныя сувязі". У тэксце рэпоста таксама гаварылася, што следчы "гатовы кляпаць любыя справы, абы начальнікі хвалілі, давалі чарговыя пасады і зорачкі".

Дарэчы, у верасні 2020 года Сушкевіч атрымаў сваё чарговае званне-цяпер ён маёр юстыцыі, пра гэта ён сам распавёў падчас судовага пасяджэння.

Гэты рэпост пра следчага, на думку дзяржабвінавачання ў асобе старэйшага памочніка пракурора г. Брэста Алены Ціхановіч, таксама трэба прызнаць паклёпніцкім і абразлівым для прадстаўніка ўлады. У пацверджанне такой версіі былі прадстаўленыя вынікі яшчэ адной судова-лінгвістычнай экспертызы. У заключэнні эксперты таксама прыйшлі да высновы, што пост "змяшчае негатыўную ацэнку асобы".

Абвінавачаны Уладзімір Акоркаў віну прызнаў цалкам, на судзе прынёс прабачэнні пацярпелым. Мужчына не пад вартай, а пад падпіскай аб нявыездзе.

Дзяржабвінавачанне запрасіла для яго пакаранне ў выглядзе трох гадоў "хатняй хіміі", а мабільны тэлефон, як сродак здзяйснення злачынства, канфіскаваць у даход дзяржавы. Таксама прасіла пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды на 2 000 рублёў ад следчага Уладзіміра Сушкевіча задаволіць. Таццяна Нічышына такі пазоў не заяўляла.

Прысуд па справе быў абвешчаны 24 сакавіка ў 15:00.

Уладзімір Окорков судом Маскоўскага раёна Брэста прызнаны вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: па арт. 369 яму прызначана пакаранне ў выглядзе двух гадоў "хатняй хіміі", па арт. 188 – 1 год "хатняй хіміі". Шляхам поўнага складання падсуднаму прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на тры гады.

Акрамя таго, суддзя Вера Філонік пастанавіла спагнаць з Уладзіміра Акоркава кампенсацыю за прычыненую маральную шкоду на карысць пацярпелага Уладзіміра Сушкевіча ў памеры 1000 рублёў, а тэлефон Samsung канфіскаваць у даход дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства