viasna on patreon

Маладзечна: пракурор запрасіў "хатнюю хімію" для ўсіх абвінавачаных у перакрыцці дарогі

2021 2021-03-29T12:33:48+0300 2021-03-29T16:14:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/maladzechna_daroha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: "Рэгіянальная газета"

Фота: "Рэгіянальная газета"

Суд Маладзечанскага раёна працягвае разглядаць справу паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. Яе ўзбудзілі супраць шасці маладзечанцаў, якія 21 лістапада перакрылі дарогу ў горадзе на некалькі хвілін.

Абвінавачаныя —  Ганна Задорская, Эліна Карыцька, Ігар і Сяргей Сідаровічы, палітвязні Рыгор Саладоўнікаў і Дзмітры Карабейнік. Пад вартай да суда ўтрымліваліся двое апошніх жыхароў Маладзечна, астатнім былі абраныя іншыя меры стрымання: асабістае паручальніцтва ці падпіска аб нявыездзе. Адзін з абвінавачаных — Ігар Сідаровіч — чалавек з інваліднасцю: ён мае адну нагу. 

Справу разглядае суддзя Вікторыя Паляшчук, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівае пракурор Пяркоўскі. Пацярпелымі па справе выступаюць кіроўцы маладзечанскага аўтапарку і хуткай дапамогі, якія ў той дзень знаходзіліся на дарозе: Герасімюк, Мілашэвіч, Якімюк, Кацярына Дубіна, Сяргей Тумель. Яны не выказалі ніякіх матэрыяльных і маральных прэтэнзій. 

Шасцёра абвінавачаных: у Маладзечне пачаўся разгляд справы аб перакрыцці дарогі

Следчы камітэт заявіў, што сваімі дзеяннямі абвінавачаныя перашкаджалі ўдзельнікам дарожнага руху, блакавалі праезд грамадскага, спецыяльнага і іншага транспарту.

25 сакавіка адбылося другое паседжанне па справе. На ім прысутнічала "Рэгіянальная газета".

Паказанні абвінавачаных

Сяргей Сідаровіч працаваў ў школе №9 да жніўня 2019 года, а пасля звольніўся і не змог знайсці працу праграміста амаль год. У лістападзе 2020 года Сяргея дадалі ў тэлеграм-чат, у якім абмяркоўвалі акцыю. Хлопец кажа, што не чытаў паведамленні і не ўдзельнічаў у гутарках. 20 лістапада ён разам з Элінай Карыцькай прыйшоў на прыпынак, з якога яго забрала Ганна Задорская на машыне. Яны разам прыехалі ў Камсамольскі парк. Там прайшла так званая рэпетыцыя акцыі: паглядзелі на банер, разабралі і сабралі яго. На наступны дзень, 21 лістапада, Сідаровіч разам з Карыцькай прыехаў на таксі да скрыжавання Вялікі Гасцінец і Багдана Хмяльніцкага, там ужо чакалі людзі. Яны разам падышлі да скрыжавання, вышлі на зялёнае святло і развярнулі банер. Сяргей успамінае, што пад банерам праехала адна машына, пасля яны сабралі банер і сышлі з Карыцькай у парк.

sidarovich_maladzechna.jpg
Сяргей Сідаровіч. Фота: "Рэгіянальная газета"

Сідаровіча затрымалі напрыканцы снежня 2020 года супрацоўнікі ГУБАЗіК. Яго папрасілі запісаць відэа, дзе ён расказвае, што здзейсніў. Сяргей кажа, што тэкст быў узгоднены з супрацоўнікам. 

– Зараз тут усё цывілізавана на судзе. У ІЧУ супрацоўнікі зазіралі ў акенца і смяяліся. У мяне былі ружовыя валасы, татуіроўкі. Можна мне нехта патлумачыць, чаму падчас ператрусу мяне раздзелі дагала і фатаграфавалі? Пасля гэтыя здымкі ў справе не фігуравалі.

Сяргей прызнаецца, што парушыў правілы дарожнага руху, але не парушыў грамадскі парадак і не зашкодзіў людзям, бо самі пацярпелыя кажуць, што не панеслі ніякіх пакутаў.

Ігар Сідаровіч – бацька Сяргея Сідаровіча. У яго інваліднасць другой групы: у Расіі яго збіла фура, некалькі месяцаў ляжаў у бальніцы, ампутавалі нагу да калена.

Ігар успамінае, як хтосьці ў тэлеграм-чаце расказаў пра акцыю. Ён не мог удзельнічаць, таму прапанаваў сыну. На рэпетыцыю не паехаў, бо фізічна не мог. 21 лістапада даведаўся, што акцыя пройдзе на скрыжаванні Гасцінец-Хмяльніцкага. Хацеў паглядзець на яе, аднак не паспеў на аўтобус, дайшоў на мыліцах толькі да ўваходу ў парк. Часткова бачыў акцыю – як збіраюць банер, пасля патэлефанаваў сыну і пайшоў дадому.

– Гэта была форма пратэсту. На банеры ўсё было напісана: супраць гвалту, – патлумачыў пра матывы акцыі Сідаровіч-старэйшы.

Эліна Карыцька даведалася пра акцыю ад свайго хлопца Сяргея Сідаровіча. Пра тэлеграм-чат, дзе абмяркоўвалі саму акцыю, яна не ведала і яе туды не дадавалі.

karycka_maladzechna.jpg
Сяргей Сідаровіч і Эліна Карыцька. Фота: "Рэгіянальная газета"

Карыцька прысутнічала на рэпетыцыі, а 21 лістапада разам з Сяргеем і іншымі выйшлі на пешаходны пераход з банерам.

Абвінаваўца Пяркоўскі: Калі вас запрасілі ў міліцыю?

Карыцька: Мяне не запрасілі, мяне затрымалі.

Карыцьку затрымалі ў снежні, калі былі затрыманыя і Сідаровічы. Яна знаходзілася да суда пад падпіскай.

Ганна Задорская не ўдзельнічала ў самой акцыі. Яна зрабіла банер, а пасля прывезла яго на рэпетыцыю за дзень да акцыі. 21 лістапада зрабіла здымкі перакрыцця, іх даслала ўдзельніку чату. Задорская не прызнае, што яе дзеянні – гэта злачынства, якое прывяло да парушэння руху транспарту. 

Паказанні пацярпелых

25 сакавіка давалі паказанні пацярпелыя Уладзімір ЯкімовічАксана ГерасімюкКацярына ДубінаСяргей ТумельВіктар Мілашэвіч.

Якімовіч і Тумель – фельчар і кіроўца хуткай дапамогі. Яны ўспамінаюць, што бачылі, як Гасцінец перакрылі, але абурэння не было. Абодва сказалі, што хутчэй за ўсё ставіліся да гэтага нейтральна.

Тумель расказаў, што следчы звязаўся з ім, калі ён быў на самаізаляцыі праз каронавірус. Тумель папрасіў следчага, каб той па яго просьбе ўзяў паказанні калегі, бо яны павінны быць падобныя. Ліст з паказаннямі Тумель падпісаў у машыне следчага, іх не чытаў.

Дубіна таксама была падчас перакрыцця Гасцінца ў сваім аўтамабілі. Кажа, што ў яе ніякіх прэтэнзій да людзей не было. На яе погляд, яны выказвалі свае погляды.

Мілашэвіч кіраваў грамадскім аўтобусам. Пасажыры не выказалі сваёй нязгоды, што аўтобус затрымаўся. Сам Мілашэвіч нейтральна адрэагаваў на выхад людзей.

21 лістапада Герасімюк спяшалася на сустрэчу, у выніку пад’ехала пад банер. Як сцвярджае, яго ніхто не падымаў. Яна ўпэўнілася, што нікому не пашкодзіць і праехала праз яго. Пасля сустрэчы патэлефанала на лінію 102.

– Так, я патэлефанавала на лінію 102. Спынілася каля Гастранома, патэлефанавала. Чаму не раней? Таму што была за стырном.

26 сакавіка ў разбіральніцтве заслухоўвалі паказанні сведак, суд вывучаў пісьмовыя і рэчавыя доказы.

Паказанні сведак

Аляксандр Францкевіч – міліцыянер патрульна-паставой службы Маладзечанскага РАУС. Падчас інструктажу ў аддзяленні на наступны дзень пасля акцыі далі арыенціроўку. У гэты дзень Францкевіч знаходзіўся ва аўтапатрулі. Ля Чырвонага касцёла па радыёсувязі паведамілі, што па прыкметам з арыенціроўкі ідуць падобныя мужчыны. Іх затрымалі ў дварах ля вуліцы Магістральнай. Францкевіч не памятае, каго дакладна затрымаў. Відэа затрымання бачыў, але не памятае, хто яго здымаў.

Мікалай Адашкевіч – кіроўца аўтобуснага парку. Ён не бачыў моманту акцыі, бо ехаў у тым месцы крыху пазней пасля падзей. У той дзень быў на маршруце №9. Скрыжаванне Вялікі Гасцінец – Багдана Хмяльніцкага праехаў без праблем.

Марына Саладоўнікава – маці абвінавачваемага – прыйшла ў зал пасяджэння з паперкай. Яна падышла да трыбуны і адразу зачытала, што скарыстаецца артыкулам 27 Канстытуцыі, сведчаць супраць сына не будзе.

Вікторыя Сідаровіч – дачка Ігара Сідаровіча і сястра Сяргея Сідаровіча. У той дзень была на працы ў школе. Ёй даслалі фотаздымак акцыі, яна яе рэдагавала. Вікторыя не пазнала нікога на ім. Сідаровіч заўважыла, што ў яго брата ёсць псіхічнае расстройства, яму неабходны курс лячэння. Аб гэтым жа казаў сам Сяргей Сідаровіч, калі даваў паказанні.

Аляксандр Кушаль – камандзір роты патрульна-паставой службы Маладзечанскага РАУС. 22 лістапада заступіў на службу па ахове грамадскага парадку. На інструктажы расказалі пра перакрыццё Вялікага Гасцінца днём раней. Падчас службы ў радыёэфіры паведамілі пра мужчын, якія былі падобныя па прыкметах да тых, хто перакрыў вуліцу.

– Не памятаю, як рабілі відэазапіс. Але ў інтэрнэце відэа ёсць, я яго глядзеў, то бок відэафіксацыя была. Не ведаю, хто рабіў відэа. Не гатовы зараз адказаць.

Кушаль не памятае, каго з абвінавачваемых затрымаў.

«Тут гэтыя бел-чырвоныя перакрылі дарогу са сцягамі сваімі!»

Дзяржаўны абвінаваўца пачаў агалошванне пісьмовых доказаў па справе. Пяркоўскі зачытаў допісы з тэлеграм-чату, дзе абвінавачваемыя абмяркоўвалі правядзення акцыі, што пісаць на банеры, дамаўляліся пра сустрэчы. Там ж планавалася правесці яшчэ адну акцыю.

Над справай працавала следчая група з трох следчых Маладзечанскага РАСК. Адвакаты звярталі ўвагу суда, што ў матэрыялах справы ёсць недакладнасці ў дакументах (дзесьці адсутнічаюць штампы і нумары выходнай карэспандэнцыі, некаторыя недакладна агалошваў дзяржабвінаваўца).

У судзе дэманстравалі рэчавыя доказы: балончыкі з фарбай, банер, мабільныя тэлефоны і флэшку. Сярод доказаў былі аўдыёзапісы гутарак міліцыянераў з Сяргеем Сідаровічам і Элінай Карыцькай, відэа з камеры банка на скрыжаванне. Уключалі званок пацярпелай Герасімюк у міліцыю: «Тут гэтыя бел-чырвоныя перакрылі дарогу са сцягамі сваімі!»

Суддзя Паляшчук адхіліла напрыканцы пасяджэння два хадайніцтва: аб паўторнай псіхічнай экспертызе Сяргея Сідаровіча і каб выключыць пацярпелых з працэсу, бо яны такімі не з’яўляюцца на думку абаронцаў.

29 сакавіка бакі перайшлі да спрэчак.

Дзяржаўны абвінаваўца Пяркоўскі запатрабаваў для ўсіх абвінавачваемых аб перакрыцці Вялікага Гасцінца хатнюю «хімію». Дзмітрыю Карабейніку, Рыгору Саладоўнікаву, Сяргею і Ігару Сідаровічам – па аднаму году і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову. Эліне Карыцька, Ганне Задорскай – год абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову.

Адвакаты настойвалі, што дзеянні абвінавачаных не парушылі графік руху грамадскага і спец-транспарта, не прынеслі ніякай шкоды жыццю і здароўю удзельнікам руху. Ніякага намеру для наўмыснага блакавання дарогі ў абвінавачаных таксама не было, аб чым сведчаць матэрыялы справы. Ніякіх прэтэнзій ніхто не выстаўляў.

Адвакат Анатоль Клімовіч адзначыў, што людзі выйшлі на пераход з мэтай выказаць грамадзянскую пазіцыю, прыцягнуць увагу да праблем у краіне, а не парушыць грамадзянскі парадак. "Тым больш іх дзеянні былі хуткаімклівымі: яны здзейснілі нейкае правапарушэнне цягам 26 секунд! Не было прад'яўлена доказаў, чаму гэтае парушэнне грамадскага парадку з'яўляецца грубым".

Таксама адвакат дапусціў, што пацярпелыя мала таго, што не палічылі, што ім учыненая шкода, але хтосьці з іх нават станоўча і з паразуменнем паставіўся да акцыі. 

"Я згодны з меркаваннем калег, што падчас папярэдняга следства былі парушаныя патрабаванні артыкула 18 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, – адзначыў Анатоль Клімовіч. – Частка сведчанняў мусіць быць прызнаная недапушчальным доказам: сведчанні Тумеля па сутнасці капіраваны за зменай некаторых словаў, сам Тумель пацвярджае, што ён такіх сведчанняў не даваў. Аператыўна-вышукныя мерапрыемствы з'яўляюцца прыхаванай формай допыту. Ніводнай задачы, адзначаных у КПК, не выконвалася. Падчас гэтага аператыўныя асобы навязвалі людзям сваю пазіцыю, задавалі наводзячыя пытанні".

Апошняе слова абвінавачаных

У апошнім слове Карабейнік прызнаў віну і раскаяўся. Карыцька адзначыла, што не лічыць, што здзейсніла злачынства. Сяргей Сідаровіч пагадзіўся са словамі абароны і просіць вызваліць арыштаваных з-пад варты. Ігар Сідаровіч пацвердзіў, што не удзельнічаў у акцыі. Задорская сказала, што ніхто не ставіў мэтай парушыць правілы дарожнага руха, а таксама папрасіла змяніць меру стрымання для арштаваных. Саладоўнікаў адмовіўся ад апошняга слова. 

Прысуд будзе абвешчаны 31 сакавіка ў 17.00.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства