viasna on patreon

Новыя крыміналкі і затрыманні: хроніка палітычнага пераследу 22 красавіка Дапоўнена

2021 2021-04-22T22:44:00+0300 2021-04-23T11:23:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/malinauka-zatrymanni-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу за 22 красавіка: па-ранейшаму,  затрымліваюць за бел-чырвона-белую сімволіку, адбываюцца вобшукі і допыты, выносяцца папярэджанні і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Стала вядомае імя чацвёртай арыштаванай па справе «замаху на Лукашэнку», піша "Наша Ніва".

21 красавіка КДБ заявіла, што па справе «замаху на Лукашэнку і дзяржперавароту» затрыманыя чатыры чалавекі. Раней вядома было толькі пра трох — Юрася Зянковіча, Аляксандра Фядуту і Рыгора Кастусёва. Імя чацвёртага фігуранта КДБ не назвала.

«Наша Ніва» дазналася, што гаворка, хутчэй за ўсё, вядзецца пра 43-гадовую Вольгу Галубовіч. Раней яна займалася справамі мінскага офіса Юрася Зянковіча, які дапамагаў людзям з міграцыяй у ЗША.


Следчым камітэтам вынесеныя пастановы аб прыцягненні ў якасці абвінавачаных Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна. Пра гэта паведамляе "Наша Ніва".

«Дзеянні абвінавачаных кваліфікаваныя следствам паводле ч. 3 арт. 361 (заклікі да ўчынення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і глабальнай камп'ютарнай сеткі інтэрнэт) Крымінальнага кодэкса.

Пракурорам санкцыянавана прымяненне да абаіх абвінавачаных меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Названыя асобы абвешчаныя ў вышук. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца», — распавялі ў Следчым камітэце.


У Мінску каля станцыі метро “Магілёўская” затрыманы мужчына, які там “прасіў на жыццё”. Відавочцы кажуць, што на шыльдзе, дзе напісаныя яго жыццёвыя абставіны, быў таксама і герб “Пагоня”. Затрыманага завуць Кутас Аляксандр Уладзіміравіч, 1962 г.н. 

Сілавікі адвялі яго ў службовы аўтамабіль у кайданках за спінай.


Затрыманні ў Малінаўцы.

Позна вечарам у Малінаўцы былі затрыманыя ўдзельнікі дваровага маршу. Паведамляецца, што супрацоўнікі міліцыі паспелі схапіць два дзесяткі яго ўдзельнікаў. Іх нейкі час трымалі паставіўшы на калені.


Днём ў Мінску была затрыманая Алена Лізурчык. Яе даставілі да суда ў ІЧУ Мінскага раёна.


Гародня

Сёння раніцай у Горадні затрымалі фатографа Валера Юдзіна.

«Хацелі, каб ён ехаў сваім аўтамабілем. Мяркую, усё праз БЧБ-сцяжок, які ў ёй знаходзіцца», — кажа жонка Юдзіна, журналістка Аксана Сівадзедава.

Валер Юдзін да нядаўніх часоў працаваў фатографам у часопісе «Твой горад Гродна», выданне якога цяпер прыпынілася, паведамляе тг-канал “Белсат”.


Гарадзенку Любоў Сарлай (тую самую, якую затрымлівалі за БЧБ-нагавіцы) звольнілі з «Белпошты», дзе яна працавала з 2008 года, піша Радыё Свабода.

"Я не ведаю, добры я была супрацоўнік ці не, але працу сваю я выконвала адказна, я ніколі не дазваляла сабе спазняцца, закрывацца крыху раней ці адкрывацца пазней, хаміць людзям, паводзіць сябе непрыстойна. Але і поўзаць, хадзіць на задніх лапках і маўчаць-гэта таксама не пра мяне. І так, я лічу звальненне па артыкуле нявартым учынкам (хоць якая ўлада-такія і ўчынкі і кіраўнікі»" , - напісала Любоў у Instagram.


Бабруйск

У Бабруйску сёння ўзбудзілі крымінальную справу ў дачыненні да 46-гадовага жыхара горада. Яго затрымалі і змясцілі ў ІЧУ. Як паведаміла прэс-служба Магілёўскага упраўлення ўнутраных спраў, затрыманы абвінавачваецца ў абразе супрацоўніка міліцыі.

2021-04-22-12_00_59-bobruiczanin-oskorbi
Скрыншот з відэа Малілёўскага УУС.

Светлагорск

Да журналістаў рэдакцыі светлагорскай мэдыякампаніі «Ранак» Уладзімера Папова і Андрэя Ліпскага прыйшлі з ператрусам аператыўнікі Дэпартамента фінансавых расьледаванняў.

У ордэры было запісана, што ператрус праводзіцца ў рамках раследавання крымінальнай справы, паведамляе сайт «Ранак».

Праблемы ў «Ранка» пачаліся летась у верасні, калі ў офіс кампаніі таксама прыйшлі супрацоўнікі ДФР, забраўшы дакумэнты для праверкі. Больш чым праз паўгода стала вядома, што па яе выніках заведзеная крымінальная справа па артыкуле аб ухіленні ад выплаты падаткаў супраць заснавальніка прадпрыемства Ігара Кашлікава.

Падчас ператрусу ў Андрэй Ліпскага і Ўладзімера Папова канфіскавалі кампутары. Пасля гэтага правялі ператрус і ў рэдакцыі, яны забралі і працоўныя кампутары згаданых супрацоўнікаў. Фактычна іх пазбавілі магчымасці паўнавартасна працаваць, піша Радыё Свабода.


Пінск

Па дарозе ў Пінск супрацоўнікі міліцыі спынілі аўтамабіль, у якім ехалі журналісты-фрылансеры Ілля Маліноўскі і Максім Гарчанок.

Міліцыянты павезлі Іллю і Максіма ў райцэнтр, магчыма ў Пінскі РАУС, паведамляе Белсат TV.


Супраць жыхаркі Пінска Алены Шымолінай распачалі справу паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (матэрыяльнае забесьпячэнне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Летась на яе ўжо завялі іншую крымінальную справу, пасля чаго яна з'ехала з краіны.

Справа прынятая ў работу Пінскім міжраённым аддзелам Следчага камітэту, гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Пінская грамадзкая актывістка, юрыстка, кіраўніца дабрачыннай арганізацыі «Палеская дабрыня» Алена Шымоліна праз пераслед уладаў была вымушаная з'ехаць з Беларусі ў Польшчу, піша Радыё Свабода.


Берасце

Берасцейскага праваабаронцу Рамана Кісляка сёння выклікалі ў пракуратару і далі афіцыйнае папярэджанне.

Раман Кісляк каля будынка суда. Фота: Уладзімір Вялічкін

Рамана вінавацілі ў тым, што ён даў інтэрв'ю «Deutsche Welle». Пракуратура лічыць, што словы Кісляка, сказаныя ў тым інтэрвʼю, могуць прывесці да напружанасці ў грамадстве і выклікаць акцыі пратэсту. Якія канкрэтна словы - Кісляку не паведамілі.

«Я лічу гэта поўным бязмежжам. Атрымліваецца, зараз нават нельга абмеркаваць ніякія праблемы, якія ёсць у грамадстве. Буду абскаржваць», – сказаў Раман Кісляк «Белсату».


Інфармацыя будзе дапаўняцца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства