viasna on patreon

Палітвязня судзяць за пудзілаў і налепкі "Пагоні"

2021 2021-04-13T19:40:52+0300 2021-04-13T19:40:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudovaja-zala-002.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

13 красавіка суд Мінскага раёна пачаў разглядаць крымінальную справу палітвязня Віктара Лосіка. Яго абвінавацілі паводле арт. 339, 341 Крымінальнага кодэксу.

Справу разглядае суддзя Новікава. Дзяржабвінавачанне падтрымлівае пракурор Касінская. Пацярпелыя — старшыня ўчастковай выбарчай камісіі ў Хацежына Радзько і яе намесніца Красоўская. Абедзве заявілі пазоў на выплату маральнай шкоды: па тры тысячы рублёў кожнай.

У чым абвінавацілі?

Палітвязня абвінавацілі ў тым, што павесіў на мосце пудзілы з фотаздымкамі міністра ўнуртраных справаў і старшыні выбарчай камісіі Хацежынскага ўчастка для галасавання з надпісам “Не забудем, не простим!”, а таксама ў нанясенні выяваў з беларускім нацыянальным гербам “Пагоня” на збудаваннях і апорах маста. Фотаздымкі пудзілаў былі размешчаны ў чаце "Хацежына для жыцця".

Што кажа палітвязень?

Віктар Лосік прызнаў віну па артыкуле 339 і не пагадзіўся — з артыкулам 341, прынёс прабачэнні пацярпелым, пудзілы з фатаздымкамі якіх вывешваў: прызнаў усе тры факты вывешвання пудзілаў. Ён расказаў, што ў наваколлі Хацежына  развешваў пудзілы па начах з інтэрвалам 1-2 дні, а таксама наносіў на апоры мастоў, будынкі водапомпавай станцыі і электрашчытавой выявы з "Пагоняй": не менш 28 разоў.Хоць на фотапастцы выява невыразная, немагчыма апазнаць яго з поўнасцю, ён таксама прызнаў, што гэта ён сняты ў момант размяшчэння гербаў. Таксама — распавёў, дзе набываў і хаваў пудзіла, як знаходзіў фотаздымкі. Адзначыў, што гэта было зроблена ў адчаі ад падзей лета-2020.

Ён распавёў, што быў назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах. Яго не дапусцілі ў памяшканне, таму быў вымушаны назіраць на вуліцы. Пратакол галасавання вывешаны не быў, яго паказалі праз дзверы а 12-й гадзіне ночы з выпраўленнямі і без усіх неабходных подпісаў. Віктар Лосік пісаў скаргі ў тэрытаряльную камісію і ЦВК, адказаў па сутнасці не атрымаў: гэта і жорсткасць з боку МУС сталі для яго падставай для выражэння нязгоды. Ён выказаў яе ў вывешванні пудзілаў з прымацаванымі да іх фатаздымкамі Караева, старшыні і намесніцы старшыні раённай выбарчай камісіі Радзько і Красоўскай, работнікамі сельсавета (апошняя — дэпутат ад іх акругі). Віктар Лосік адзначыў, што ягоныя дзеянні былі накіраваныя супраць канкрэтных службовых асоб, вінаватых у фальсіфікацыі выбараў і гвалце, бо законнымі спосабамі дамагчыся праўды не было магчымасці.

Лосік папрасіў прабачэння ў пацярпелых, рахункі за псаванне маёмасці ў суме 43р., 54р., 25р. аплаціў у поўным памеры. Не лічыць псаваннем маёмасці і крымінальнай справай налепку "Пагоні" на бетонныя сцены. Пазовы пацярпелых лічыць празмернымі, але гатовы пакрыць шкоду.

На судзе Лосік заявіў, што пры дачы паказанняў на яго рабілася маральнае і псіхічнае ўздзеянне, раскаянне выраблялася пад пераканаўчыя просьбы супрацоўнікаў РУУС. Але гэтую тэму падчас суда ён абмяркоўваць не захацеў.

Што казалі пацярпелыя?

Пацярпелая Радзько прад'явіла абвінавачанні наконт трох убітых у яе пудзіла цвікоў: гэтага ўчынку Лосік не прызнае і кажа, што заўсёды быў супраць гвалтоўных дзеянняў, таму не рабіў гэтага.

Пацярпелая Красоўская абвінавачвае Лосіка ў тым, што яе пудзіла пасля вывешвання на дарожным знаку было перанесенае на могілкі і сфатаграфавана там з тэкстам "Памятаем. Любім. Смуткуем". Але гэты эпізод па справе Лосику ня ставіцца, хаця першапачаткова ў яго прызнаннях гэты факт ёсць. 

Што яшчэ было на паседжанні?

Адвакат настойвае на кваліфікацыі дзеянняў па артыкуле 369. Ён адзначыў, што Лосік аказваў садзейнічанне ў расследаванні, дапамагаў пры выездзе на месца, добраахвотна даў свой тэлефон. А таксама раскайваецца, што абраў няправільны спосаб сваёй нязгоды.

Таксама падчас паседжання было адзначана, што бацькі Лосіка і ягоныя жонка з дзецьмі маюць патрэбу ў дапамозе.  


Віктар Лосік быў членам ініцыятыўнай групы грамадзян Віктара Бабарыка, збіраў подпісы ў яго падтрымку, быў валанцёрам у аб'яднаным штабе, дапамагаў ініцыятыве "Сумленныя людзі". На прэзідэнцкіх выбарах быў незалежным назіральнікам на ўчастку ў Хацежына. Віктар жанаты, у яго двое дзяцей.

Быў затрыманы 14 снежня 2020 г. у п. Хацежына Мінскага р-на супрацоўнікамі МУС. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства