viasna on patreon

Іншадумства – не злачынства! Патрабуем неадкладнага вызвалення палітзняволенай Вольгі Залатар і спынення яе крымінальнага пераследу

2021 2021-04-02T17:19:59+0300 2021-10-01T15:10:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/456u5654_0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

Мінск, 2 красавіка 2021 г.

Як нам стала вядома, 18 сакавіка 2021 г. супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС па дарозе да дому была затрыманая жыхарка п. Ждановічы Мінскага р-на Вольга Залатар. У доме па месцы пражывання сям’і Вольгі быў праведзены ператрус, пасля якога яна была затрыманая і адпраўленая ў ІЧУ.  

У той жа вечар, каля 23.00 на допыт быў выкліканы яе муж Сяргей Ганкевіч, але як высветлілася потым, гэта была толькі фармальная нагода для выкліку Сяргея ў аддзяленне, каб затрымаць яго. На наступны дзень Вольгу змесцілі ў СІЗА № 1, а яе мужа арыштавалі на 10 сутак за нібыта вывешаны бел-чырвона-белы сцяг у вакне дома, што ўжо традыцыйна было кваліфікавана як несанкцыянаваны пікет. Іх пяцёра дзяцей засталіся пад прыглядам бабулі.

Прэс-служба УУС Мінаблывыканкама паведаміла, што жанчыну затрымалі “за актыўную пратэсную дзейнасць. Яна была адміністратарам мясцовага дваравога чата і арганізоўвала несакцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: сумесныя чаяпіція, прагулкі, канцэрты”.

22 сакавіка стала вядома, што ў дачыненні да Вольгі Залатар узбуджаная крымінальная справа па арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), аднак ужо 29 сакавіка жанчыне было афіцыйна прад’яўлена абвінавачванне па ч.1 арт. 361-1 КК (стварэнне эсктрэмісцкага фарміравання) і абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Вользе пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

У сувязі з гэтым, мы прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, адзначаем наступнае:

Пераслед Вольгі Залатар адбываецца на фоне масавых поствыбарчых рэпрэсій і глыбокага крызісу з правамі чалавека ў краіне. У апошні час у мэтах барацьбы з іншадумствам і пратэснай актыўнасцю грамадзян улады ўсё часцей прыбягаюць да прымянення гэтак званага антыэкстрэмісцкага заканадаўства. Беларуская праваабарончая супольнасць і раней звяртала ўвагу на недасканаласць і неадпаведнасць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека існуючага заканадаўства ў галіне барацьбы з эстрэмізмам і яго правапрымяняльнай практыкы, аднак зараз, пасля таго, як Генеральнай пракуратурай Беларусі былі прадстаўленыя змены ў адпаведны закон, мы з усёй адказнасцю адзначаем, што сапраўднымі мэтамі гэтага закона з’яўляецца змаганне з іншадумствам у краіне ў найгоршых традыцыях часоў СССР.

Прызнанне лакальных сацыяльных чатаў экстрэмісцкімі, а іх стваральнікаў і мадэратараў стваральнікамі эскрэмісцкіх арганізацый, мэтамі якіх з’яўляецца “правядзянне несанкцыянаваных сходаў у выглядзе чаяпіцця, прагулак і канцэртаў” уяўяляе скрайне небяспечную тэндэнцыю і грубэйшым чынам пасягае на фундаментальныя, гарантаваныя Канстытуцый краіны і міжнароднымі нормамі права, свабоды – свабоду мірных сходаў, выказвання свайго меркавання і свабоду асацыяцый.

Вольга Залатар выключна мірным чынам рэалізоўвала гэтыя свабоды. Яе дзейнасць ніякім чынам не ўяляе пагрозу нацыянальнай ці грамадскай бяспецы, грамадскаму парадку, здароўю і маральнасці насельніцтва, правам і свабодам іншых асобаў. Адпаведна, такога кшталту дзейнасць мае законныя і легітыныя мэты і не можа падлягаць дапушчальным абмежаванням, устаноўленым у арт. 19, 21 і 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Мірныя пратэсты, нязгода і крытыка палітыкі дзейснай улады з’яўляецца неад’емным правам грамадзянаў Беларусі, а пераслед і пазбаўленне волі за гэта з’яўляецца нічым іншым, як парушэннем правоў чалавека. Іншадумства – не злачынства!

Таксама адзначаем, што мера стрымання, абраная органамі следства ў дачыненні да Вольгі, носіць дэманстратыўна жорсткі характар, яна абраная без уліку дадзеных і характэрыстык асобы, выключна з рэпрэсіўнай мэтай.

Кіруючыся п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, адзначаем выключна палітычны характар пераследу Вольгі Залатар з боку ўладаў і прызнаем яе палітзняволенай.

У сувязі з гэтым мы патрабауем:

  1. Неадкладна вызваліць з пад варты Вольгу Залатар і спыніць яе крымінальны пераслед.
  2. Неадкладна вызваліць усіх палітзняволеных Беларусі і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

РГА "Прававая ініцыятыва”;

"Ініцыятыва FORB";

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман Канстанта";

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства