viasna on patreon

Заключэнне юрыстаў і экспертаў ПЦ «Вясна» па крымінальнай справе Сяргея Верашчагіна па арт. 364 КК

2021 2021-04-02T13:20:33+0300 2021-04-02T13:20:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudovaja-smaliavichy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заключэнне групы юрыстаў і экспертаў ПЦ «Вясна» па крымінальнай справе ў дачыненні да гамельчука Сяргея Верашчагіна, асуджанаму на пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму па арт. 364 Крымінальнага кодэкса (Гвалт у дачыненні да міліцыянта).

"Я не разумею, што адбываецца": гамяльчука пазбавілі волі за гвалт над міліцыянтам

У Гомелі за гвалт у адносінах да міліцыянта на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму асудзілі 30-гадовага Сяргея Верашчагіна. Увечары 12 жніўня чацвёра міліцыянтаў затрымлівалі мужчыну ў яго ж доме, ён, па іх словах, ударыў аднаго з іх — і трапіў нагой у вока. Яго абвінавацілі па 364 артыкуле Крымінальнага кодэкса.

Агульны кантэкст дадзенай справы можна ахарактарызаваць як глыбокі крызіс правоў чалавека, выкліканы стратай легітымнасці прэзідэнта і выбудаванай ім вертыкалі ўлады ў сувязі з палітычна матываванымі масавымі катаваннямі, што пачаліся ў дачыненні да мірных маніфестантаў са жніўня па цяперашні час, а таксама татальнай фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Больш падрабязна з кантэкстам можна азнаёміцца ў пададзеным аналітыкамі ПЦ «Вясна» гадавым аглядзе за 2020 год, а таксама выніковай справаздачы па выбарах Прэзідэнта кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». На дэталі крызісу правоў чалавека і яго наступствы ПЦ «Вясна» неаднаразова звяртаў увагу ў Заключэннях па крымінальнай справе Наталлі Хершэ, Дзмітрыя Караткевіча і інш.

Судом Цэнтральнага раёна г. Гомеля 26.11.2020 г. за гвалт у дачыненні да супрацоўніка АУС па арт. 364 КК да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асуджаны Сяргей Верашчагін.

Паводле абвінавачання, 12 жніўня Верашчагін з акна сваёй кватэры «крычаў на міліцыянераў, у тым ліку матам, і кідаўся бутэлькамі. Калі тыя падняліся да яго дадому, ён падчас затрымання стукнуў аднаго з іх — і трапіў нагой у вока. Траўма, якую атрымаў міліцыянер, па заключэнні экспертаў, «не пацягнула кароткачасовага расстройства здароўя».

Пазіцыя абвінавачанага заключалася ў тым, што 14 жніўня 2020 г. ён з акна сваёй кватэры запатрабаваў спыніць затрыманне ўдзельніц мірнага сходу на вуліцы горада, за што зведаў напад супрацоўнікаў АУС у сваёй кватэры і жорсткае затрыманне.

Затрыманага Верашчагіна даставілі ў Цэнтральны РАУС. Далейшыя падзеі невядомы, аднак пасля таго, як праз два дні да затрыманага трапіла абаронца-адвакат і па яе патрабаванні Верашчагін быў агледжаны ў шпіталі, медыкі ўстанавілі шэраг цялесных пашкоджанняў, сярод якіх – «закрытая чэрапна-мазгавая траўма, удар галаўнога мозгу, множныя гематомы і ўдары — у тым ліку грудной клеткі, шыйнага, груднога і паяснічнага аддзелаў хрыбетніка, скроневых абласцей». У сувязі з гэтым была пададзена заява ў аддзел Следчага камітэта.

Падчас разгляду крымінальнай справы ў судзе абаронца паведаміла суду аб тым, што расследаванне справы праведзена выключна з абвінаваўчым ухілам без даследавання акалічнасцяў прычынення цялесных пашкоджанняў абвінавачанаму, што недапушчальна.

Адвакат Верашчагіна заявіла хадайніцтва аб допыце лекараў шпіталя, якія аглядалі Верашчагіна і маглі б расказаць пра стан, у якім ён паступіў праз два дні пасля затрымання, а таксама эксперта, які даваў заключэнне па цялесным пашкоджанням Верашчагіна. Суд хадайніцтва адхіліў, растлумачыўшы, што да дадзенай крымінальнай справы гэтыя звесткі дачынення не маюць.

Верашчагін суду расказаў, што пасля жорсткага затрымання яго працягвалі біць у Цэнтральным РАУС г. Гомеля. "Білі, скакалі па галаве, абражалі і смяяліся, калі я плакаў", — сказаў Верашчагін. Відавочна, што колькасць і лакалізацыя цялесных пашкоджанняў у Верашчагіна сведчаць аб неабходнасці расследавання ў дачыненні да супрацоўнікаў АУС.

Звяртала на сябе ўвагу рэзкая неадпаведнасць паказанняў маці абвінавачанага і супрацоўнікаў АУС, якія засталіся па сутнасці не ліквідаванымі судом.

Мы нагадваем, што кожная заява аб катаванні павінна быць прынята судом; суддзі павінны рабіць захады да таго, каб гэтыя заявы былі расследаваны. Так, Камітэт супраць катаванняў ААН у Заключных заўвагах па пятым перыядычным дакладзе Беларусі (2018 г.) выказаў «сур'ёзную занепакоенасць з нагоды сцвярджэнняў аб тым, што супрацоўнікі праваахоўных органаў дзяржавы-ўдзельніцы часта звяртаюцца да катаванняў і жорсткага абыходжання для атрымання прызнальных паказанняў ад падазраваных, якія змяшчаюцца ў следчых ізалятарах і ізалятарах часовага ўтрымання, і што ў шмат якіх выпадках, калі абвінавачаныя па крымінальных справах заяўлялі ў судах аб тым, што да іх ужываліся катаванні, старшынствуючыя суддзі не патрабавалі правядзення расследаванняў або прызнавалі іх паказанні прымальнымі, нягледзячы на прадпісанні заканадаўства дзяржавы-ўдзельніцы».

Той факт, што ўжытыя катаванні не прымусілі Верашчагіна агаварыць сябе, не мае значэння, паколькі расследаванне акалічнасцяў прычынення яму цялесных пашкоджанняў непасрэдна звязана з ацэнкай паказанняў супрацоўнікаў АУС і маці абвінавачанага. Таксама відавочна, што сведкі-супрацоўнікі АУС проста зацікаўлены ў абвінаваўчым прысудзе ў дачыненні да Верашчагіна, паколькі менавіта так надзейна ўстараняецца небяспека прыцягнення іх саміх да крымінальнай адказнасці за здзяйсненне асабліва цяжкага злачынства.

Мы таксама нагадваем, што даследчая праверка заявы аб катаванні не можа расцэньвацца як расследаванне, паколькі мае іншыя мэты і абмежавана ў працэсуальных сродках.

Таксама не застаецца без увагі ў дадзенай справе парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, адвольнае выкарыстанне зняволення пад варту і парушэнне права ў тэрміновым парадку паўстаць перад суддзём для вырашэння пытання аб законнасці арышту, парушэнне прынцыпу роўнасці бакоў у працэсе праз абмежаванні працэсуальных магчымасцяў па допыце сведкаў і прадастаўленні доказаў.

Такім чынам, па палітычных матывах абвінавачанага, які выступіў супраць парушэння супрацоўнікамі АУС права на мірны сход, прыцягнулі да крымінальнай адказнасці з найгрубейшымі парушэннямі стандарта справядлівага суда.

Акрамя таго, абвінавачанаму прызначана блізкае да максімальнага пакаранне, прадугледжанае санкцыяй артыкула 364 КК у адсутнасць дастатковых падстаў, што падкрэслівае зацікаўленасць суда і абвінаваўчы ўхіл пры вынясенні прысуду.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні панятку «палітычны зняволены», палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў: …

  • 3. b) пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў правапарушэння, якое ставіцца ў віну, або пры адсутнасці падзеі ці складу правапарушэння або яго здзяйсненні іншай асобай; (п.3.2.)

Праваабаронцы лічаць неабходным для дадзенай групы палітычных зняволеных патрабаваць неадкладнага перагляду прынятых у дачыненні да іх мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд. Таксама варта патрабаваць вызвалення асуджанага з ужываннем іншых мер стрымання, што забяспечваюць яўку ў суд, і абавязковага расследавання заявы аб катаванні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства