viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2021

2021 2021-04-01T18:21:52+0300 2021-10-01T15:11:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vokladka_march_2021.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны пераслед грамадзянаў па палітычных матывах. Па дадзеных Генеральнай пракуратуры Беларусі, на дадзены момант у суды накіраваныя крымінальныя справы ў дачыненні да 631 чалавека; больш за 400 удзельнікаў пратэстаў ужо асуджаныя. ПЦ "Вясна" вядомыя прозвішчы 999 асобаў, якія сталі ахвярамі пераследу па палітычных матывах;
  • у месцах несвабоды знаходзяцца 325 палітвязняў, іх колькасць працягвае павялічвацца;
  • працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзянаў за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жытле і тэрыторыях. Усяго на працягу месяца ПЦ "Вясна" валодае інфармацыяй аб затрыманні 1 139 чалавек (з іх у Мінску – 841) і аб вынясенні 490 судовых пастаноў: у 395 выпадках накладзены адміністрацыйны арышт, у 82 – штраф;
  • 10 сакавіка Генеральнай пракуратурай у дачыненні да прадстаўнікоў не прызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі і ТАА «Польская школа» была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 3 арт. 130 КК (распальванне варожасці) у сувязі «гераізацыяй нацызму». Пазней у рамках гэтай справы былі затрыманыя і змешчаныя пад варту лідарка арганізацыі Анжаліка Борыс і прадстаўнікі Саюза Анджэй Пачобут, Марыя Цішкоўская, Ірэна Бярнацкая і Ганна Панішава;
  • працягваецца ціск на праваабаронцаў. У сакавіку па факце дзейнасці ПЦ "Вясна" СК была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 342 КК, у рамках якога быў праведзены шэраг ператрусаў у офісах арганізацыі і прыватным жыллі, актыўна вядуцца допыты сябраў арганізацыі і іншыя следчыя дзеянні;
  • працягваецца ціск на адвакатаў, якія ажыццяўляюць абарону фігурантаў палітычна матываваных крымінальных і адміністрацыйных справаў. Прапанаваныя папраўкі ў Закон «Аб адвакатуры» яшчэ больш ўзмацняюць залежнасць інстытута адвакатуры ад Міністэрства юстыцыі;
  • 1 сакавіка ўступіў у дзеянне новы КаАП, які ўзмацніў адміністрацыйную адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, значна павялічыўшы памеры штрафаў (да 200 б.в.) і максімальную працягласць арышту за паўторнае ўчыненне дадзенага правапарушэння (з 15 да 30 сутак);
  • асаблівую занепакоенасць працягваюць выклікаць прапанаваныя да прыняцця парламентам змены ў шэраг законаў, накіраваных на ўзмацненне крымінальнай адказнасці за ўдзел у пратэсных сходах і публічную крытыку дзейнага палітычнага рэжыму, а таксама датычных працы СМІ;
  • 23 сакавіка Савет па правах чалавека ААН ухваліў рэзалюцыю па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якая, акрамя выказанай заклапочанасці сітуацыяй з правамі чалавека ў краіне, надзяляе Вярхоўнага камісара па правах чалавека і незалежных экспертаў ААН неабходнымі паўнамоцтвамі для вывучэння паведамленняў аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі з мэтай выяўлення і прыцягнення вінаватых да адказнасці;
  • на працягу месяца сітуацыя з правамі чалавека ў краіне значна пагоршылася, што сведчыць аб далейшым пагаршэнні крызісу.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны крымінальны пераслед

На працягу сакавіка актыўна ўжыўся крымінальны пераслед у якасці асноўнага віду палітычных рэпрэсій. ПЦ "Вясна" вядома аб не менш як 105 асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах.

Паводле звестак упраўлення СК па г. Мінску, са жніўня 2020 па сакавік 2021 г. толькі ў сталіцы былі ўзбуджаныя 935 крымінальных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту. У суд перадалі справы ў дачыненні да 221 абвінавачанага. За два месяцы бягучага года 10% ад усёй колькасці распачатых крымінальных спраў складаюць справы аб масавых беспарадках.

Па дадзеных Генеральнай пракуратуры, у цяперашні час пракуроры накіравалі ў суды 468 крымінальных спраў у дачыненні да 631 чалавека, якія звязаны з удзелам у незаконных масавых мерапрыемствах і дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, гвалтам і пагрозай яго прымянення да прадстаўнікоў праваахоўнага блока, іх публічнай абразай, апаганьваннем надпісамі чужой маёмасці, хуліганствам, здзекам над дзяржаўнай сімволікай. Больш за 400 асобаў ужо асуджаныя.

ПЦ "Вясна" вядомыя прозвішчы 999 асобаў, якія сталі ахвярамі пераследу па палітычных матывах.

Колькасць палітвязняў, прызнаных такімі беларускай праваабарончай супольнасцю, на канец месяца склала 325 чалавек і працягвае пастаянна расці па меры атрымання інфармацыі пра крымінальныя справы і іх аналізу.

На працягу месяца прайшоў шэраг гучных крымінальных працэсаў па палітычна матываваных справах, што выклікаў асаблівы рэзананс як у Беларусі, так і за яе межамі.

2 сакавіка суд Маскоўскага раёна Мінска вынес прысуд у дачыненні да палітвязняў журналісткі TUT.BY Кацярыны Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Іх прызналі вінаватымі ў разгалашэнні медыцынскай таямніцы, што заключалася ў паведамленні імі, што ў вечар затрымання і збіцця невядомымі Рамана Бандарэнка не быў п'яны і ў яго крыві не быў знойдзены алкаголь (ч. 3 арт. 178 КК). Суддзя Святлана Бандарэнка пакарала Кацярыну Барысевіч шасцю месяцамі пазбаўлення волі і аштрафавала на 100 базавых велічынь (2 900 рублёў), а лекара Арцёма Сарокіна прысудзіла да 2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прысуду на год і штрафу ў 50 базавых велічынь (1 450 рублёў). З улікам тэрміну ўтрымання пад вартай (з 19 лістапада 2020 года), Кацярына павінна выйсці на волю праз два з паловы месяцы. Арцёма Сарокіна вызвалілі ў зале суда. Пазней стала вядома, што пракурор Маскоўскага р-на падаў апеляцыйны пратэст у Мінскі гарадскі суд у сувязі з тым, што пракуратура лічыць вынесены Барысевіч прысуд занадта мяккім.

5 сакавіка Мінскі гарадскі суд вынес прысуд па крымінальнай справе аб замаху на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса) у дачыненні да 45-гадовага бізнэсоўца Аляксандра Троцкага. Згодна з абвінавачваннем, 12 жніўня 2020 г. у Мінску ён наўмысна здзейсніў наезд і правёз на капоце сваёй машыны супрацоўніка ДАІ Уладзіміра Юрава, у выніку чаго той атрымаў цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя. Па словах Троцкага, яго машыну беспадстаўна спынілі людзі ў цёмнай форме і балаклавах, а калі той, баючыся за сваё жыццё, адмовіўся выйсці з машыны, супрацоўнік ДАІ “дастаў баявую зброю і накіраваў у яго бок, прыцэліўшыся прама ў галаву”. Пасля гэтага, спалохаўшыся, ён з'ехаў з месца здарэння. Суддзя Сяргей Хрыпач, прызнаўшы Аляксандра вінаватым па арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса, вырашыў, што ў Троцкага сапраўды быў намер на забойства супрацоўніка ДАІ і пакараў яго 10 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Пракурор Антон Цюменцаў прасіў пакараць Троцкага 11 гадамі калоніі.

Гэта рэкордны тэрмін зняволення для затрыманага падчас пратэстаў. Таксама суд абавязаў Троцкага выплаціць пацярпеламу супрацоўніку ДАІ 10 тысяч рублёў у пакрыццё маральнай шкоды. Праваабаронцы катэгарычна не згодныя з вынесеным прысудам суда і лічаць, што абвінавачаны не меў намеру на забойства супрацоўніка ДАІ і здзейсніў наезд на яго выпадкова, спрабуючы схавацца супрацоўнікаў МУС, якія акружылі яго і наставілі на яго зброю, небеспадстаўна асцерагаючыся за сваё жыццё і здароўе.

Як паведаміла прэс-служба Галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта, завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да блогера Сяргея Ціханоўскага, лідара незарэгістраванага аб'яднання “Народная грамада” Мікалая Статкевіча і набліжаных да іх асобаў. Па дадзеных СК, Сяргею Ціханоўскаму было прад'яўлена канчатковае абвінавачанне адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса – ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК) і ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Такім чынам, Ціханоўскаму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Таксама стала вядома, што арт. 191 КК (перашкода працы ЦВК) інкрымінуюць яшчэ аднаму палітвязню – Сяргею Спарышу.

10 сакавіка ў дачыненні да прадстаўнікоў Брэсцкага форуму польскіх лакальных ініцыятыў і ТАА «Польская школа» пракуратурай была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 3 арт. 130 КК (распальванне варожасці) у сувязі з «гераізацыяй нацызму і апраўданнем генацыду беларускага народа». Узбуджэнне крымінальнай справы і ператрусы ў памяшканнях арганізацый польскай нацыянальнай меншасці ў Гродне, Брэсце, Ваўкавыску і Лідзе прывялі да пачатку чарговага абвастрэння польска-беларускіх адносін, выправаджэння польскіх дыпламатаў з Беларусі і беларускіх з Польшчы. Усе гэтыя дзеянні беларускіх уладаў адбываюцца на фоне агрэсіўнай антыпольскай прапаганды на дзяржаўным тэлебачанні, а таксама выказванняў А. Лукашэнкі аб наяўнасці тэрытарыяльных прэтэнзій з боку Польшчы да Рэспублікі Беларусь.

На дадзены момант у рамках узбуджанай крымінальнай справы затрыманыя: лідарка непрызнанага ўладамі краіны Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, сябры і актывісты арганізацыі Анджэй Пачобут, Марыя Цішкоўская, Ірэна Бярнацкая і Ганна Панішава. Беларуская праваабарончая супольнасць выказала крайнюю заклапочанасць фактамі ціску і пераследу прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці, якія адбываюцца на фоне антыпольскай істэрыі ў дзяржаўных СМІ, і заклікала неадкладна вызваліць усіх затрыманых у рамках гэтай крымінальнай справы, прызнаўшы іх палітвязнямі.

Пераслед праваабаронцаў

1 сакавіка ў Мінску быў затрыманы праваабаронца і сябра Рады Праваабарончага цэнтра "Вясна" Зміцер Салаўёў, які напярэдадні выйшаў на волю пасля адміністрацыйнага арышту. Яго даставілі ў Следчы камітэт, дзе дапыталі ў якасці падазраванага па крымінальнай справе па ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фiнансаванне цi iншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці). Пасля допыту Салаўёва адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Нагадаем, што падчас масавага нападу на праваабаронцаў і журналістаў 16 лютага ў дом Салаўёва пад Мінскам уварваліся супрацоўнікі АМАПу і ГУБАЗіК і правялі ператрус, канфіскавалі тэхніку. Ператрус адбываўся ў рамках крымінальнай справы па арт. 342 КК.

Пасля ператрусу праваабаронца быў затрыманы. Пры затрыманьні і ў мікрааўтобусе па дарозе ў ІЧУ яго збівалі.

18 лютага Салаўёў быў асуджаны на 12 сутак арышту па арт. 23.34 КаАП. На яго доме ўбудаваны бетонны барэльеф з "Пагоняй", і суддзя суду Мінскага раёна Анжаліка Казлова палічыла гэта пікетаваннем. 28 лютага яго вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання.

Як стала пазней вядома, Галоўным упраўленнем па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Цэнтральнага апарата Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь была ўзбуджаная крымінальная справа па факце дзейнасці Праваабарончага цэнтра "Вясна".

Дадзеная крымінальная справа ўзбуджаная па арт. 342 КК (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). На дадзены момант у яе рамках адбываюцца актыўныя следчыя дзеянні: ператрусы ў офісах рэгіянальных аддзяленняў і ў кватэрах сяброў арганізацыі, выклікі на допыты і іншыя працэсуальныя дзеянні.

Як вынікае з афіцыйных каментароў СК, на думку органаў следства, ПЦ "Вясна" нібыта ажыццяўляе фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне незаконных масавых мерапрыемстваў, якiя дамагаюцца мэты здзяйснення іх удзельнікамі групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Трэба адзначыць, што напярэдадні гэтых падзей па падобных абвінавачваннях былі ўзятыя пад варту праваабаронцы і валанцёры ПЦ "Вясна" Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца, а па дзяржаўным тэлебачанні вядзецца прапагандысцкая інфармацыйная кампанія, у якой ПЦ "Вясна" фактычна абвінавачваюць у тэрарыстычнай дзейнасці.

Рада ПЦ "Вясна" выступіла з заявай у сувязі чарговымі нападкамі на сяброў арганізацыі і пачаткам крымінальнай справы па факце дзейнасці арганізацыі ў цэлым.

У падтрымку ПЦ "Вясна" і праваабаронцаў Беларусі выступілі як арганізацыі грамадзянскай супольнасці Беларусі, так і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Занепакоенасць у сувязі з пераследам беларускіх праваабаронцаў выказала таксама спецыяльная дакладчыца па пытанні становішча праваабаронцаў ААН Мэры Лолар.

Парушэнне права на мірныя сходы

З 1 сакавіка ўступілі ў сілу новыя Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Новы КаАП зрабіў больш жорсткімі санкцыі ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў, якія праводзяцца без дазволу ўладаў: максімальны штраф устаноўлены ў памеры 200 базавых велічынь – 5 800 беларускіх рублёў, а максімальны тэрмін адміністрацыйнага арышту – 30 сутак.

Праваабаронцы "Вясны" праінфармавалі спецыяльных дакладчыкаў ААН па факце шматразовага і паслядоўнага прызначэння адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мірных акцыях пратэсту жыхарцы Гомеля Анастасіі Перавошчыкавай.

Пераслед дзяўчыны пачаўся ў канцы студзеня, і да моманту падачы звароту яе судзілі не менш за шэсць разоў, а агульная колькасць прызначаных сутак арышту дасягнула 90. Таксама па месцы жыхарства Анастасіі і ў доме яе дзядулі былі праведзены ператрусы, у выніку якіх канфіскавана ўся тэхніка. Па словах маці, пераслед у дачыненні да яе дачкі пачаўся з-за таго, што яна распрацавала макет сцяга Навабеліцкага раёна г. Гомеля. Таксама дзяўчыну вінавацяць ва ўдзеле не менш як у 10 мірных акцыях пратэсту.

Напярэдадні Дня Волі ў гарадах Беларусі прайшлі масавыя затрыманні актывістаў. 25 сакавіка гэтыя затрыманні таксама адбываліся на працягу дня ў розных гарадах. «Вясне» вядомыя імёны 176 затрыманых у гэты дзень. МУС паведаміла пра больш за 200 затрыманых. Яшчэ каля 250 чалавек былі затрыманыя 27 сакавіка: у Мінску была анансаваная акцыя пратэсту ў раёне плошчы Бангалор. Тым часам Следчы камітэт абвясціў, што пачаў крымінальную справу па артыкуле пра грубае парушэнне парадку (артыкул 342 КК) за заклікі ў телеграм-каналах да ўдзелу ў гэты дзень у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Пасля 14.00 у раёне плошчы Бангалор, у дварах і на суседніх вуліцах пачаліся кропкавыя затрыманні.

Па дадзеных ПЦ "Вясна", за сакавік судамі было разгледжана больш за 490 спраў у дачыненьні да грамадскіх актывістаў і ўдзельнікаў пратэстаў. У выніку суддзямі прызначаны 395 адміністрацыйных арыштаў ад 3 да 30 сутак і 82 штрафы памерам ад 2 да 200 базавых велічынь. Зафіксавана 1 139 затрыманняў па палітычных матывах, з іх у Мінску – 841. У рэгіёнах больш за ўсё затрымлівалі ў Брэсцкай вобласці – 76 выпадкаў. Вядома таксама пра 36 затрыманняў журналістаў.

Юрысты і аналітыкі "Вясны" падрыхтавалі і апублікавалі чарговы даклад – “Палітычна матываваныя адміністрацыйныя працэсы: стандарты і рэальнасць у сучаснай Беларусі”.

Парушэнні свабоды выказвання меркаванняў

Беларускія ўлады працягваюць дэманстратыўны пераслед грамадзян, якія выказваюць сваё меркаванне аб працэсах, што адбываюцца ў краіне, у тым ліку шляхам зняцця або зрывання дзяржаўных сцягоў, якія сталі для іх сімвалам рэпрэсій.

Да аднаго года абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу прысудзіў у Віцебску суд чалавека, які «дастаў з насценнага кранштэйна будынка крамы флагшток з дзяржаўным сцягам Беларусі і дэманстратыўна кінуў яго на зямлю, у выніку чаго пашкодзіў наверша флагштока. Яно разбілася, прычыніўшы ААТ «Веста» маёмасную шкоду – 21,77 рублёў».

Суд Брэсцкага раёна 24 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справе жыхара вёскі Вельямовічы Аляксандра Паліводы за здзек з дзяржаўнай сімволікі (артыкул 370 КК). Паводле абвінавачання, у студзені 2021 г. 21-гадовы жыхар вёскі Вельямовічы сарваў дзяржаўны сцяг з будынку мясцовай школы і выкінуў яго непадалёк. Суддзя Павел Главацкі прызнаў А. Паліводу вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе аднаго года абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Таксама суды караюць грамадзян пазбаўленнем і абмежаваннем волі за выказванні ў адрас супрацоўнікаў АУС, рэакцыі ў сацыяльных сетках, надпісы пратэснага і абразлівага зместу.

У Савецкім судзе Мінска 11 сакавіка вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Юрыя Дрэка па ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства) за надпіс на агароджы будаўнічай пляцоўкі "СБ – с... бойцеся". Суддзя Аляксандр Волк асудзіў мужчыну на адзін год абмежавання волі з накіраваннем у ВУАТ. Адметны склад пацярпелых: Міхаіл Лебядзек (першы намеснік дырэктара – галоўнага рэдактара выдавецкага дома «Беларусь сёння»), супрацоўнікі выдання Мукавозчык, Людміла Гладкая, Дзмітрый Крот, Раман Рудзь і кіраўнік упраўлення матэрыяльнага забеспячэння.

Уладзімір Акоркаў судом Маскоўскага раёна Брэста прызнаны вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса (арт. 369 і 188), па якіх яму прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову тэрмінам на тры гады за два каментары ў сацыяльных сетках у дачыненні да дэкана псіхолага-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, дэпутата Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў ХХVIII склікання Нічышынай і следчага УСК Сушкевіча, якія суд палічыў паклёпніцкімі і абразлівымі.

Парушэнні свабоды асацыяцыяў

5 сакавіка каля 18:30 невядомыя ў масках прыйшлі на ўстаноўчую канферэнцыю Лігі студэнцкі аб'яднанняў. Удзельнікаў мерапрыемства затрымалі, многіх даставілі ў розныя РУУС. У спісах "Вясны" апынуліся 25 чалавек. Некаторым з іх пасля прызначаныя адміністрацыйныя арышты.

18 сакавіка затрымалі Вольгу Залатар з Ждановіч: супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС спынілі яе машыну і суправадзілі да хаты. Там прайшоў ператрус, пасля якога Вольгу забралі ў ізалятар. У той жа вечар каля 23:00 на допыт выклікалі яе мужа Сяргея Ганкевіча, але, як высветлілася ў далейшым, гэта была толькі фармальная падстава для выкліку Сяргея ў аддзяленне, каб затрымаць яго. На наступны дзень у межах крымінальнай справы Вольгу змясцілі ў СІЗА-1, а яе мужа арыштавалі на 10 сутак за вывешаны на акне сцяг. Іх пяцёра непаўналетніх дзяцей засталіся пад наглядам бабулі. Прэс-служба УУС Мінаблвыканкама паведаміла, што жанчыну затрымалі "за актыўную пратэсную дзейнасць" – яна была адміністратаркай мясцовага дваровага чата і арганізоўвала несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: чаяванні, прагулкі, канцэрты. 22 сакавіка стала вядома, што ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і жанчына з'яўляецца падазраванай.

Катаванні. Жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне

Фігуранты крымінальных спраў, узбуджаных у дачыненні да людзей, якія бралі ўдзел у пратэстах, заяўляюць у судзе пра ўжыванне да іх катаванняў і іншых актаў забароненага абыходжання.

Вадзім Дзмітронак ў судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска заявіў аб ужыванні да яго катаванняў супрацоўнікамі АУС: тыя нанеслі яму ўдары ў розныя часткі цела і распылілі пярцовы газ з блізкай адлегласці. Ад гэтага ён адчуваў моцны боль у вобласці грудзей і адчувае яго дагэтуль – на працягу чатырох месяцаў. Таксама ў яго кружылася галава, а вочы пасля газу не функцыянавалі – падчас допыту ён іх на адчыняў. Пасля прыбыцця абаронцы ніякіх следчых дзеянняў з ім не адбывалася ў сувязі са станам здароўя – мужчыну павезлі ў бальніцу. На відэазапісы, распаўсюджаным АУС, зафіксаваныя сляды пабояў на твары і агульны стан затрыманага.

У судзе Савецкага раёна Мінска падчас разгляду крымінальнай справы па арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) абвінавачаны Кірыл Паўлавец заявіў аб тым, што “гэта было ў РАУС, мяне не адразу затрымалі, выклікалі, забралі тэлефон, спыталі пароль, адвялі ў іншы кабінет і пачалі збіваць. Потым прымусілі падпісаць паказанні. Казалі, што змагар. Я перажываў за сваё жыццё, мае правы ніхто не патлумачыў, адваката не далі. Натуральна, калі чалавек адчувае шок і страх, ён згаджаецца на любыя паказанні. Калі везлі ў ЦІП ў “стакане” – там таксама збівалі”.

Справу разглядала суддзя Марына Фёдарава, якая не прыняла мераў па арганізацыі расследавання гэтай заявы.

Яўген Бароўскі, Іван Зянько і Аляксей Дроба, якіх абвінавачваюць у гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК), арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (арт. 342 КК ), у судзе Фрунзенскага раёна заявілі пра катаванні пасля затрымання: супрацоўнікі АУС збівалі іх, пагражалі згвалтаваннем.

Аб'ядноўвае гэтыя выпадкі адсутнасць паўнавартаснага расследаванне актаў забароненага звароту і беспакаранасць асоб, якія дзейнічалі ў афіцыйнай якасці ад імя дзяржавы, якія маюць дачыненне да іх здзяйснення.

Ціск на адвакатаў

Дзяржаўныя органы аказваюць ціск на адвакатуру: плануемыя змены ў закон "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці" закліканы ўзмацніць без таго празмерны кантроль дзяржавы над гэтыя інстытутам. Як заявіў намеснік міністра юстыцыі М. Старавойтаў, «будзе ўзмоцненая роля дзяржавы ў асобе Міністэрства юстыцыі ў рэгуляванні адвакацкай дзейнасці ў нашай краіне. Гэта безумоўна».

Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Мінюсце Рэспублікі Беларусь 3 сакавіка па выніках пазачарговай атэстацыі пазбавіла магчымасці выконваць свае прафесійныя абавязкі "з прычыны недастатковай кваліфікацыі" яшчэ трох адвакатаў: Андрэя Барташэвіча, Мікалая Ётку і Алену Шынкарэвіч.

Інстытут правоў чалавека Міжнароднай Асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI) і Фонд Дж. Клуні "За справядлівасць" (CFJ) у сумесным звароце асудзілі новую хвалю рэпрэсіяў супраць адвакатуры ў Беларусі.

Не прайшлі атэстацыю таксама адвакаты Уладзіслаў Філіповіч і Сяргей Зікрацкі, што пацягне пазбаўленне іх магчымасці далей працаваць у адвакатуры.

Усе названыя адвакаты ў той ці іншай ступені былі ўцягнутыя ў абарону удзельнікаў пратэсных акцый, грамадскіх актывістаў і палітыкаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства