viasna on patreon

Шасцёра абвінавачаных: у Маладзечне пачаўся разгляд справы аб перакрыцці дарогі

2021 2021-03-24T18:04:21+0300 2021-03-24T18:08:32+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/maladzechna_blakirouka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

24 сакавіка суд Маладзечанскага раёна пачаў разглядаць справу паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. Яе ўзбудзілі супраць шасці маладзечанцаў, якія 21 лістапада перакрылі дарогу ў горадзе на некалькі хвілін.

Абвінавачаныя —  Ганна Задорская, Эліна Карыцька, Ігар і Сяргей Сідаровічы, Рыгор Саладоўнікаў, Дзмітры Карабейнік. Пад вартай да суда ўтрымліваліся двое апошніх жыхароў Маладзечна, астатнім былі абраныя іншыя меры стрымання: асабістае паручальніцтва ці падпіска аб нявыездзе. Адзін з абвінавачаных — Ігар Сідаровіч — чалавек з інваліднасцю: ён мае адну нагу. 

Справу разглядае суддзя Вікторыя Паляшчук, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівае пракурор Пяркоўскі. Пацярпелымі па справе выступаюць кіроўцы маладзечанскага аўтапарку і хуткай дапамогі, якія ў той дзень знаходзіліся на дарозе: Герасімюк, Мілашэвіч, Якімюк, Кацярына Дубіна, Сяргей Тумель. Яны не выказалі ніякіх матэрыяльных і маральных прэтэнзій. 

У чым абвінавачваюць?

Матэрыяламі справы ўстаноўлена, што 21 лістапада мінулага года каля 10 раніцы некалькі чалавек ва ўзросце ад 20 да 33 гадоў выйшлі на праезную частку вуліцы Вялікі Гасцінец у Маладзечне і расцягнулі плакат, перакрыўшы рух аўтамабільнага транспарту. Праз некалькі хвілін яны сыйшлі.

Паводле звестак следства, абвінавачаныя загадзя размеркавалі ролі і абмяркоўвалі правядзенне акцыі ў чаце мэсэнджара Telegram. Так, 40-гадовая жанчына з адрэзка матэрыі вырабіла банэр, куды нанесла надпіс "радыкальнай накіраванасці". Далей група людзей выйшла на пешаходны пераход і расцягнула плакат: «Пока в стране беззаконие, сопротивление — наш долг». Яшчэ адзін мужчына назіраў за навакольным становішчам, каб пазбегнуць затрымання фігурантаў.

maladzechna_blakirouka_1.jpg
Фота з суполкі «Молодечно LIVE»

Следчы камітэт заявіў, што сваімі дзеяннямі абвінавачаныя перашкаджалі ўдзельнікам дарожнага руху, блакавалі праезд грамадскага, спецыяльнага і іншага транспарту.

Следчымі дапытаныя абвінавачаныя, пацярпелыя і сведкі. Відэазапісы з камер назірання, на якіх зафіксаваныя абставіны здзяйснення злачынства, агледжаныя і далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы. У мабільным тэлефоне аднаго з фігурантаў выяўлена перапіска, якая агледжана следчым. Устаноўлена, што пасля здзяйснення злачынства ўдзельнікамі абмяркоўвалася неабходнасць накіравання фатаграфій у Telegram-каналы, а таксама — магчымасць правядзення новых падобных акцый.

skrin_maladzechna.jpg
Скрын — Следчы камітэт

Падчас ператрусу ў падвале ў аднаго з мужчын канфіскаваны банер з надпісам, які выкарыстоўваецца пры здзяйсненні злачынства, па месцы працы адной з жанчын — фарба.

Падчас допыту пяцёра абвінавачаных далі прызнальныя паказанні, 40-гадовая жанчына ад дачы паказанняў адмовілася. Ёй выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 6 арт. 16, ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Незадаволенае хадайніцтва

Адвакат Задорскай Анатоль Клімовіч хадайнічаў аб зняцці статуса абвінавачанай з Ганны Задорскай. Па-першае, праз адсутнасць шкоды для пацярпелых, якія ў дадзенай сітуацыі не з'яўляліся фізічнымі асобамі, а працавалі па найму, і таму не могуць мець статус пацярпелых. Па-другое — яны не заяўлялі ніякіх прэтэнзій да абвінавачаных. Таксама ён хадайнічаў аб тым, каб з пацярпелых знялі гэты статус: яны падтрымалі гэтае хадайніцтва, а некаторыя нават заявілі, што ня лічаць сябе такімі

Пракурор хадайніцтва не падтрымаў, суд яго не задаволіў.

"Хацеў прыцягнуць увагу да беззаконня"

Абвінавачаныя, апроч Задорскай, прызналі сваю віну. Саладоўнікаў — часткова. Задорская не прымала ўдзелў ў перакрыцці вуліцы, а толькі вырабіла банэр.

Рыгор Саладоўнікаў распавёў, што дарогу пачыналі перакрываць, калі загарэлася зялёнае святло для пешаходаў, а для аўто — чырвонае. Паводле яго словаў, яны сышлі калі святло ўжо памянялася, крыху замешкаліся і, можа, на нейкі момант затрымалі транспарт, але не крытычна, бо ніхто не сігналіў і прэтэнзіў не прад'яўляў. Яны не мелі намеру заставацца на пешаходным пераходзе больш, чым гарэла зялёнае святло для пешаходаў, і стаялі менавіта на рэгулюемым пешаходным пераходзе. Мужчына не прызнаў сваёй віны ў частцы затрымання транспартнага руху — толькі ў тым, што браў удзел у акцыі, бо "хацеў прыцягнуць увагу людзей да беззаконня, якое чыніцца ў краіне". 

Рыгор Саладоўнікаў засведчыў, што абвінавачанага Ігара Сідаровіча (чалавека з інваліднасцю) ён не бачыў ні да, ні пасля акцыі. 

Дзяржаўны абвінаваўца запытаўся, ці збіраецца Саладоўнікаў удзельнічаць у пратэсных акцыях. У зале пачалі абурацца людзі, суддзя заклікала да цішыні, але Саладоўнікаў не адказаў на пытанне.

Дзмітры Карабейнік прызнаў сваю віну і раскаяўся.

– Я бачыў у інтэрнэце, як збіваюць дзяўчыну. Як мужчыне, мне такі ўчынак не спадабаўся. Таму вырашыў выйсці, – адказаў Карабейнік на пытанне дзяржабвінаваўцы, чаму перакрыў вуліцу.

Справу працягнуць разглядаць заўтра, 25 сакавіка, а 10.30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства