viasna on patreon

"Правілы спушчаны былі з самых вышэйшых кабінетаў". Мастак Яўген Лукашэвіч пра суткі ў Лідскім ЦІП

2021 2021-04-14T15:14:58+0300 2021-04-14T16:58:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lukashevich_u_cip.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Арыштант у Лідскім ЦІП. Малюнак Яўгена Лукашэвіча

Арыштант у Лідскім ЦІП. Малюнак Яўгена Лукашэвіча

Мастак Яўген Лукашэвіч быў арыштаваны 26 сакавіка на 15 сутак за вывешаны бела-чырвона-белы сцяг на фасадзе свайго дома. Гэтым дзеяннем, па меркаванні суддзі Лідскага раёна, мужчына правёў пікетаванне без дазволу, чым парушыў парадак правядзення мерапрыемства, устаноўлены законам “Аб масавых мерапрымствах”. Знаходзячыся за кратамі Яўген Лукашэвіч рабіў замалёўкі, пакуль 1 красавіка ў “палітычных” не забралі амаль усе рэчы. Мастак распавёў ПЦ “Вясна” пра ўмовы ўтрымання ў Лідскім цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

За тыдзень да 1 красавіка Яўген паспеў атрымаць ажно тры перадачы з адзежай, прадуктамі харчавання, цыгарэтамі, кнігамі, асадкамі для малявання.

“Запас атрымаўся такі, што можна было не 15, а 45 сутак перачакаць! Але ўжо раніцай 2 красавіка з усяго гэтага засталіся толькі "мыльна-рыльныя" і зменныя шпарпэткі-майткі. Перамены ўводзіліся сумбурна і паступова”, – распавёў былы арыштант.

lukashevich_u_cip4.jpg

Раніцай 1 красавіка на калідоры паміж ахоўнікамі прагучала: Сказаў, што нехрэн – будуць тут ікру жраць і спаць на ложках цэлымі днямі”.

lukashevich_u_cip3.jpg

Пасля ранішняга абходу і праверкі “палітычных” перасялілі ў іншыя камеры:

Забралі пакеты з адзежай і прадуктамі, але не забралі матрасы і кнігі-сшыткі. Сказалі, перад адбоем аддадуць назад. А пасля абеду загадалі скруціць і здаць і матрасы таксама. Прычым не толькі траім палітычным, а ўвогуле ўсім арыштаваным у ЦІП, а гэта чалавек дзесяць на той момант!

Матрасы на працягу дня стаялі наўпрост у калідоры уздоўж сцяны. У 22.00 гадзіны іх вярнулі арыштантам. На наступны дзень матрасы зноў забралі ва ўсіх, а ў палітычных – увогуле ўсе рэчы, уключаючы кнігі і пісьмовыя прыналежнасці.

lukashevich_u_cip1.jpg

Раніцай 3 красавіка матрасы забралі ўжо толькі ў палітычных, заадно перасяліўшы нас у іншыя камеры. Тады ж новы лад жыцця для палітычных набыў свой канчатковы фармат:

6:00 – здача матрасаў;

7:00 – пад’ем;

9:30 – абход, шмон, туалет і ўмывальнік на калідоры, штодзённы пераезд у новую камеру;

12:00 – 21:00 – два візіты ў ЦІП дзяжурнага афіцэра ад РАУС спецыяльна для двух дадатковых шмонаў камер з палітычнымі, падчас якіх на калідор выводзілі ўжо ў кайданках, надзетых папярэдне цераз "кармушку" дзвярэй;

22:00 – выдача матрасаў;

23:00 – адбой у ЦІП;

2:00 – пад'ём, каб "прадставіцца" тварам да сцяны ўнутры камеры;

5:00 – пад'ём, каб "прадставіцца" тварам да сцяны ўнутры камеры.

Па нестыкоўках новага фармату з распарадкам дня ЦІП, па разгубленасці аховы ў першыя дні, па іх рэакцыі - было відаць, што гэтыя правілы спушчаны былі з самых вышэйшых кабінетаў дзяржавы”, – адзначае Яўген Лукашэвіч.

Ён удакладняе, што сам ЦІП г. Ліды месціцца ў старым будынку былой гаўптвахты, у ім сем камер на два чалавекі: у пяці камерах няма ні прыбіральні, ні умывальніка, а толькі пластыкае вядро ў куце, якое кожную раніцу трэба выносіць у агульную прыбіральну на калідоры.

lukashevich_u_cip7.jpg

У двух камерах ёсць прыбіральная, але без перагародак, а змыў у ёй робіцца вадой са звычайнага вядра, умывальнікаў таксама няма.

lukashevich_u_cip2.jpg

“Таму тыя, хто трапляе сюды не падрыхтаваўшыся і не атрымліваючы перадачак з волі – вырачаныя праводзіць тыдні напралёт яшчэ і ва ўмовах дзікай, небяспечнай для здароўя антысанітарыі: умывальнік дасяжны раз на суткі, а прыём ежы адбываецца ў 1,5-2 метрах ад “парашы”.

Яўген Лукашэвіч за 15 сутак пабываў у пяці камерах, і ў кожнай з іх вонкавая сцяна была пакрытая густой чорнай цвіллю, была мокрай у халоднае надвор’е. На прагулкі і ў душ арыштантаў не вадзілі.

lukashevich_u_cip5.jpg

*У матэрыяле выкарыстаныя замалёўкі Яўгена Лукашэвіча. Больш у альбоме мастака ў Facebook


Калі вы былі падвергнутыя адміністрацыйнаму пераследу і вам неабходна дапамога - звяртайцеся ў "Вясну". 

Таксама праваабаронцы прапануюць запоўніць анкеты пра ўмовы ўтрыманне ў ізалятары і справядлівасць судовага працэсу

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства