viasna on patreon

Палітзняволеную Аляксандру Патрасаеву асудзілі на тры гады "хатняй хіміі"

2021 2021-04-07T14:22:41+0300 2021-04-07T20:55:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/patrasaeva_paslia_suda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандра Патрасаева пасля прысуду. Фота spring96.org

Аляксандра Патрасаева пасля прысуду. Фота spring96.org

Учора, 6 красавіка, Аляксандра Патрасаева, якую першапачаткова вінавацілі ў масавых беспарадках, а пасля - ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, выступіла з апошнім словам у судзе Маскоўскага раёна.

Дзяўчына адзначыла:

“Не дарэмна нехта сказаў, што тое, што нас не забівае, робіць нас мацней. Канешне, дрэнныя рэчы адбываюцца з усімі, і большасць добрых і дрэнных выпадкаў дапамагаюць стаць лепш. У нас з’яўляецца магчымасць пераасэнсаваць некаторыя рэчы, мы становімся больш шчодрымі, клапатлівымі і любячымі. У нас з’яўляецца больш спачування.

Зараз усім як ніколі вядома, што гора збліжае людзей. У сценах СІЗА людзям удалося зблізіцца па-асабліваму, хаця здавалася б, куды бліжэй. Мне падавалася, што вакол мяне людзі, якія гатовыя прыйсці на дапамогу і падтрымаць тады, калі гэта асабліва патрэбна. Гэта і ўсе, хто, нягледзячы на ўсю цяжкасць сітуацыі, дапамаглі мне пераадоліць выпрабаванні. Гэтыя людзі надавалі мне веры і надзеі, і менавіта яны вераць у мяне зараз.

“Гэта добры спосаб упэўніцца ў тым, хто з’яўляецца адданым і надзейным сябрам для цябе”, - такімі былі словы ў адным з лістоў. І я буду хлусіць, калі скажу, што гэта не так. Мне ўдалося здабыць сапраўдных сяброў. Зусім чужыя людзі сталі апорай і падтрымкай, бліжэй сям'і. А хтосьці і зусім паказаў, што моцна цябе любіць.

Я хачу выказаць словы шчырай падзякі тым, хто мяне любіць і чакае. Вы - менавіта тыя людзі, якія далі мне зразумець, што адзінота гэта не пра мяне. Вы - менавіта тыя людзі, якія падзялілі са мной усе цяжкасці і паказалі мне, што я моцны чалавек. Вы надавалі мне сіл, упэўненасці, а самае галоўнае ўсялялі ў мяне надзею. Я дзялю з вамі кожную хвіліну, кожны дзень, праведзены ў сценах СІЗА. Але таксама я хачу прызнацца вам сумленна ў тым, што перада мной быў выбар - шкадаваць сябе ці выцерці слёзы і змагацца за сябе і тых, хто быў са мной увесь гэты час. Я ведаю, што мяне любяць і чакаюць, а я люблю вас. Дзякуй!”

А сёння суддзя Вольга Малашэнка зачытала прысуд палітзняволенай.

Суд вырашыў, што віна абвінавачанай была даказаная ў судовым працэсе, і прызначыў дзяўчыне пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на тры гады. Менавіта такі тэрмін прасіў прызначыць пракурор Фёдар Сініцкі

Меру стрымання змянілі з заключэння пад варту на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах. Аляксандру Патрасаеву вызвалілі ў залі суда. 

Нагадаем, Аляксандру Патрасаеву вінавацілі ў тым, што яна прыняла ўдзел у масавых беспарадках каля ТЦ "Рыга" ў ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года: з групай асобаў па папярэдняй змове блакавалі рух транспарту, узводзілі барыкады, знішчалі тратуарную плітку, выкарыстоўвалі петарды, факелы і іншыя прадметы.

Дзяўчына віну не прызнала, суду распавяла, што даведвалася з телеграм-каналаў, што людзям патрэбна медыцынская дапамога, паехала пасля працы на скрыжаванне вуліц Бяды, Багдановіча, Сурганава, каб аказаць такую дапамогу. На месцы не бачыла супрацоўнікаў міліцыі, патрабаванняў аб спыненні незаконнага мерапрыемства не чула. Бачыла, што там было каля 50 чалавек, якія ўзводзілі барыкады, але не бачыла падпалаў, пагромаў, каб людзі кідалі розныя прадметы.

Аляксандру затрымалі ў тую ж ноч, трое сутак яна ўтрымлівалася ў ЦІП на Акрэсціна, дзе яе катавалі: збівалі, абражалі і пагражалі згвалтаваннем. 

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Аляксандру Патрасаеву палітзняволенай. 

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочваў гэты працэс

Пракурор перакваліфікаваў абвінавачванне і запрасіў для Патрасаевай 3 гады "хатняй хіміі"

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 1 красавіка пасля некалькіх пераносаў працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволенай Аляксандры Патрасаевай.

У Мінску пачаўся суд над палітзняволенай Аляксандрай Патрасаевай, якая перажыла катаванні

У судзе Маскоўскага раёна Менска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволенай Аляксандры Патрасаевай. Дзяўчыну абвінавачваюць па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – удзел у масавых беспарадках.

"Пайшла дапамагчы параненым". Працяг суду над Аляксандрай Патрасаевай

Паводле абвінавачвання, Аляксандра Патрасаева ў ноч з 10 на 11 жніўня і ў наступныя дні прыняла актыўны ўдзел у масавых беспарадках, а таксама ў загадзя спланаваных групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства