viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу за 23 красавіка Дапоўнена

2021 2021-04-23T11:34:17+0300 2021-04-24T00:13:18+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/press_club_turma.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу 23 красавіка. Як і раней, грамадзянаў затрымліваюць за бел-чырвона-белую сімволіку, на дваравых маршах, адбываюцца вобшукі і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

У Мінску таксама былі затрыманыя:

  • Ганна Булат
  • Вадзім Якубоўскі
  • Андрэй Комлік-Ямацін
  • Уладзімір Какарэнка
  • Павел Пашкоўскі

У Брэсце быў затрыманы Юры Кісель. Мужчыну забралі з дому і адвезлі ў Ленінскі РАУС. Дома ў яго правялі ператрус і канфіскавалі тэхніку.


На вуліцы Балтыйскай затрымалі журналістку Тацяну Бублікаву. Паводле інфармацыі суседзяў, яна прыйшла рабіць інтэрв'ю з былой палітзняволенай Марыяй Сафонавай, якая ўжо адбыла пакаранне.


Антон Матолька у сваім тэлеграм-канале паведамляе, што каля рэстарана "Поедем поедим" адбыліся затрыманні. Блогер мяркуе, што сярод затрыманых мог быць Зміцер Дашкевіч, які кожную пятніцу з 2018 года дзяжурыць каля Курапатаў. 

Паведамляецца, што былі затрыманыя Зміцер Дашкевіч, Ганна Шапуцька, Кірыл ЛойкаМарыя Камарова, Крысціна Марчанка і Артур Белаблоцкі.


У Светлагорску каля 14.30 гадзін да Сяргея Бяствіцкага прыйшла міліцыя. На сувязь мужчына не выходзіць. 


Як паведамляе тэлеграм-канал "БНТУ 97%", сёння ў 6.40 раніцы ў інтэрнат БНТУ №11 да студэнта энергетычнага факультэта прыходзілі пяць чалавек у цывільным, у балаклавах і з пасведчаннямі. Яны пыталіся ў студэнтаў, дзе знаходзіцца іх сусед, да якога сілавікі прыйшлі з ператрусам.

Самога студэнта ў інтэрнаце не было. Гэта першы вядомы выпадак, калі з ператрусам прыйшлі наўпрост у інтэрнат БНТУ.


У Мінску затрымалі 65-гадовага пенсіянера, паведамляецца ў тэлеграм-канале Кулуары КУКУ. МУС называе яго адміністратарам раённага чата Уручча. У кватэры мінчаніна, сцвярджае ведамства, знайшлі і канфіскавалі 65 тысяч еўра і 87 тысяч даляраў. Пенсія мужчыны не перавышае 280 рублёў, правяраецца яго дачыненне да фінансавання пратэстаў.

urucha_shpakouski.jpg
Затрыманы 65-гадовы пенсіянер. Скрыншот з аператыўнай відэаздымкі МУС

Верагодна, затрыманы - гэта Адам Шпакоўскі, да якога 21 красавіка ўварваліся міліцыянты і праводзілі вобшук на працягу шасці гадзінаў. Як стала вядома праваабаронцам на мужчыну паскардзіліся суседзі за тое, што "ён дастаў усіх сваёй беларускай мовай" (Адам Шпакоўскі пастаянна размаўляе на беларускай). Пасля затрыманага павезлі на Акрэсціна, па словах яго сям'і, суд ужо адбыўся і пакараў мужчыну арыштам на 15 сутак.


Cледчы камітэт завёў крымінальную справу аб хуліганстве ў дачыненні да 53-гадовага лекара з Бараўлянаў. Мужчыну абвінавачваюць у тым, што ў ноч з 13 на 14 красавіка ён падпаліў дзве "Табакеркі", а праз некалькі дзён здзейсніў яшчэ адно падобнае злачынства. Медык затрыманы, з ім працуюць следчыя.


Тэлеграм-канал "BYPOL" прызнаны экстрэмісцкім. Паводле МУС, такое рашэнне прыняў Чыгуначны суд Гомеля на падставе матэрыялаў праверкі абласнога упраўлення ГУБАЗіК. 

На канале нібыта большая частка інфармацыі была накіраваная на падрыў аўтарытэту дзеючай улады і яе прадстаўнікоў.

Цяпер за рэпост інфармацыі з каналу "BYPOL" грамадзянаў могуць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 19.11 КаАП.


Да журналіста Іллі Дабратвора каля 11 гадзін пачалі ламіцца ў кватэру невядомыя. Пра гэта ён паспеў напісаць у сваім фэйсбуку. 

Аляксей Кірэеў паведаміў у каментарах да посту Дабратвора, што міліцыянты прыходзілі і да яго - грукалі ў дзверы каля 6.30 раніцы. Мужчына мяркуе, што візіт сілавікоў звязаны з прэвентыўнымі затрыманнямі перад 35-ай гадавінай трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. 


Тэрміны ўтрымання пад вартай палітзняволеных супрацоўнікаў "Прэс-клуба" Юліі і Пятра Слуцкіх, Алы Шарко і Сяргея Альшэўскага працягнутыя яшчэ на два месяцы, паведамляе “Прэс-клуб”.

Яны ўжо чатыры месяцы ў СІЗА — і застануцца там як мінімум да 23 чэрвеня.

Як піша Аляксандра Слуцкая, дачка заснавальніцы Прэс-клуба Юліі Слуцкай:

"Вынікаў падатковай праверкі няма. Нібыта ўрон, які налічылі яшчэ ў самым пачатку, даўно пагашаны сваякамі. Следчых дзеянняў з Юліяй і Пятром Слуцкімі, Алай Шарко і Сяргеем Альшэўскім не вядзецца. Яны проста сядзяць".

Супрацоўнікі
Супрацоўнікі "Прэс-клуба", якія знаходзяцца пад вартай. Ілюстрацыя з тэлеграм-канала "Прэс-клуба"

Яшчэ на два месяцы працягнулі тэрмін утрымання пад вартай і былой супрацоўніцы БТ Ксеніі Луцкіной. Пра гэта піша “Наша Ніва”.

Журналістка будзе ўтрымлівацца пад вартай да 23 чэрвеня.

«Не ведаю, як сказаць пра гэта яе сыну», — хвалюецца за ўнука-пяцікласніка Алег Луцкін.

Спатканняў з Ксеніяй ім не давалі.

Нагадаем, што затрымалі журналістку 22 снежня. Пасля звальнення з дзяржтэлебачання яна збіралася стварыць альтэрнатыўны канал. Ксенію абвінавацілі ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса).


Да затрыманага 19 красавіка былога следчага СК Яўгена Юшкевіча дагэтуль не пускаюць адваката, піша TUT.BY.

Дзяўчына Яўгена Валерыя Эйсмант паведамляе, што адвакат не можа патрапіць да свайго падабароннага з моманту яго затрымання. Паводле яе слоў, раней супрацоўнікі ў бюро пропускаў СІЗА КДБ паведамілі, што дазволу ад следчага на візыт адваката да гэтага часу няма.

Па месцы жыхарства Юшкевіча за гэтыя дні двойчы прайшлі ператрусы.


Яшчэ двух адвакатак пазбавілі ліцэнзіі, паведамляецца на сайце "Права на абарону".

Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці правяла 21 красавіка пазачарговую атэстацыю адвакатак Ганны Ваўчынскай і Святланы Халаловіч, па выніках якой ліцэнзіі жанчын на прафесійную дзейнасць былі спыненыя.

Падставай для правядзення пазачарговай атэстацыі паслужылі "факты неналежнага выканання адвакатамі сваіх прафесійных абавязкаў, выяўленыя па выніках разгляду скаргаў грамадзян на дзеянні адвакатаў, а таксама падчас выбарачнай праверкі дзейнасці Менскай абласной калегіі адвакатаў, праведзенай Міністэрствам юстыцыі".

Ганна Ваўчынская мае 27 гадоў вопыту працы ў адвакатуры, а Святлана Халаловіч - 19 гадоў.


Інфармацыя будзе дапаўняцца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства