viasna on patreon

Прынамсі 105 чалавек асуджана ў сакавіку па палітычных крымінальных справах (інфаграфіка)

2021 2021-04-01T11:27:00+0300 2021-11-01T12:37:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kryminal_perasled_sakavik1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы “Вясны” сумесна з валанцёрамі працягваюць адсочваць палітычна матываваныя крымінальныя працэсы. Дынаміка па такіх справах сведчыць аб тым, што суды па-ранейшаму выносяць дэманстратыўна суровыя па відах і жорсткія па памеры пакарання прысуды. Гэта сведчыць аб тым, што ўлады выкарыстоўваюць палітычныя рэпрэсіі ў якасці асноўнага інструмента для падаўлення любых спробаў праявы нязгоды з нелегітымнай уладай і застрашвання грамадства ў рэалізацыі сваіх канстытуцыйных правоў.

У лютым па палітычных крымінальных справах асуджана не менш за 102 чалавекі (інфаграфіка)

Праваабаронцы "Вясны" падвялі прамежкавыя вынікі маніторынгу крымінальных спраў, па якіх у лютым былі вынесеныя прысуды. Якія тэндэнцыі адзначаюць аналітыкі і да якіх высноў прыйшлі - ў нашым матэрыяле.

Так, праваабаронцам вядома, што за сакавік было асуджана не менш за 105 чалавек, яшчэ тры прысуды не былі вынесеныя у сувязі з тым, што абвінавачаныя не з’явіліся на агалошванне рашэнняў, іх абвясцілі ў вышук.

kryminal_perasled_sakavik1.jpg

Больш за ўсё “пастараліся” суды ў Мінску – асудзілі 33 чалавекі на розныя тэрміны пакарання, у Брэсцкай вобласці было асуджана не менш за 24 чалавекі, у Мінскай і Гродзенскай абасцях – па 13 чалавек, у Гомельскай вобласці суды вынеслі прысуды ў дачыненні да 11 чалавек, у Віцебскай вобласці пакараныя на розныя тэрміны зняволення 7 чалавек, а ў Магілёўскай – 4 чалавекі.

kryminal_perasled_sakavik3.jpg

Цікава, што геаграфія прысудаў носіць спецыфічны характар. Так, у Гомельскай вобласці больш за ўсё прысудаў вынесена ў Жлобіне: менавіта Беларускі металургічны завод першым у сярэдзіне жніўня абвясціў пра страйк. У Гродзенскай вобласці разгляд крымінальных спраў адбываецца на працягу некалькіх месяцаў, нягледзячы на наяўнасць там аднаго альбо некалькіх фігурантаў. У Берасці ж разгляд спраў адбываецца ў фармаце, калі на лаве падсудных знаходзіцца па дзесяць чалавек.

Вядома, што два непаўнагадовых хлопца пазбаўленыя волі на тры гады кожны і будуць адбываць пакаранне ў выхаваўчай калоніі.

За сакавік не менш чым 16 жанчынам суды прызначылі розныя пакаранні – ад штрафу да трох год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

kryminal_perasled_sakavik2.jpg

Агулам за сакавік 53 чалавекі былі пазбаўленыя волі – гэта 50% ад усіх вынесеных прысудаў, у дачыненні да 26 чалавек было прызначанае абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову – 25%, і ячшэ ў 19 чалавек будзе абмежавана воля, але без накіравання (“хатняя хімія”) – 18%. Вядома, што чатыры чалавекі былі арыштаваныя судом на тэрмін ад аднага да трох месяцаў, у трох выпадках – былі вынесеныя штрафы.

Самы вялікі тэрмін зняволення атрымаў Аляксандр Троцкі10 год пазбаўлення волі.

kryminal_perasled_sakavik4.jpg

Найбольш папулярным артыкулам для крымінальнага пераследу па палітычных матывах зноў аказаўся народны арт. 342 – “Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак” – 23 пакараных. Наступнае па папулярнасці – спалучэнне арт. 342 з арт. 364 – “Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў” – 14 асуджаных.

Таксама 14 чалавек былі асуджаныя за “масавыя беспарадкі” (арт. 293 КК) на тэрміны ад 3 да 7 гадоў. Удзельнікаў стыхійных акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на выбарах прэзідэнта прыцягваюць да дэманстратыўна вялікіх тэрмінаў пакарання за ўдзел у масавых беспарадках. Праваабарончая супольнасць неаднаразова ў заявах аб прызнанні палітвязняў адзначала, што масавых беспарадкаў падчас пратэстаў у жніўні і пазней не адбывалася. Пры гэтым праваахоўныя органы з выкарыстаннем светлашумавых гранат і гумовых куляў спынялі стыхійныя акцыі пратэсту, хоць удзельнікі акцый не здзяйснялі падпалаў, пагромаў і ўзброенага супраціву прадстаўнікам улады, якія могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі.

Яшчэ 7 абвінавачаных былі пакараныя за гвалт у дачынені да супрацоўніка міліцыі па арт. 364 КК. Суды не праводзяць належнай ацэнкі ў справах аб супраціве і гвалце над супрацоўнікамі міліцыі, дзе памер шкоды, нанесенай супрацоўнікам АУС падчас стрымання мірных акцый, носіць сімвалічны характар і звязаны з кароткачасовым расстройствам здароўя, што не пацягнула страту працаздольнасці.

За абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) пад суд патрапілі 12 чалавек, а за абразу прэзідэнта – 8 чалавек.

Пры гэтым, крымінальныя справы аб абразе прэзідэнта ў пераважнай большасці выпадкаў разглядаюцца ў закрытым рэжыме. Некаторыя суды разглядаюць крымінальныя справы, звязаныя з пратэстамі супраць фальсіфікацый вынікаў выбараў, таксама ў закрытым рэжыме.

Не менш за 10 чалавек былі асуджаныя за “хуліганства” па арт. 339 Крымінальнага кодэкса.

Агулам улады абмяжоўваюць публічнасць судовых разглядаў: COVID-19 выкарыстоўваецца ў якасці прычыны нядопуску грамадзян у судовыя пасяджэнні.


ПЦ "Вясна" нагадвае, што маніторынг крымінальных палітычна матываваных спраў мае важнае значэнне для ацэнкі сітуацыі з парушэннямі правоў чалавека падчас масавых рэпрэсій, а агалоска такога пераследу можа дапамагчы стрымаць магчымыя фальсіфікацыі і выяўляць працэсуальныя парушэнні падчас следства альбо суда.

Заклікаем паведамляць праваабаронцам “Вясны” пра час і месца судовых працэсаў па палітычна матываваных крымінальных справах праз пошту – pierasled@spring96.org ці праз тэлеграм: @ViasnaSOS, @SOSViasna.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства