viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Парушэнне правоў польскай нацыянальнай меншасці выклікае найбольшы пратэст беларускіх праваабаронцаў

2021 2021-04-02T10:29:29+0300 2021-04-02T11:24:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/prafsajyz-sud-13-08-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як стала вядома “Белсату”, дырэктару школы пры незарэгістраваным Саюзе палякаў у Ваўкавыску Марыі Цішкоўскай, а таксама журналісту Андрэю Пачобуту прад’явілі абвінавачванне па частцы 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса РБ – Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб.

Абодвум пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Гэтыя дзеянні з боку беларускіх уладаў з’яўляюцца пераследам польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі, адзначае старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі. А прычыны гэтага звязаны з той пазіцыяй, якую выказвае Польша:

“Палякі на працягу апошніх 27 гадоў паслядоўна падтрымліваюць дэмакратычны рух Беларусі, – кажа Алесь Бяляцкі. –  Для нас, для беларусаў, гэтая падтрымка была заўсёды вельмі важнай. Дастаткова ўзгадаць інфармацыйныя рэсурсы, якія працуюць і у Польшчы, якія працуюць на Беларусь і ствааюцца беларускімі грамадзянамі. Гэта таксама і падтрымка студэнтаў, якіх павыганялі з беларускіх ВНУ [у межах палітычных рэпрэсій] — тысячы студэнтаў адвучыліся ў Польшчы бясплатна і са стыпендыяй. Безумоўна, тое, што робіць польская дзяржава, вельмі істотна для развіцця дэмакратычнай Беларусі і нашай будучыні як незалежнай краіны.

Тысячы людзей былі збіыты ў Беларусі ў апошнія месяцы — гэта выклікала вострую рэакцыю у афіцыйных колах Польшчы, а таксама вельмі вялікую хвалю харытатыўнай падтрымкі з боку польскіх людзей, якія розным чынам дапамагаюць беларусам перажыць гэтыя цяжкія часы. Натуральна, што гэта не падабаецца беларускай хунце, якая зараз трымае уладу незаконнымі метадамі, фактычна прайграўшы выбары. Беларускія ўлады ўспрымаюць вось такую пазіцыю польскай дзяржавы як прамую пагрозу для сябе і, адпаведна, рэагуюць варожа і вельмі востра”.

Алесь Бяляцкі каля будынку Дома правасуддзя. Фота: ПЦ
Алесь Бяляцкі

Акрамя таго, польская меншасць, якая жыве ў Беларусі, таксама выказвалася за справядлівае правасуддзе і супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Гэта і паўплывала на пераслед яе лідэраў. Але напружанне надыходзіла паэтапна:

“Дастаткова ўзгадаць, што ў канцы мінулага году быў фактычна высланы амбасадар Польшчы з Беларусі, — успамінае Алесь Бяляцкі. — Пасля чарговы віток напружання наступіў, калі па абсалютна абсурднай прычыне былі высланы польскія консулы з Гродна і Брэста. А потым гэтыя рэпрэсіі перакінуліся на польскую нацыянальную меншасць у Беларусі, на актывістаў і вядомых грамадскіх лідэраў. Ціск назіраецца і ў дачыненні да адукацыйных цэнтраў і праграмаў, якія праводзіла польская нацыянальнасць меншасць сярод палякаў у Беларусі”.

25 сакавіка стала вядома, што Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала ў дачыненні да старшыні незарэгістраванага ў Беларусі Саюза палякаў Анжалікі Борыс, а таксама прадстаўнікоў дадзенай арганізацыі Андрэя Пачобута, Ірэны Бярнацкай, Марыны Цішкоўскай і Ганны Панішавай крымінальную справу па частцы 3 артыкула 130 КК Рэспублікі Беларусь (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб).

“Гэтыя ўдары подлыя. У любой краіне нацыянальная меншасць патрабуе асаблівай увагі і абароны, а дзеянні ж беларускіх уладаў у дачыненні да палякаў груба парушаюць правы нацыянальнай меншасці, — кажа Алесь Бяляцкі і падкрэслівае:

Негледзячы на агульную катастрофу [з правамі чалавека ў Беларусі], парушэнне правоў польскай нацыянальнай меншасці выклікае найбольшы пратэст беларускай праваабарончай супольнасці”.

Беларуская праваабарончая супольнасць прыняла Заяву аб празнанні затрыманых прадстаўнікоў “Саюза палякаў Беларусі” палітычнымі зняволенымі і запатрабавала спыніць ціск і пераслед у дачыненні да прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства