viasna on patreon

Amnesty International папярэджвае аб недапушчальнасці гвалту ў Дзень Волі ў Беларусі і заклікае дыпламатаў весці онлайн-трансляцыі пратэстаў

2021 2021-03-24T14:55:33+0300 2021-03-24T14:55:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gvalt-amnesty.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: STRINGER/AFP via Getty Images

Фота: STRINGER/AFP via Getty Images

Заявы беларускіх уладаў напярэдадні дэманстрацый, запланаваных на 25 сакавіка (Дзень Волі), выклікаюць сур'ёзную занепакоенасць з нагоды таго, што меры ў адказ міліцыі зноў будуць адзначаны жорсткім гвалтам, заявіла сёння Amnesty International, заклікаючы да міжнародных дзеянняў па абароне правоў мірных пратэстоўцаў.

Паколькі многія журналісты, якія дакументавалі міліцэйскі гвалт у Беларусі, былі ўзятыя пад варту, Amnesty International заклікае дыпламатычных прадстаўнікоў весці назіранне за вулічнымі пратэстамі і паказваць падзеі ў прамым эфіры, выкарыстоўваючы свой дыпламатычны імунітэт для выкрыцця магчымага гвалту з боку міліцыі. Арганізацыя таксама заклікае ўсе прадпрыемствы, якія працуюць у Беларусі, тэрмінова правесці комплексную праверку, каб пераканацца, што яны сваімі дзеяннямі не выклікаюць і не спрыяюць парушэнням правоў чалавека ў краіне, паведамляецца на сайце арганізацыі.

"Улады Беларусі дастаткова выразна заявілі, што яны гатовыя і маюць усе намеры адказаць на пратэсты ў Дзень Волі гвалтам, калі яны сутыкнуцца з масавымі акцыямі, падобнымі тым, што праходзілі летась. Цягам апошніх васьмі месяцаў беларускі ўрад давёў сітуацыю да паўнавартаснага крызісу ў галіне правоў чалавека, адзначанага масавымі адвольнымі арыштамі, турэмным зняволеннем журналістаў, незаконным ужываннем сілы падчас пратэстаў, а таксама катаваннямі і забойствамі мірных дэманстрантаў. Сігнал, які пасылаецца беларусам зверху, зразумелы: любая спроба ажыццявіць права на свабоду мірных сходаў або выказвання меркаванняў будзе бязлітасна падаўленая. Свет не можа стаяць у баку перад тварам гэтых пагроз", - заявіла Мары Стразерс, дырэктар Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

"Сусветныя лідары павінны заклікаць сваіх дыпламатычных прадстаўнікоў у Беларусі сачыць за пратэстамі 25 сакавіка і весці прамую трансляцыю падзей. Міжнародныя прадстаўнікі могуць распавесці гісторыі, за распаўсюд якіх былі заключаны ў турму беларускія журналісты. Важна, каб злоўжыванні, якія адбываюцца ў Беларусі, працягвалі выкрывацца", - падкрэсліла яна.

Мы таксама заклікаем міжнародны бізнэс гарантаваць, што ён не будзе датычны да якіх-небудзь парушэнняў правоў чалавека з боку беларускіх уладаў у будучыні. Для гэтага павінны быць прыняты канкрэтныя меры па зніжэнні любых падобных рызык. Напрыклад, кампаніі, паслугі якіх могуць быць выкарыстаныя для абмежавання вольнага абмену інфармацыяй у Беларусі, павінны распачаць крокі для эфектыўнага прадухілення такіх злоўжыванняў. Калі тэлекамунікацыйныя кампаніі не могуць прадухіліць адключэнне інтэрнэту або мабільнай сувязі, ім варта па магчымасці змякчыць неспрыяльнае ўздзеянне, напрыклад, загадзя уведаміўшы карыстальнікаў, абмежаваўшы працягласць і геаграфічнае распаўсюджванне збояў і знайшоўшы спосабы паменшыць іх ўздзеянне на ўразлівыя і важныя службы, такія як бальніцы.

Amnesty International ўважліва сочыць за сітуацыяй у Беларусі. 25 сакавіка актывісты Amnesty па ўсім свеце правядуць акцыі пратэсту ля беларускіх амбасадаў і падзеляцца лістамі салідарнасці з мірнымі дэманстрантамі.

Напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка - гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе - прадстаўнікі праваахоўных органаў і ўрада зрабілі трывожныя заявы, якія паказваюць на магчымасць прымянення гвалту. Намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Мікалай Карпянкоў назваў патэнцыйных пратэстоўцаў "фашысцкімі прыхвастнямі, і паабяцаў "вельмі хутка разабрацца з імі, з вялікім задавальненнем паўтарыўшы", што было, маючы на ўвазе, відавочна, рэпрэсіі, якія доўжацца шмат месяцаў. У студзені ў інтэрнэт трапіў аўдыёзапіс, на якім Карпянкоў нібыта загадаў сваім падначаленым ігнараваць міжнароднае права ў галіне правоў чалавека пры зносінах з пратэстоўцамі, апраўдваючы стрэлы пратэстоўцам у галаву гумовымі кулямі.

9 сакавіка старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ) Іван Церцель заявіў на сустрэчы з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, што 25 сакавіка "канкрэтныя асобы" плануюць дзеянні па "дэстабілізацыі" сітуацыі ў краіне. Церцель таксама заявіў, што за запланаванымі пратэстамі стаялі «ўцекачы» і «замежныя спецслужбы». Пачынаючы з канца 2020 года, СМІ цытавалі словы Церцеля, які абяцаў «жорсткі» адказ на пратэсты, якія анансаваліся на вясну 2021 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства