viasna on patreon

Затрыманні, новыя крымінальныя справы і ператрусы. Хроніка пераследу за 26 сакавіка Дапоўнена

2021 2021-03-26T19:24:12+0300 2021-10-01T15:11:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/flag_bguir.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" 26 сакавіка працягвае фіксаваць факты палітычнага пераследу: затрыманні, ператрусы, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Ноччу ў сябе дома быў затрыманы дацэнт кафедры тэорыі і практыкі нямецкай мовы МДЛУ Шкляр Юрый Львовіч разам з жонкай, паведамляе тэлеграм-канал "МДЛУ за свабоду". Днём 26 сакавіка іх асудзілі на вялікія штрафы і вызвалілі.


На супрацоўнікаў друкарні, якія выраблялі "пратэсную атрыбутыку" і за гэта былі асуджаныя на 25 сутак і 80 базавых, завялі крымінальную справу. 51-гадовы мінчук Сяргей Сазон і 29-гадовы грамадзянін Расіі Уладзімір Яршоў былі затрыманы 13 лютага за тое, што "арганізавалі вытворчасць незарэгістраванай сімволікі", затым асудзілі за непадпарадкаванне (арт 23.4 КаАП) і дробнае хуліганства (арт 17.1 КаАП). 26 сакавіка Следчы камітэт паведаміў, што Савецкім раённым аддзелам СК распачата крымінальная справа па факце прысваення маёмасці асобай, якой яно даверана, здзейсненае групай асоб (ч. 2 арт. 211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Па дадзеных следства, у перыяд з 1 снежня мінулага года па 12 лютага мужчыны пасля завяршэння працоўнага дня займаліся вырабам друкаванай прадукцыі з дапамогай тэхнічнай базы і расходных матэрыялаў арганізацыі з мэтай далейшай рэалізацыі ўдзельнікаў несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў (сцягі, маскі, налепкі і інш.)


Генеральная пракуратура 26 сакавіка распачала крымінальную справу паводле часткі 1 артыкула 368 КК у дачыненні да расійскага палітолага Дзмітрыя Балкунца за публічную абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у інтэрнэце.


У будынку БДУІР студэнты вывеслі з вакна вялікі бел-чырвона-белы сцяг. З-за гэтага як мінімум аднаго студэнта затрымалі, яшчэ дваіх спрабавалі затрымаць. 

фота фота "Мірны БДУІР"

У межах крымінальнай справы ў Мінску быў затрыманы Арцём Муканскі.


Гродна

На кіраўніка гарадзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця» Паўла Мажэйку і мастака Алеся Пушкіна завялі крымінальную справу за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму, па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Прычына - дэманстрацыя ў названым цэнтры партрэта ўдзельніка антыбальшавіцкага пасляваеннага падполля Яўгена Жыхара. Генпракуратура лічыць, што гэта «наўмысныя дзеянні, накіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Павел Мажэйка ў гэты дзень пайшоў на допыт і пасля яго на волю не выйшаў. Ён пераведзены ў ІЧУ. Алесь Пушкін знаходзіцца на волі.


У кватэры журналісткі hrodna.life Ірыны Новік прайшоў ператрус. Яна - сведка па справе Паўла Мажэйкі, якога абвінавачваюць у «рэабілітацыі нацызму».

На сувязь таксама не выходзіць галоўны рэдактар выдання Аляксей Шота, паведамляе БАЖ.


Полацк

"Задзіночанне беларускіх студэнтаў" паведамляе, што 26 сакавіка прайшлі ператрусы ў рамках крымінальнай справы ў дваіх студэнтаў ПДУ: Алесі Бука і бацькоў Аляксандра Лонь. З чым звязана справа і па якім артыкуле яно заведзена — невядома. Раней Алеся ўдзельнічала у флэшмобе #свабодустудэнцтва ("на што ты здаровы дзеля мары"), а да гэтага — у відэазвароце студэнтаў супраць гвалту. Алеся не выходзіць на сувязь, дзе яна - невядома.


Рагачоў

Праваабаронцам паведамляюць пра затрыманне Алены Сергіенка ў Рагачове. Падрабязнасці высвятляюцца.


Рэчыца

У Рэчыцы каля 22-й вечара затрыманы Мікалай Коцур за тое, што ў іх у кватэры на балконе вісеў бчб-сцяг. Склалі пратакол па ч. 1 ў арт. 24.23 КабАП і змясцілі ў рэчыцкі ІЧУ да суда ў панядзелак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства