viasna on patreon

Маладзечна: пачаўся разгляд чарговай у краіне "рэйкавай" справы

2021 2021-04-06T17:04:27+0300 2021-04-06T18:13:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/maladzechna_reiki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маладзечанскага раёна пачаўся разгляд справы па артыкуле 309 Крымінальнага кодэксу. На лаве падсудных – 38-гадовы Сяргей Шабуня і 37-гадовы Павел Федукевіч.

Справу разглядае суддзя Дубовік, дзяржабвінавачанне падтрымлівае пракурор Цітовіч.

Что кажуць абвінавачаныя?

Абодва абвінавачаныя цалкам прызналі віну.

Сяргей Шабуня засведчыў, што 11 лістапада 2020 года яны з Федукевічам выпівалі і ўвечары вырашылі паспрабаваць схему замыкання рэек на чыгунцы. Каля 21.00 яны ўзялі тросік і паехалі ў Вязынку на аўто Шабуні. Там прывязалі дрот да рэек і пачалі сыходзіць, але пачулі крыкі супрацоўнікаў міліцыі: "Стаяць!"

Абвінавачаны распавёў, што яны хацелі паглядзець, як гэта дзейнічае. Яны ўсведамлялі, што замыкання не будзе, бо тросік быў значна пашкоджаны карозіяй. Пра схему замыкання рэек яны даведаліся ў тэлеграм-канале: якім канкрэтна, ён не памятае. Сяргей Шабуня раскайваецца ў тым, што здзейсніў.

Павел Федукевіч пацвердзіў сведчанні Шабуні і таксама раскаяўся. Адзначыў, што не з'яўляецца прыхільнікам дзеючай улады, але матыў палітычнай варожасці ва ўчынку адвяргае. Упэўнены, што здзейсніў усё па глупству з цікаўнасці. Ён прызнае сябе вінаватым у тым, што накінулі дрот на рэйкі, але не згодны з тым, што гэта магло пацягнуць цяжкія наступствы.

Пракурор, у сваю чаргу, упэўнены, што ўчынак быў здзейснены праз палітычную варожасць у мэтах дэстабілізацыі работы чыгункі.

Что кажуць сведкі?

Сведка Дзмітры Гаўрысюк – спецыяліст чыгункі, які распавёў пра механізм аўтаматыкі і сігналізацыі на чыгуначных рэйках. Яму падалося, што трос быў медны, нягледзячы на тое, што абвінавачаныя сцвярджаюць, што ён быў жалезным і іржавым. Дзмітры зрабіў свае высновы выключна па фотаздымку, таму дакладна не можа сказаць, ці было замыканне, а таксама не ўпэўнены, ці быў электрычны кантакт троса з клемнымі балтамі: гэта можна высветліць толькі па прыборах. 

Сведка Юры Аляшкевіч – старэйшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Маладзечанскага РАУС. Падчас нясення службы паводле плана расстаноўкі на чыгунцы ў раёне прыпынку Вязынка выявіў на чыгуначным палатне двух чалавек. Яны сталі ўцякаць ад яго, пасля чаго Аляшкевіч пагнаўся за імі і затрымаў Шабуню. Сведка Андрэй Русін, малодшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку, нёс службу разам з Аляшкевічам і дапамагаў у затрыманні. Ён не бачыў абвінавачаных, але выявіў трос на рэйках. Сведка Андрэй Мелюк, загадчык аддзела крымінальнага вышуку, не памятае, ці было паведамленне з чыгункі ў дзяжурную частку з нагоды замыкання чыгункі ў той вечар.

Таксама ў судзе былі прагледжаныя пісьмовыя і відэа-матэрыялы справы.

Наступнае паседжанне адбудзецца восьмага красавіка ў 10.00.

На паседжанне будзе запрошаны іншы спецыяліст па чыгунцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства