viasna on patreon

Беларусь у гадавым дакладзе Amnesty International: Затрыманні, збіццё, судовыя пераследы

2021 2021-04-07T14:33:40+0300 2021-04-07T14:38:01+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ai-doc.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыя з сайта eurasia.amnesty.org

Ілюстрацыя з сайта eurasia.amnesty.org

Amnesty International прадставіў свой гадавы "Даклад Amnesty International 2020/21: Правы чалавека ў сучасным свеце". Значная ўвага ў дакладзе надаецца праваабарончым вымярэнням у сувязі з глабальнай пандэміяй COVID-19, наступствам пандэміі для ўразлівых і дыскрымінаваных катэгорый грамадзян (бежанцаў, мігрантаў, людзей з інваліднасцю, ЛГБТІ і жанчын), росту пратэстных настрояў у свеце і ва ўсходнееўрапейскім і цэнтральнаеўрапейскім рэгіёне: #BlackLivesMatter, #EndSARS, пратэсты ў Беларусі, Ганконгу, Польшчы, Чылі, а таксама дэградацыі сітуацыі з правамі чалавека ў Азербайджане, Беларусі, Казахстане, Расіі і іншых краінах рэгіёну.

У шэрагу краін ўлады працягвалі аслабляць незалежнасць судовай сістэмы. Спрэчныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пацягнулі за сабой надзвычайную сітуацыю з правамі чалавека, у выніку якой была знішчаная нават бачнасць права на справядлівы суд і падсправаздачнасці. Недазволеныя рэгіянальныя канфлікты негатыўна адбіваліся на свабодзе перамяшчэння і захаванні правоў, у прыватнасці права на здароўе. У ходзе ўзброенага канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам ўсе бакі выкарыстоўвалі касетныя боепрыпасы ў грамадзянскіх раёнах і здзяйснялі ваенныя злачынствы.

Беларусь

Год характарызаваўся шматлікімі мірнымі пратэстамі, а прэзідэнцкія выбары ў жніўні паслужылі каталізатарам самага жудаснага ў гісторыі Беларусі пасля атрымання незалежнасці ўціску свабоды выказвання меркаванняў, мірных сходаў і аб'яднанняў. Былі арыштаваныя па ілжывых абвінавачваннях або прымусова выціснутыя за мяжу апазіцыйныя кандыдаты, іх выбарчыя каманды і паплечнікі . Міліцыя празмерна і без разбору ўжывала сілу для разгону дэманстрацыяў. Дзясяткі тысяч мірных дэманстрантаў і выпадковых мінакоў былі затрыманыя, і многія з іх падлягалі катаванням або іншым формам жорсткага абыходжання. Журналісты, медыкі, студэнты, прафсаюзныя лідары і іншыя таксама сталі аб'ектамі арыштаў, збіцця і судовага пераследу. Першапачатковая рэакцыя ўладаў на пандэмію COVID-19 была неадэкватнай. Працягвалі выносіцца смяротныя прысуды.

Кантэкст

Пагаршэнне эканамічнага становішча, кепскае рэагаванне на пандэмію COVID-19 і шматлікія абуральныя выказванні з боку прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі спрычыніліся, сярод іншага, да рэзкага падзення яго папулярнасці. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня ён рабіў жанчынаненавісніцкія заявы ў прамовах, якія трансляваліся па тэлебачанні ў прайм-тайм, у той час як у дачыненні да апазіцыйных кандыдатаў і іх прыхільнікаў, палітычных актывістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці, а таксама незалежных сродкаў масавай інфармацыі шырока ўжываліся адвольныя арышты, палітычна матываваныя судовыя пераследы і іншыя рэпрэсіі.

Апазіцыйная кааліцыя, якая аб'ядналася вакол кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, вывела жанчын на пярэдні план нарастальнага руху пратэсту, які ахапіў усю краіну і грамадства. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў, што атрымаў упэўненую перамогу, хоць вынікі выбараў быў рашуча аспрэчаныя Святланай Ціханоўскай і расцэненыя шматлікімі незалежнымі назіральнікамі як фальсіфікацыя.

АБСЕ, якая была пазбаўленая магчымасці назіраць за выбарамі, адзначыла вартую даверу інфармацыю пра шырока распаўсюджаныя парушэнні і сур'ёзныя злоўжыванні з боку ўладаў. Пратэсты супраць спосабу правядзення выбараў і іх вынікаў хутка ахапілі ўсю Беларусь і былі ў пераважнай большасці мірнымі, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі ўладаў. Асобаў, якія лічыліся лідарамі пратэстных настрояў, хутка арыштоўвалі або прымусова выціскалі за мяжу. Адносіны са большай часткай міжнароднай супольнасці рэзка пагоршыліся, а супраць дзясяткаў беларускіх чыноўнікаў, задзейнічаных у парушэнні выбарчых правоў і правоў чалавека, былі ўведзеныя асабістыя санкцыі. Расея падтрымала беларускія ўлады і аказала ім фінансавую дапамогу.

Свабода выказвання меркаванняў

Права на свабоду выказвання меркаванняў было істотна абмежаваным у спробе ўтаймаваць любую апазіцыю і іншадумства, у тым ліку шляхам адмысловага пераследу вызначаных асобаў і СМІ, зменаў у заканадаўстве, адміністрацыйнага ціску і выкарыстання тэхнічных сродкаў, такіх як адключэнне інтэрнэту.

СМІ заставаліся пад жорсткім кантролем з боку ўладаў. Незалежныя журналісты і медыйныя арганізацыі падлягалі пераследу і не маглі выконваць сваю законную працу. Толькі ў перыяд з траўня па кастрычнік мясцовыя назіральнікі задакументавалі больш за 400 такіх выпадкаў, звязаных з арыштамі, катаваннямі і іншымі відамі жорсткага абыходжання з супрацоўнікамі СМІ. Каб перадухіліць рэпартажы без цэнзуры, міжнародным СМІ адмаўлялі або анулявалі акрэдытацыю. Нацыянальныя газеты, такія як "Комсомольская правда в Беларуси", сутыкаліся з адмовамі ад кантраляваных дзяржавай друкарняў друкаваць нумары з крытыкай уладаў. Ліцэнзія буйнога навінавага інтэрнэт-выдання TUT.by была прыпыненая ўладамі. Наталля Любнеўская, журналістка незалежнай газеты "Наша Ніва", была адной з прынамсі трох журналістаў, у якіх 10 жніўня міліцыянты стралялі гумавымі кулямі. Ёй спатрэбілася аперацыя, і яна была шпіталізаваная цягам 38 дзён. Некалькі блогераў і журналістаў патрапілі пад палітычна матываваны крымінальны пераслед, у тым ліку суаўтар папулярнага Telegram-канала Ігар Лосік, арыштаваны 25 чэрвеня ў чаканні суда на падставе сфабрыкаваных абвінавачванняў .

Улады загадалі інтэрнэт-правайдэрам і ўвялі амаль поўнае адключэнне мабільнага інтэрнэту на працягу першых трох дзён поствыбарных пратэстаў - а пазней і падчас штотыднёвых пратэстаў - каб перадухіліць каардынацыю дэманстрацыяў і перашкодзіць абмену інфармацыяй. Абмежаванні доступу рэгулярна ўводзіліся адносна сайтаў незалежных СМІ.

Іншадумныя погляды, шырока распаўсюджаныя наўсцяж усіх пластоў грамадства, жорстка і наўпрост душыліся. Студэнты, навукоўцы, спартоўцы, рэлігійныя і культурныя дзеячы і працоўныя дзяржаўных прадпрыемстваў былі выключаныя або звольненыя са сваіх установаў, а многія сталі аб'ектам адміністрацыйных і нават крымінальных пакаранняў за выступы супраць уладаў, падтрымку мірных пратэстаў ці ўдзел у страйках.

Жанчыны

Жанчыны-іншадумкі сутыкаліся з гендарнымі рэпрэсіямі і станавіліся мішэнямі на падставе сваёй меркаванай уразлівасці, у тым ліку праз пагрозы сексуальнага гвалту або перадачы іх няпоўнагадовых дзяцей пад апеку дзяржавы.

Свабода сходаў

Права на свабоду сходаў заставалася строга і неапраўдана абмежаваным. Пакаранні, прызначаныя мірным дэманстрантам на падставе заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэннях, часта былі больш суровымі, чым санкцыі, якія прымяняюцца за пэўныя крымінальныя злачынствы.

На пачатку года дзясяткі актывістаў былі аштрафаваныя на буйныя сумы або асуджаныя да "адміністрацыйнага арышту", у тым ліку на тэрміны па 15 сутак (законны максімум) запар некалькі разоў за "адміністрацыйныя правапарушэнні", нібыта здзейсненыя падчас мірных пратэстаў у канцы 2019 года.

У цэлым паміж пачаткам прэзідэнцкай кампаніі ў траўні і днём выбараў сотні мірных дэманстрантаў, інтэрнэт-актывістаў, незалежных журналістаў і іншых асобаў былі адвольна затрыманыя, у тым ліку людзьмі ў цывільным з ужываннем незаконнай сілы і транспартных сродкаў без нумароў, а дзясяткі атрымалі штрафы або "адміністрацыйны арышт". Пасля выбараў сотні тысяч беларусаў рэгулярна і мірна выходзілі на вуліцы па ўсёй Беларусі ў знак пратэсту, дзясяткі тысяч былі арыштаваныя, сотні падвяргаліся катаванням і іншым відам жорсткага абыходжання і жорсткім пакаранням. Прадстаўнікі Amnesty International былі непасрэднымі сведкамі неабгрунтаванага, адвольнага жорсткага характару шэрагу арыштаў.

Толькі ў перыяд з 9 па 12 жніўня ўлады пацвердзілі затрыманне 6700 пратэстоўцаў. Штотыднёвыя мірныя пратэсты працягваліся па ўсёй краіне, як на вуліцах, так і ўнутры дзяржаўных прадпрыемстваў, тэатраў, універсітэтаў і ў іншых месцах. Да сярэдзіны лістапада, паводле афіцыйных і незалежных дадзеных, было затрымана больш за 25 000 чалавек, уключаючы шматлікіх выпадковых мінакоў і журналістаў. Неаднаразова за адзін дзень затрымлівалі больш за 1000 чалавек. Мясцовыя праваабарончыя арганізацыі задакументавалі больш за 900 крымінальных справаў, у рамках якіх былі прад'яўленыя абвінавачванні прынамсі 700 асобам.

Міліцыя (часта ў цывільным) празмерна і без разбору ўжывала сілу, у тым ліку гумавыя кулі, выпушчаныя з блізкай адлегласці ў натоўп, светлашумавыя гранаты, хімічныя раздражняльнікі, вадамёты, аўтаматычную агнястрэльную зброю з халастымі патронамі, дручкі і іншыя сродкі для разгону мірных натоўпаў і затрымання людзей. Прынамсі чатыры чалавекі былі забітыя сілавікамі, а яшчэ некалькі чалавек загінулі пры падазроных абставінах.

У той час як многія пратэстоўцы і выпадковыя мінакі падлягалі выпадковым і адвольным нападам, іншыя станавіліся мішэнямі праз сваю прафесійную дзейнасць, у тым ліку супрацоўнікі СМІ, якія інфармавалі пра падзеі, або медыкі, якія добраахвотна апекаваліся параненымі. Іншых выдзялялі праз іх сексуальную ідэнтычнасць. 26 верасня праваабаронца Вікторыя Біран была затрыманая па дарозе на мітынг, бо міліцыянты распазналі ў ёй ЛГБТІ-актывістку, і асуджаная на 15 сутак "адміністрацыйнага зняволення".

Свабода асацыяцый

Улады разгарнулі кампанію жорсткага пераследу ўсіх формаў незалежных аб'яднанняў, закліканых абараняць правы чалавека і мірнае супрацьдзеянне рэжыму, у тым ліку ініцыятывы па назіранні, каманды апазіцыйных кандыдатаў і незалежныя прафсаюзы. Дзясяткі людзей сталі аб'ектамі арышту, неабгрунтаванага крымінальнага пераследу або "адміністрацыйнага затрымання", пагрозаў турэмнага зняволення і прымусовай высылкі з краіны.

6 траўня папулярны блогер і прэтэндэнт у прэзідэнты Сяргей Ціханоўскі быў асуджаны на неабгрунтаваны адміністрацыйны арышт на 15 сутак з мэтай перадухіліць яго балатаванне, што заахвоціла ягоную жонку, Святлану Ціханоўскую, вылучыць сваю кандыдатуру. 29 траўня, калі ён збіраў подпісы за яе ў Гродне, была зробленая спроба правакацыі супраць яго, і ён быў неадкладна арыштаваны разам прынамсі з 7 сваімі паплечнікамі. Пазней яны і яшчэ некалькі вядомых апазіцыйных блогераў былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці ў рамках таго ж крымінальнай расследавання па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу ("арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак").

Яшчэ адзін кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка, яго сын Эдуард Бабарыка, члены яго каманды і былыя калегі таксама былі затрыманыя па сфабрыкаваных абвінавачваннях у эканамічных злачынствах, каб выключыць яго з выбараў і папярэдзіць іншых кандыдатаў у прэзідэнты.

Створаная Святланай Ціханоўскай Каардынацыйная рада апазіцыі на чале з Прэзідыумам з сямі чалавек была кваліфікаваная прэзідэнтам Лукашэнкам як "спроба захопу ўлады", а 20 жніўня была ўзбуджаная крымінальная справа паводле артыкула 361 Крымінальнага кодэксу ("заклікі да дзеянняў, накіраваных на падрыў нацыянальнай бяспекі"). Да канца года ўсе члены Прэзідыума былі арыштаваныя або прымусова высланыя з краіны, як і шматлікія іх паплечнікі.

7 верасня ўлады выкралі лідара апазіцыі Марыю Калеснікаву і адвезлі яе і двух яе калегаў да мяжы з Украінай, патрабуючы, каб яны пакінулі краіну пад пагрозай турэмнага зняволення. Калегі перасеклі мяжу Украіны, але Марыя Калеснікава разарвала свой пашпарт, каб перадухіліць высылку. Яна заставалася пад вартай у невядомым месцы і без якой-небудзь інфармацыі пра яе на працягу двух дзён, пасля чаго была затрыманая ў якасці падазраванай паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў, як і іншы член Прэзідыума, Максім Знак.

Марфа Рабкова з НДА "Праваабарончы цэнтр "Вясна" была арыштаваная 17 верасня і ўзятая пад варту ў якасці падазраванай па крымінальнай справе паводле абвінавачвання ў "падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" у сувязі з яе праваабарончай дзейнасцю.

Лідар Беларускага Незалежнага прафсаюзу Анатоль Бокун неаднаразова быў адвольна затрыманы ў сувязі з палітычнымі забастоўкамі на калійных рудніках "Беларуськалія" у Салігорску і асуджаны раз за разам ў агульнай складанасці да 55 сутак запар "адміністрацыйнага арышту" за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах. Трое іншых прафсаюзных актывістаў - Юры Корзун, Сяргей Чаркасаў і Павел Пучэня - адседзелі за кратамі па 45 сутак за адно і тое ж "злачынства" ў перыяд з верасня па лістапад.

Катаванні і іншыя формы жорсткага абыходжання

Улады сістэматычна ўжывалі катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання ў дачыненні да людзей, затрыманых падчас пратэстаў, уключна з удзельнікамі, журналістамі і выпадковымі мінакамі. Мясцовыя і міжнародныя групы задакументавалі сотні выпадкаў па ўсёй краіне.

Эксперты ААН па правах чалавека атрымалі 450 сведчанняў жорсткага абыходжання з затрыманымі, падмацаваных фота-, відэа- і медычнымі доказамі, якія дакументуюць жудасны пералік злоўжыванняў. Яны змяшчаюць апісанні, як пратэстоўцы падлягалі катаванням і жорсткаму абыходжанню падчас арышту, транспартавання і ўтрымання пад вартай у моцна перапоўненых памяшканнях. Пратэстоўцы падлягалі прыніжэнням, жорсткаму збіццю, сексуальнаму гвалту, у тым ліку жанчыны і няпоўнагадовыя, а таксама пазбаўляліся доступу да ежы, чыстай вады і медычнай дапамогі падчас працяглых перыядаў утрымання пад вартай. Затрыманым таксама адмаўлялі ў праве праінфармаваць сваіх сваякоў пра сваё месцазнаходжанне, у некаторых выпадках - на працягу ўсяго перыяду "адміністрацыйнага арышту", а таксама адмаўлялі ў доступе да адвакатаў. Да іх не даходзілі перадачы і лісты, канфіскоўвалася цёплая вопратка і сродкі гігіены, у тым ліку і ў жанчын падчас менструацыі.

Беларускія ўлады прызналі, што атрымалі каля 900 скаргаў на злоўжыванні з боку міліцыянтаў у сувязі з пратэстамі, але да канца года не было ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы, і ніводны супрацоўнік праваахоўных органаў не быў абвінавачаны ў адпаведных парушэннях.

Права на ахову здароўя

Першапачатковая рэакцыя ўрада на пандэмію была неадэкватнай. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адхіліў COVID-19 як "псіхоз", абвінаваціў першых пацверджаных ахвяраў у тым, што самі вінаватыя праз свой лад жыцця, рэкамендаваў язду на трактары, гарэлку і наведванне лазні ў якасці лекаў і адмовіўся рабіць істотныя захады.

Смяротнае пакаранне

Беларусь заставалася адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, якая выносіла пакаранне смерццю. У канцы года ў камеры смяротнікаў знаходзіліся прынамсі чатыры чалавекі, і былі вынесеныя, прынамсі, тры смяротныя прысуды; два з іх - братам ва ўзросце 19 і 21 гадоў. Пра выкананне смяротных выракаў не паведамлялася.

Чытаць "Даклад Amnesty International 2020/21: Правы чалавека ў сучасным свеце" цалкам.

Відэа прэзентацыі Даклада

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства