viasna on patreon

Новыя выбары і расследаванне парушэнняў правоў чалавека. ПАСЕ прыняла рэзалюцыі па Беларусі

2021 2021-04-21T16:23:09+0300 2021-04-21T16:23:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/parlamentskaya_assambleya_sovet_evropy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пасяджэнне Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Фота: assembly.coe.int

Пасяджэнне Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Фота: assembly.coe.int

Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прыняла дзве рэзалюцыі па Беларусі: з патрабаваннямі да беларускіх уладаў пачаць шырокі нацыянальны дыялог, правесці новыя прэзідэнцкія выбары ўжо сёлета і расследаваць шматлікія факты парушэнняў правоў чалавека. Пра гэта піша TUT.BY.

Праект рэзалюцыі аб тэрміновай неабходнасці правядзення рэформы выбарчай сістэмы ў Беларусі прадстаўляў сябра ПАСЕ, лорд Дэвід Бленкатра.

У рэзалюцыі "Тэрміновая неабходнасць рэформы выбараў у Беларусі" ўказваецца, што сістэма правядзення выбараў у Беларусі "стала рухаючым фактарам цяперашняга палітычнага, эканамічнага і праваабарончага крызісу".

Рэзалюцыя заклікае:

  • Да ўсебаковай рэформы выбараў у Беларусі, якая павінна прывесці выбарчыя законы і практыку ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі;
  • Рэформа павінна гарантаваць незалежнасць і бесстароннасць выбарчых камісій, стварыць адзіны публічны рэестр выбаршчыкаў, адрэгуляваць датэрміновае галасаванне, забяспечыць празрыстасць падліку галасоў, дазволіць мясцовае і міжнароднае назіранне, усталяваць выразныя і менш жорсткія крытэрыі для рэгістрацыі кандыдатаў, забяспечыць магчымасць судовага абскарджання ўсіх рашэнняў камісій;
  • ПАСЕ ўлічвае, што многія беларускія і міжнародныя структуры заклікаюць да правядзення датэрміновых выбараў на базе існуючага выбарчага заканадаўства. І падкрэслівае, што "такія выбары могуць быць прызнаныя дастаткова свабоднымі і справядлівымі, толькі калі незалежная і бесстаронняя ЦВК зможа з дапамогай палажэнняў, рашэнняў, распараджэнняў або інструкцый увасобіць у жыццё як мага больш з пералічаных вышэй патрабаванняў, а мясцовыя і міжнародныя назіральнікі змогуць назіраць за ўсім выбарчым працэсам";
  • Рэзалюцыя таксама заклікае "ўлады Беларусі і ўсе зацікаўленыя бакі тэрмінова правесці шырокі дыялог, каб забяспечыць мірны выхад з крызісу".

Бленкатра адзначыў, што рэкамендацыі, прапісаныя ў дакладзе, заснаваныя на выніках назіранняў за папярэднімі выбарамі ў Беларусі, паколькі на выбарах у жніўні назіральнікі ад Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы не працавалі.

Член ПАСЕ, лорд Давід Бленкатра. Фота: assembly.coe.int
Член ПАСЕ, лорд Дэвід Бленкатра. Фота: assembly.coe.int

"Пры падрыхтоўцы даклада я пастараўся выйсці на ўсе зацікаўленыя бакі, у тым ліку беларускія ўлады. На жаль, улады не адказалі на нашу анкету, яны папросту праігнаравалі маю прапанову аб узаемадзеянні і зносінах. Як адказалі іншыя бакі? Станоўча і канструктыўна, я хачу асабліва падзякаваць грамадзянскай супольнасці Беларусі", — заявіў Дэвід Бленкатра.

Аўтар дакладу падкрэсліў, што дакумент змяшчае нейтральныя рэкамендацыі. Але гэта не значыць, што Парламенцкая асамблея нейтральна ставіцца да таго, што адбываецца ў Беларусі.

"Мы не нейтральныя, мы асуджаем тое, што адбываецца, і ў рэзалюцыі гаворыцца пра няздольнасць беларускіх уладаў забяспечыць рэформу выбарчай сістэмы на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў", — заявіў Бленкатра.

Паводле слоў парламентарыя, мэта ўсіх рэзалюцый, якія прымаюць у адрас Беларусі, — забяспечыць новыя выбары ў Беларусі, каб яны былі свабоднымі і справядлівымі.

Праект рэзалюцыі "Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі патрабуюць міжнароднага расследавання" прадставіла сябра ПАСЕ, Аляксандра Луі, якая заявіла, што барацьба з беспакаранасцю — прынцыповае пытанне і Савет Еўропы павінен паслаць выразны сігнал тым, хто парушае правы чалавека, даць ім зразумець, што яны будуць адказваць за свае дзеянні.

У рэзалюцыі "Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі патрабуюць міжнароднага расследавання" падкрэсліваецца, што "мірныя пратэсты пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года былі жорстка задушаныя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, а многія пратэстоўцы былі арыштаваныя і падвергліся катаванням". Рэзалюцыя паказвае, што маюць дачыненне да падобных парушэнняў правоў чалавека не былі пакліканы да крымінальнай адказнасці.

Рэзалюцыя заклікае:

  • Улады Беларусі павінны ўступіць у дыялог з народам і падкрэслівае, што дыялог "з'яўляецца адзіным шляхам спыніць гвалт і парушэнні правоў чалавека і правесці новыя дэмакратычныя выбары, каб выйсці з палітычнага крызісу";
  • Вызваліць усіх палітвязняў, неадкладна спыніць катаванні і бесчалавечнае абыходжанне з апанентамі рэжыму;
  • Завесці крымінальныя справы супраць тых, хто здзяйсняе злачынствы супраць беларускага народа;
  • З боку Савета Еўропы прапанаваць Беларусі далучыцца да Еўрапейскай канвенцыі аб папярэджанні катаванняў і бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання;
  • Савет Еўропы павінен патрабаваць у сваіх адносінах з Беларуссю неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення кампаніі рэпрэсій супраць пратэстоўцаў і іх сем'яў, а таксама паставіць гэтае патрабаванне ў залежнасць ад любога тэхнічнага супрацоўніцтва і любога руху на шляху да магчымага ўступлення Беларусі ў Савет Еўропы;
  • Вывучыць магчымасці выкарыстання Савета Еўропы ў якасці пасрэдніцкай платформы для дыялогу паміж уладамі і апазіцыяй.

"Мы ўжо бачылі, што судовы апарат Беларусі не здольны да правасуддзя і палітычна стрымліваецца, таму прадстаўнікі сілаў правапарадку да гэтага часу не пераследуюцца па законе, нават калі яны забілі чалавека. Наадварот, пераследуюцца лекары, адвакаты, праваабаронцы і журналісты, якія спрабуюць задакументаваць такія дзеянні", — заявіла Аляксандра Луі.

Вызваленне лідэраў апазіцыі, журналістаў і мірных дэманстрантаў павінна стаць прыярытэтам Савета Еўропы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства