viasna on patreon

"Але цяпер наступіла вясна". Што вядома пра Марфу Рабкову з лістоў яе мужу?

2021 2021-04-12T16:01:31+0300 2021-04-12T16:55:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zharomski-kot-pashtouka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронца "Вясны" і палітзняволеная Марфа Рабкова ўжо сёмы месяц утрымліваецца ў СІЗА-1. Як да яе даходзяць лісты? Аб чым яна піша і як сябе адчувае? Пра гэта "Вясне"  распавёў муж Марфы Вадзім Жаромскі.

marfa-rabkova_listy.jpg
Лісты ад Марфы Вадзіму

Аб чым піша Марфе Вадзім?

Апошнім часам стаў  апісваць ”усякую жыўнасць”, кажа Вадзім пра свае лісты Марфе:

"У мяне з'явіліся налепкі з кажанамі ад Аховы птушак бацькаўшчыны — я наклейваю налепку і пра кожную распавядаю ўсякія гісторыі. На адзін ліст пра кажаноў Марфа адказала — ёй вельмі спадабалася. На іншыя — можа быць не дайшлі. Да СІЗА дайшлі дакладна, а вось аддалі ці не — гэтага я не ведаю".

noch_kazanou-3.jpg
Налепкі ад Аховы птушак бацькаўшчыны. Фота: Беларускае Радыё Рацыя

Зменлівасць перапіскі

Вадзім распавёў, што за ўсю яго гісторыю перапіскі з Марфай лісты ў абодва канца даходзілі па-рознаму:

"Спачатку ад яе даходзіла, а да яе — з цяжкасцю. Потым быў момант, калі перапіска цалкам спынілася. Але, напэўна, у апошні месяц усё стабілізавалася: да мяне амаль усе лісты даходзяць, а да яе ад мяне — з вялікімі перабоямі, бывае месяц ліст ідзе".

Стабілізацыю перапіскі Вадзім меркавана звязвае з тым, што Марфа паскардзілася адміністрацыі СІЗА. Аднак гэта палепшыла толькі яго асабістую перапіску з Марфай іншым яе сваякам лісты па-ранейшаму даходзяць дрэнна:

"Бацькам ад Марфы лісты прыходзяць рэдка, ад бацькоў Марфе — таксама. Ад сястры ўжо некалькі месяцаў лістоў не аддавалі. На самай справе, я, напэўна, адзіны, каму ў апошні час рэгулярна прыходзяць лісты",  кажа Вадзім.

Ад іншых жа людзей Марфе аддаюць каля аднаго-двух лістоў у дзень. Хоць Марфа ўпэўненая, што пішуць ёй часцей. Усяго за час яе знаходжання ў СІЗА такіх лістоў назбіралася каля 500.

Аб чым піша Марфа?

Марфа чытае шмат кніг, пра што і распавядае Вадзіму:

"У суседкі ёсць раздрукаваны спіс кніг, якія ёсць у мясцовай бібліятэцы — амаль 700 найменняў, — напісала яна ў адным са сваіх апошніх лістоў. Два дні яго сабе перапісвала, але гэта не поўны спіс наяўных кніг, думаю, мне хопіць на той прамежак часу, пакуль я тут буду знаходзіцца [ ... ] Працягваю чытаць Герберта Уэлса, дачытала "Война миров", пачала "Пищу богов".

list_marfy.jpg
З ліста Марфы Рабковай Вадзіму Жаромскаму

Часам Марфе атрымоўваецца глядзець фільмы але не заўсёды цалкам. Сярод іх —"Ешь, молись, люби" і "Неуязвимый".

А яшчэ Марфа даслала Вадзіму паштоўку на ёй як быццам намаляваны іх кот Марфэй.

zharomski-kot-pashtouka.jpg
Вадзім Жаромскі, кот Марфэй і паштоўка, якую даслала Марфа

Якія ў Марфы ўмовы ўтрымання?

"Вядома, што яна памяняла шмат камер, напэўна штук восем, —  распавёў Вадзім. — Толькі ў апошні час у яе нармальная камера — там ўнітаз з'явіўся. Да гэтага проста дзірка ў падлозе была. Па восем чалавек, здаецца, у камеры. Палова палітычных. Паміж сабой усе нармальна стасуюцца, канфліктаў няма".

Марфа скардзіцца, што ў камерах мала святла-з-за “раснічак” на вокнах (гэтую праблему не раз падымалі праваабаронцы).

Калі ж суд?

Са слоў Вадзіма, Марфа спадзяецца, што суд будзе да канца лета 2021 года.

"Абяцанні следчых наогул розныя былі: і канец 2020 года, і пачатак 2021 года, —  успамінае Вадзім. — Але ўсё ў іх мяняецца пастаянна, таму цяжка прадбачыць. Гэта радасці, вядома, не надае — ні артыкулы, якія ёй прад'яўляюць, ні месца, у якім яна знаходзіцца.

Але цяпер наступіла вясна, і праз "раснічкі" трошкі сонейка прабіваецца — таму настрой у Марфы стаў лепшым".


Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня. Прычына крымінальная справа па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці). Па гэтым артыкуле ёй і было прад'яўлена абвінавачванне.

19 верасня яе перавялі з ІЧУ ў СІЗА № 1 у г. Мінску.

11 лютага Марфе прад'явілі новыя абвінавачванні па ч.3 арт.130 (распальванне сацыяльнай варажнечы да ўлады групай невысветленых асобаў) і ч.2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (удзел у злачыннай арганізацыі). Цяпер Марфе пагражае да 12 год пазбаўлення волі.

Марфе Рабковай некалькі разоў падаўжалі тэрмін утрымання пад вартай. Паводле апошняй інфармацыі, у СІЗА-1 яна будзе знаходзіцца да 17 чэрвеня 2021 года.

У падтрымку Марфы Рабковай і з патрабаваннем яе неадкладнага вызвалення выказаліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі: Amnesty InternationalFront Line DefendersАбсерваторыя па абароне праваабаронцаў (партнёрства Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў і FIDH).

Падтрымайце Марыю Рабкову лістамі салідарнасці! Адрас: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

"Калі вярнуцца, я б яе не адгаворваў ад "Вясны". Гутарка з мужам валанцёркі Марфы Рабковай

TUT.BY пагаварыў з мужам праваабаронцы Вадзімам Жаромскім аб новым абвінавачванні, настроі Марфы і куды ён павязе жонку, як толькі яна выйдзе на волю.

Голас Марфы ў падкасце "Вясна прыйдзе". Выпуск прысвечаны праваабаронцы "Вясны" і палітзняволенай Марыі Рабковай

Марфу чакаюць яе муж Вадзім Жаромскі, валанцёры (Марфа каардынавала Валанцёрскую службу "Вясны"), а таксама многія беларускі і беларусы. У падкасце пачуем і голас Марфы — з тых інтэрв'ю, якія яна паспела даць да свайго затрымання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства