viasna on patreon

Пракурор просіць пакараць кіроўцу аўтадома "Страна для жизни" Арановіча шасцю гадамі калоніі

2021 2021-04-22T16:44:05+0300 2021-04-22T18:54:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/aranovich_98.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Гродна 22 красавіка адбыліся спрэчкі па крымінальнай справы супраць 38-гадовага кіроўцы аўтадома "Страна для жизни" са Старых Дарог Аляксандра Арановіча. Яго абвінавачваюць у арганізацыі дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак у Гродне 29 траўня, па ч. 1 арт. 342 КК. Таксама яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 13 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадкаў) за захоўванне на гарышчы дома ў сваіх бацькоў у Старых Дарогах старой дымавой шашкі. Аляксандра затрымалі 29 траўня мінулага года. Сёння Арановіч паведаміў, што яго ў СІЗА паставілі на прафілактычны ўлік. Палітвязень таксама заявіў адвод суддзі Алене Пятровай, а падчас спрэчак бакоў яго выдалілі з зала суда за неналежныя паводзіны. Пракурор Дзяніс Корда лічыць, што віна Арановіча па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса (па ч. 1 арт. 342 і ч. 2 арт. 13 арт. 293 КК) цалкам даказаная і просіць суд пакараць яго шасцю гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.  

Палітзняволены Аляксандр Арановіч. Фота: spring96.org
Палітзняволены Аляксандр Арановіч. Фота: spring96.org

Палітзняволены Аляксандр Арановіч сёння перад спрэчкамі заявіў шэраг хадайніцтваў. Напрыклад, ён прасіў выклікаць і дапытаць сведку Сяргея Скварцова - сукамерніка Аляксандра. Таксама ён прасіў дадаткова даследаваць матэрыялы справы, згодна з якімі ён не аказваў 29 мая супраціў. Таксама ён прасіў суд дапытаць супрацоўнікаў міліцыі Верхаводкіна і Паўлоўскага. Аднак суд адхіліў усе хадайніцтвы.

Аляксандр Арановіч заявіў на судзе, што ў СІЗА яго паставілі на прафілактычны ўлік.

Адвакатка Арановіча заявіла хадайніцтва аб выкліку і допыту Статкевіча, Севярынца, Ціханоўскага. Пракурор быў супраць: "Няма неабходнасці ў іх выкліку, суду прадастаўлена дастаткова доказаў па гэтай справе". Суд пастанавіў адхіліць хадайніцтва.

Арановіч на судзе быў абураны, што яго ўсе хадайніцтвы адхіляюцца:

"Дзяржабвінаваўца хавае факт здзяйснення злачынства ў дачыненні да мяне 29 траўня. Я не аказваў тады супраціву і непадпарадкавання. Буду звяртацца да Генпракурора. У мяне не было змовы з Ціханоўскім і іншымі".

Арановіч перадаў адвакатцы зачытаць напісаныя ім у СІЗА паказанні-тлумачэнні сваіх паездак за травень месяц з Ціханоўскім, якія сведчаць, што ніякай змовы і дзеянняў групай асоб не было. Ездзіў проста шафёрам за рулём аўто, апісвае палітвязень падрабязнасці наведванняў Барановіч, Мінска, Магілёва.

Таксама Аляксандр Арановіч на судзе заявіў, што справа сфабрыкаваная па ўказанні Лукашэнкі.

"Мне прыпісваюць дымавую шашку, няма фактаў, якія пацвярджаюць, што я сабраўся ўдзельнічаць у масавых беспарадкаў. Артыкул 364 КК за 29 траўня з мяне знялі праз 10 дзён, а прыпісалі іншыя артыкулы, па якіх я нічога не здзяйсняў. Прашу суд разабрацца з прафілактычным улікам, так як ён ўплывае на прысуд, я не біў супрацоўнікаў пры затрыманні".

Аляксандр Арановіч таксама заявіў адвод суддзі Пятровай:

"Я не магу даказаць сваю невінаватасць! Заяўляю адвод суду! Вы ўсё адхіляеце, што я прашу! Вам нецікавыя мае сведчанні і доказы".

І ў гэтым хадайніцтве было адмоўлена: суддзя не знайшла падстаў заявіць сабе адвод.

Пракурор Дзяніс Корда перайшоў да зачытвання сваёй пазіцыі па справе:

"Арановіч абвінавачваецца ў тым, што ён з 4 да 29 траўня, дзейнічаючы групай асоб, знаходзячыся ў Старых Дарогах, у іншых гарадах, паддаўшыся заклікам Статкевіча, прыняў пастанову ўдзельнічаць ва ўчыненні злачынства, набыў дымавую шашку і стаў канспіратыўна захоўваць яе ў доме ў Старых Дарогах. Але 29 траўня Арановіч быў затрыманы ў Гродне і не здзейсніў злачынства.

Доказы даследаваны поўна, абвінавачванне знайшло сваё пацвярджэнне. Арановіч разам з Ціханоўскім 29 траўня ўзялі ўдзел у так званым зборы подпісаў, прыехалі канспіратыўна ў Гродна. На відэа зафіксаваны канфлікт Ціханоўскага і жанчыны ў кепцы з казырком…"

Арановіч пачаў абурацца. Яго выдалілі з залы суда падчас спрэчак за неналежныя паводзіны. Ён не пачуе, якое пакаранне для яго папросіць пракурор.

У выніку, пракурор Дзяніс Корда папрасіў суд прызнаць Арановіча вінаватым паводле ч. 1 арт. 342, паводле арт. 13 ч. 2 арт. 293 і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе шасці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненнага рэжыму. Пракурор папрасіў таксама канфіскаваныя грошы ў доме бацькоў Арановіча перадаць маці, а канфіскаваны макет тапка знішчыць.

У судзе абвешчаны перапынак да 27 красавіка 11:30. Чакаецца апошняе слова палітвязня.

Маніторынг гэтага судовага працэса вёў праваабаронца Р. Юргель

Як у Гродне судзяць чатырох фігурантаў "справы Ціханоўскага". Фотарэпартаж

"Вясна" працягвае назіраць за гэтым працэсам. Распавядаем і паказваем, як у Гродне судзяць чатырох фігурантаў "справы Ціханоўскага".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства