viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу ў Беларусі за восьмага красавіка Дапоўнена

2021 2021-04-08T22:41:00+0300 2021-04-08T23:41:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kasinerau_nasenka_n.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў чацвер, восьмага красавіка, працягвае збіраць факты палітычнага пераследу: затрыманні, ператрусы, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

У менскай кватэры актывістаў анархічнага руху, стваральнікаў ініцыятывы dissident.by Вячаслава і Марыны Касінеравых правялі ператрус, падчас яго апісалі маёмасць, у тым ліку прынтэр і канапу.

Як расказала "Радыё Свабодзе" Марына Касінерава, пры ператрусе прысутнічала маці Вячаслава. Яна перадала, што хоць падставай для ператрусу былі нібыта пошукі ягонага брата ў межах справы пра «ўхіленьне ад вайсковай службы», пра самога Вячаслава «пыталі больш, чым нешта пра брата».

Самі актывісты ў дадзены момант знаходзяцца за мяжой.

Актывісты Вячаслаў Касінераў і Марына Насенка. Фота з фэйсбуку
Актывісты Вячаслаў Касінераў і Марына Насенка. Фота з фэйсбуку

Каля 10 ранку ў Мінску вуліцы на Тураўскага наўпрост на працы супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі Уладзіслава Бурдзюка. Падставы затрымання пакуль невядомыя. 


8 красавіка ў 18:00 абаронцу Віктара Бабарыкі і Максіма Знака Дзмітрыя Лаеўскага выклікалі на пасяджэнне дысцыплінарнай камісіі Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Камісія будзе разглядаць дысцыплінарную вытворчасць, узбуджаную ў дачыненні да Дзмітрыя.

"Я ўжо прадставіў разгорнутую пазіцыю дысцыплінарнай камісіі. Я не прызнаю здзяйснення якіх-небудзь дысцыплінарных праступкаў. Відавочна, што ўся рыторыка, якой я карыстаўся, была ў межах заканадаўства. Нармальна, што адвакаты выказваюцца пра нейкія падзеі, асабліва пра будучыя змены ў заканадаўстве, якія, я спадзяюся, не адбудуцца. Спадзяюся, калегі пачуюць мае аргументы".

Дапоўнена: У выніку адвакату Дзмітрыю Лаеўскаму аб'явілі вымову. Матывы прыняцця рашэння пакуль невядомыя.


Праваабаронца і адна з арганізатарак выставы «Машына дыхае, а я — не» Таццяна Гацура-Яворская, затрыманая ўвечары 5 красавіка пасля вобшукаў у офісе і дома, застаецца ў ІЧУ на Акрэсціна. Па інфармацыі "Радыё Свабода", 8 красавіка яе асудзілі на 50 базавых велічынь за непадпарадкаванне міліцыі пры затрыманні. Аднак пасля суда на волю яна не выйшла. Адвакатка Таццяны паведаміла яе мужу, што застаецца затрыманай у межах крымінальнай справы. Затрыманыя ў той жа дзень Наталля Трэніна і Юлія Сяменчанка таксама застаюцца на Акрэсціна.


Светлагорск

У Светлагорскім аддзеле Следчага камітэту быў дапытаны мясцовы актывіст Сяргей Сянціраў. Допыт праходзіў дзве гадзіны ў межах крымінальнай справы, узбуджанай па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама вядома, што на допыты ў Светлагорску выклікаюць іншых актыўных грамадзян.


Віцебск

У Віцебску затрымалі паэта, блогера, дэлегата "сходу" Улада Савінна проста на вачах у ягонай жонкі Кацярыны, паведамляе The Village. Яна распавяла падрабязнасці: "Затрымалі прыкладна ў 13:00. У гэты момант я была з ім. Пад'ехала машына з мігалкамі, выбеглі людзі ў форме і арыштавалі. Мне сказалі, што артыкул на дадзены момант у яго 209 ч 4. Следчы мне сказаў, што яго адправяць у Мінск. Калі - не зразумела. Цяпер ён у СІЗА 2 Віцебска. Я толькі змагла перадаць яму вопратку і трохі з прадуктаў. Як паведамілі мне, да ад'езду ў Мінск я яго больш не ўбачу".

Будзе дапоўнена.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства