Брэсцкі абласны суд адмовіў у задавальненьні зыску грамадзянаў Маларыты, пазбаўленых гарачай вады.
19 верасьня 2002 году ў Берасьці адбылося судовае паседжаньне ў абласным судзе пад старшынствам суддзі Сучок Тамары Іванаўны, у якім разглядаўся зыск жыхара г. Маларыта да прадпрыемства “Маларыцкае ЖКГ” Уладзіміра Малея.
Сутнасьць зыску ў тым, што Ўладзімір Малей, своечасова плоцячы грошы за гарачую ваду, перастаў яе атрымліваць. Спачатку ён атрымліваў яе 3 разы на тыдзень, потым Маларыцкі райвыканкам вырашыў што жыхарам гораду дастаткова атрымліваць гарачую ваду 2 разы на тыдзень, і ў рэшце-рэшт яе ўвогуле адключылі. Жыхары некаторы час цярпліва зносілі невыгоду, пасьля чаго сабралі 435 подпісаў у сваю абарону і падалі заяву на правядзеньне мітынгу.
Ініцыятарам актывізацыі насельніцтва выступіў юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна”, жыхар г. Маларыта Ўладзімір Малей. Ён жаж падаў зыск у раённы суд аб кампенсацыі маральнай шкоды яму асабіста.
Суд першай інстанцыі разгледзеў зыск.
Бок адказчыка прадстаўлялі:
- Палівода Лілія Міхайлаўна – юрыстконсульт райвыканкаму,
- Еўдакімава Надзея Аляксандраўна – эканаміст нам. дырэктара прадпрыемства “Маларыцкае ЖКГ” і
- Антонава Галіна Ігнацеўна – юрыст гэтага прадпрыемства.
Бок істца прадстаўлялі:
- Вадзім Качаргін – ад грамадзян,
- Генадзь Самойленка – сябра праваабарончага цэнтру “Вясна”.
Варта адзначыць, што ў судовым паседжаньні апроч суддзі, пракурора трымалі слова яшчэ тры юрысты, а астатнія ўдзельнікі бакоў былі людзі з вышэйшай адукацыяй. Гэта падкрэслівае вялікае сацыяльнае значэньне гэтай праблемы.
Бакі выклалі свае аргуманты, і ня гледзячы на тое, што ў адказе ад 24.07.02г. за №05/33-159 намесьнік генеральнага дырэктара Г.С. Герезо Брэсцкай абласной ЖКГ прынес свае прабачэньні Ўладзіміру Малею “за імеюшіеся неудобства” чым прызнаў віну, суддзя Маларыцкага раённага суду Барчэўскі Пётар Васілевіч адмовіў У. Малею ў кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 900.000 рублёў.
Не задаволіўшыся такім рашэньнем Уладзімір Малей падаў касацыйную скаргу ў абласны суд з просьбай аб адмене рашэньня суду першай інстанцыі і скіраваньні яго на паноўны разгляд.
У абласным судзе ізноў былі заслуханыя аргуманты і зыск быў адхілены ў чарговы раз.
Якую з гэтага можна зрабіць выснову. Нас, спажыўцоў, зрабілі закладнікамі сістэмы. З намі заключаюць дамовы на забясьпячэньне цяплом, электрычнасьцю і г.д. Менавіта дамовы з акрэсленымі двубаковымі абавязкамі. Менавіта абавязкамі і калі яны не выконваюцца, тады бок-парушальнік павінен панесьці належнае пакараньне.
У маларыцкім выпадку, разумеючы, што Ўладзімір Малей мае рацыю і ў душы згаджаючыся зь йім, члены суду і прадстаўнікі райвыканкаму вымушаны паступіцца прынцыпамі справядлівасьці выносячы судовае рашэньне.
Каму не патрэбная гарачая вада, хто адмовіцца ад электрычнасьці? Калі мы цывілізаванае грамадзтва і не імкнемся да рэгрэсу, дык павінны змагацца за гарачую ваду, за забясьпячэньне электрычным токам у поўным памеры і ў дастатковай колькасьці.
Уладзімір Малей у абласным судзе сказаў: “Мэта якога-заўгодна бізнэсу – атрымаць прыбытак” (гэта па Адаму Сьміту). Сапраўды гэта так. Прадпрыемства “Маларыцкае ЖКГ” не навучылася атрымоўваць прыбытак і належным чыным выконваць свае абавязкі пакрываючы свае памылкі за кошт спажыўцоў.
Хто пацярпей ад гэтай безгаспадарчасьці? Уладзімір Малей ? – Так. Суддзі і пракурор? – Так. Усё грамадства? – Так.
Паважаныя суддзі, вучыцеся глядзець праўдзе ў вочы, а галоўнае стаяць на баку законнасьці.
Падрыхтаваў Генадзь Самойленка