viasna on patreon

Мінчука асудзілі да 2 гадоў “хіміі” за 5 хвілін знаходжання на праезднай частцы

2021 2021-03-26T18:43:30+0300 2021-03-26T20:32:01+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/elnicki_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вячаслаў Яльніцкі ў судзе

Вячаслаў Яльніцкі ў судзе

У судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска 25 сакавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 24-гадовага Вячаслава Яльніцкага, якога вінаваць у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, па падзеях 22 лістапада (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядае судзя Андрэй Млечка. Бок абвінавачвання прадстаўляе старэйшы памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Валерыя Таратынка.

Абвінавачаны знаходзіцца пад хатнім арыштам з 5 лютага 2021 года, у судзе абараняе сябе самастойна.

Хадайнічаў пра спыненне справы, бо ўжо быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за падзеі таго дня. Вячаслаў Яльніцкі быў затрыманы 22 лістапада і адсядзеў 13 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паводле арт. 23.34 КаАП (арт. 24.23 КаАП у новай рэдакцыі).

Пракурор хадайніцтва не падтрымала, прапанавала суду вырашыць хадайніцтва пры вынясенні рашэння па крымінальнай справе.

Паводле абвінавачвання, будучы дасведчаным пра плануемае незаконнае масавае мерапрыемства з інтэрнет-крыніц, не пазней за 13.20 гадзін 22 лістапада прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі парушэнне працы грамадскага транспарту і прадпрыемстваў. А менавіта Вячаслаў Яльніцкі з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў і пратэсту супраць дзеючай улады прыняў удзел у вулічным шэсці, у тым ліку рухаўся па вул. Прытыцкага па праезднай частцы ад дома 97 да дома 93, наўмысна парушаў грамадскі парадак і ўсведамляў супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў, не выконваў патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі ў форменным абмундзіраванні, выкрыкваў лозунгі. Па меркаванні Валерыі Таратынка, віна падсуднага даказаная паказаннямі сведках, пісьмовымі матэрыяламі справы і рэчавымі доказамі.

З абвінавачваннем Вячаслаў Яльніцкі не пагадзіўся, віну прызнаў часткова.

Спачатку ў судзе быў дапытаны сведка – камандзір узвода ДАІ Фрунзенскага раёна Артур Басалай.

Адразу ён казаў, што дрэнна памятае падзеі таго дня, але потым удакладніў, што 22 лістапада выязджаў на службовым аўтамабілі ў раён ст. м. “Каменная горка”, там знаходзіліся людзі, якія выкрыквалі лозунгі, выходзілі на праездную частку.

- Ці выходзіў абвінавачаны на праездную частку? Паглядзіце ўважліва на яго твар, ці памятаеце яго сярод тых, хто выходзіў? - запытала пракурорка.

- Па-мойму, да, нешта было, - адказаў сведка.

- Па якіх дадзеных вы можаце яго апазнаць?

- Высокага росту, не надта моцнага целаскладу…

Таксама сведка кажа, што пазнае абвінавачага па рысах твару. Падцвярджае, што неаднаразова праз гукаўзмацняльнік папярэджваў грамадзянаў пра неабходнасць спыніць супрацьпраўныя дзеянні і разыйсціся, у тым ліку сыйсці з праезднай часткі. Аднак людзі ніяк не рэагавалі, заставаліся на праезднай частцы.

Вячаслаў удакладніў у сведкі, як доўга ён знаходзіўся на праезднай частцы, аднак супрацоўнік ДАІ не змог адказаць.

Сам Вячаслаў Яльніцкі патлумачыў, што сапраўды ў той дзень знаходзіўся на праезднай частцы і быў затрыманы. Але не прызнаў, што ў яго дзеяннях ёсць склад злачынства.

Распавёў, што прыехаў у раён ст. м. “Каменая горка” каля 13 гадзін для ўдзелу ў масавым мерапрыемстве, пра якое даведаўся ў “тэлеграм-канале, які нельга называць”. Некаторы час знаходзіўся там. Каля 13.20 звярнуў увагу, што траспарт не рухаецца па праезднай частцы, праз некаторы час туды пачалі выходзіць людзі, гучалі заклікі: “На дарогу”. Вячаслаў Яльніцкі бачыў, што дарожны рух спынены, і таксама вырашыў выйсці на праездную частку. Прабыў там каля мінуты, заўважыў, што людзі пачалі рухацца. Ён пакінуў праездную частку і ў хуткім часе быў затрыманы.  

Кажа, што бачыў супрацоўнікаў ДАІ, іх машына знаходзілася пасярэдзіне праезднай часткі, але не чуў ад іх патрабаванняў да грамадзянаў.

Калі знаходзіўся на праезднай частцы – лозунгаў не выкрыкваў, быў бліжэй да “галавы” калоны падчас руху. У той момант разумеў, што здзяйсняе адміністрацыйнае правапарушэнне, але не ведаў, што робіць крымінальнае злачынства.

Пасля гэтага суд перайшоў да азнаямлення з пісьмовымі матэрыяламі справы. З іх вынікае, у тым ліку, што камеры відэаназірання зафіксавалі абвінавачанага, які рухаўся ў калоне адным з першых. Пры гэтым на адным з відэазапісаў адзначаецца, што ў 13.19 гадзін людзі выйшлі на дарогу, у 13.24 людзі разбягаюцца і пакідаюць праездную частку, а у 13.26 супрацоўнікі АМАП праводзяць затрыманне падобнага на абвінавачанага чалавека.

Таксама ў матэрыялах справы ўтрымліваецца даведка ад Мінсктрансу аб нанесенай шкодзе спыненнем грамадскага транспарту ў памеры 2000 рублёў і 89 капеек.

Сведка Прановіч не з’явіўся ў суд, так як знаходзіцца за межамі Мінска. У судзе былі зачытаныя яго паказанні, якія ён даваў падчас папярэдняга следства: 22 лістапада быў зафіксаваны збой руху транспарту па вул. Прытыцкага-Лабанка ў сувязі з выхадам людзей на праездную частку. Сам сведка на месцы падзей не прысутнічаў, ведаў пра падзеі праз СМІ. Нанесеная шкода Мінсктрансу склала 356 рублёў 4 капейкі. Сведку была паказаная відэазапіс, ён азначыў, што ва ўказаным месцы і час не маецца ніводнага грамадскага транспарту, руху якога мог перашкаджаць натоўп людзей. Такім чынам, дзеянні вышэйзгаданага натоўпу не нанеслі шкоды Мінсктрансу.

Разгляд справы працягнуўся 26 сакавіка.

У судзе праглядзелі відэазапіс, які раней не адчыняўся па тэхнічных прычынах.

Пасля гэтага адбыліся спрэчкі бакоў. Валерыя Таратынка лічыць, што непрызнанне віны Вячаславам Яльніцкім у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК – абраная стратэгія, каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці за ўчынак. Па меркаванні пракурора, віна яго даказаная ў судзе сукупнасцю сабраных па справе доказаў. Аднак прасіла выключыць з абвінавачванне ўказанне пра тое, што дзеянні Яльніцкага перашкаджалі працы прадпрыемстваў.

Довады абвінавачанага аб адсутнасці ў яго дзеяннях складу злачынства ў звязку з прыцягненнем яго да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт. 23.34 КаАП, на думку Таратынка, не ўтрымліваюць дастатковых і прававых абгрунтаванняў. Дзяржабвінаваўца прасіла суд прызнаць Вячаслава Яльніцкага вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

Вячаслаў Яльніцкі адзначыў, што лічыць недаказаным яго намер на парушэнне грамадскага парадку і жадання надыходу грамадска небяспечных наступстваў, таксама недаказана яго нежаданне выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў АУС і знаходжанне ў першых шэрагах масавага мерапрыемства.

Пасля перапынку суд вынес рашэнне: пакараць Вячаслава Яльніцкага двума гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Праваабрончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочваў гэты судовы працэс

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства