viasna on patreon

"Выхаванне дзіцяці – гэта, у першую чаргу, выхаванне сябе". Для маладой маці пракурор запрасіў 2 гады "хатняй хіміі" за акцыю на пераходзе

2021 2021-04-24T12:21:00+0300 2021-04-24T15:03:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/jakubovich_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Цэнтральнага раёна разглядае крымінальную справу па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць 33-гадовай мінчанкі Юліі Якубовіч. Яе абвінавачваюць у блакаванні дарог на Раманаўскай Слабадзе ў Мінску 20 снежня і 3 студзеня, за тое, што дзяўчына з групай людзей двойчы каля хвіліны пастаяла на пешаходным пераходзе са сцягамі. "Мінсктранс" шкоды не налічыў. Пасля затрымання ў канцы студзеня Юлію дапытвалі на працягу некалькіх дзён, падчас следчых дзеянняў 2 лютага дзяўчына страціла прытомнасць ад знясілення і абязводжвання — яе шпіталізавалі і змясцілі пад кропельніцу. Потым маладую маці пасадзілі на два месяцы пад хатні арышт. На судзе Юлія Якубовіч сваю віну не прызнае, але кажа, што такім чынам падтрымлівала палітвязняў. Дзяржабвінаваўца Цімафей Нічыпарук запрасіў для яе пакаранне ў 2 гады "хатняй хіміі", адвакат жа лічыць, што ў дзеяннях дзяўчыны няма складу злачынства, яна толькі парушыла правілы дарожнага руху. Юлія ўпэўнена, што справа палітычна матываваная. Працэс вядзе суддзя Вікторыя Шабуня. "Вясна" назірае за гэтым працэсам і распавядае ягоныя абставіны.

Юлія Якубовіч каля суда. Фота: spring96.org
Юлія Якубовіч каля суда. Фота: spring96.org

Злачынства без шкоды. У чым яе абвінавачваюць?

Паводле версіі абвінавачвання, Юлія Якубовіч у снежні 2020 года і студзені 2021 года ў Мінску на вуліцы Раманаўская Слабада "ў межах несанкцыянаванай акцыі сумесна з іншымі асобамі ўдзельнічала ў перакрыцці праезнай часткі дарогі і блакаванні руху транспарту". Пры гэтым, абвінавачаная публічна выкрыквала лозунгі, здзяйсняла воплескі рукамі, выкарыстала сцягі і транспаранты. 

"Дзеянні Якубовіч пацягнулі парушэнне графіка і маршруту руху пасажырскага, камерцыйнага і грамадскага транспарту, у тым ліку аўтобусаў і тралейбусаў КУП «Мінсктранс»", — гаворыцца ў абвінавачванні.

Пры гэтым, КУП «Мінсктранс» не налічыў матэрыяльнай шкоды Якубовіч.

Мінчанку судзяць за блакаванне дарог. Са следчых дзеянняў яе забралі ў бальніцу і паклалі пад кропельніцу

Суд Цэнтральнага раёна 9 красавіка пачаў разгляд крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць 33-гадовай мінчанкі Юліі Якубовіч. Яе абвінавачваюць у блакаванні дарог на Раманаўскай Слабадзе ў Мінску, за тое, што дзяўчына з групай людзей двойчы каля хвіліны пастаяла на пешаходным пераходзе са сцягамі.

Новае абвінавачванне?

На другім пасяджэнні ў Юліі Якубовіч пракурор прад'явіў новае абвінавачванне. Яна абвінавачваецца ў парушэнні працы грамадскага транспарту, а менавіта аўтобуса №40 і тралейбуса №9. Хаця з матэрыялаў справы вынікае, што тралейбус стаяў на Раманаўскай Слабада каля 40 секунд, а аўтобус праехаў па Раманаўскай Слабада без перашкод.

Дзяўчына па-ранейшаму не прызнае віну і сказала, што хацела падтрымаць палітвязняў.

На судзе зноў дапыталі Якубовіч. Яна распавяла, што 20 снежня выйшла на вуліцу і ўбачыла людзей, якія выйшлі падтрымаць палітвязняў. Спачатку сустрэла пяць чалавек, потым сабралася чалавек 20-30. Далей пайшлі да пераходу па Раманаўскай Слабадзе, 14. Перайшлі дарогу на зялёны сігнал святлафора, потым не заўважыла, якой святло быў на святлафоры. Дарогу перайшла даволі хутка, не абарочвалася. Машыны стаялі на дарозе, ніхто з вадзіцеляў не выказваў незадаволенасць. Грамадскі транспарт не бачыла.

3 студзеня выйшла з дома з мэтай прагуляцца. Накіравалася ў бок кінатэатра "Беларусь". Сустрэла знаёмую. Яна сказала, што будзе акцыя. Юлія вырашыла застацца паглядзець. Убачыла 20-30 чалавек. Ніякіх указанняў ні ад каго не паступала. Сцяга ў яе не было, але потым незнаёмы чалавек даў ёй маленькі сцяг. Калі выйшлі на праезную частку, знаходзіліся на зялёны і адзін чырвоны. Пасля заканчэння адразу накіравалася дадому. Калі сыходзіла не бачыла, ці засталіся людзі на праезнай частцы, бо не абарочвалася.

Абвінаваўца спытаў:

- Ці згодныя Вы, што ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мерапрыемстве?
- Не, я ўдзельнічала ў акцыі.
- З якой мэтай?
- Падтрымаць людзей.

Дапытвалі ў бальніцы, паказанні давала пад ціскам

У сувязі з тым, што абвінавачаная не памятае частку падзей, абвінаваўца заявіў хадайніцтва абвясціць паказанні дадзеныя ёй падчас папярэдняга следства. Суд хадайніцтва задаволіў. У пратаколе допыту гаворыцца, што яна сустрэла знаёмую, з якой пазнаёмілася на дваравых канцэртах, на праезнай частцы знаходзіліся каля 5 хвілін. Юлія хоць і не бачыць супярэчнасцяў, але сказала, што не падтрымлівае раней дадзеныя паказанні, так як давала іх пад ціскам:

"Мне казалі даць такія паказанні, пачынаючы з супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, заканчваючы адвакатам, якога мне прадаставілі. Я не ведала на той момант, што ў мяне ўжо ёсць адвакат".

Дзяўчыну затрымлівалі на 6 сутак. Абвінавачанай увесь час казалі, што калі яна дасць адпаведныя паказанні, то яе адпусцяць. Спачатку гэта казалі супрацоўнікі ГУБАЗіК, следчая Лебедзева і дзяржаўны адвакат.

5 студзеня дзяўчыну дапытвалі ў бальніцы, калі яна туды трапіла са следчага дзеяння пасля знясілення. Але там яна адмовілася ад дачы паказанняў.

З папярэдніх паказанняў Якубовіч прызнавала толькі тое, што знаходзілася на забараняльны сігнал святлафора на дарозе. Але на судзе яна ўжо не памятае, ці знаходзілася на святлафоры на забараняльны сігнал святлафора.

Дзяўчына яшчэ раз паўтарыла, што проста хацела праявіць салідарнасць з палітычнымі зняволенымі. Выйшла на зялёны сігнал святлафора. Засталася на адзін чырвоны. Ніхто нікому не перашкаджаў. На пытанні суддзі, чаму неаднаразова давала не тыя паказанні, сказала, што тэкст паказанняў быў з папярэдніх паказанняў і яго проста паўтаралі. 

"Змяненняў у маршруце не было, рухаліся як звычайна". Допыт сведак

У судзе дапыталі некалькі сведак. Першым на судзе выступіў кіроўца аўтобуса маршруту №40 Васіль Дарашчанка. На судзе ён падтрымаў раней дадзеныя паказанні, дадзеныя 29 лютага. А 16:00 дыспетчар паведаміў, што Раманаўская Слабада ачэпленая, бо там знаходзіліся людзі з БЧБ-сцягамі і трэба здзейсніць аб'езд. Ён не мог праехаць, бо ДАІ не пусціла. У судзе дапыталі яшчэ трох кіроўцаў грамадскага транспарту. На судзе яны паведамілі, што зменаў у маршруце 20 снежня і 3 студзеня не было, рухаліся як звычайна па маршруце.

Таксама ў якасці сведкі хацелі дапытаць мужа Юліі сведкі Валерыя Якубовіча, але ён адмовіўся ад дачы паказанняў.

У судзе таксама была дапытаная кіроўца аўтамабіля Ірына. Яна распавяла, што 20 снежня ехала ад Нямігі ў бок Кальварыйскай. Ніякіх перашкод не было. Людзі пераходзілі на зялёнае святло, потым трохі спыніліся. Было прыкладна 15 чалавек. Магчыма быў нейкі транспарт. Людзі былі з сімволікай, з якой дакладна — не памятае. Ніяк на гэта не рэагавала, проста чакала. На пытанне суддзі, перашкаджалі ёй людзі, яна адказала адмоўна.

Дапыталі таксама жыхарку вуліцы Раманаўская Слабада Валерыю. Яе дом знаходзіцца недалёка ад пешаходнага пераходу. Яна распавяла, што 3 студзеня чула роў клаксонаў, стаяў рух як у бок Нямігі, так і ў бок Кальварыйскай. На пераходзе былі хлопцы: моладзь, хлопцы і дзяўчаты. Па словах жанчыны, стаялі яны каля 15 хвілін. Была ў іх БЧБ-расцяжка. Гул аўтамабіляў яна чула з шостага паверха. Не памятае дзень, калі гэта было, але была зіма.

У якасці сведкі па гэтай справе дапыталі таксама касірку ў шаурмічнай на Раманаўскай Слабадзе. Яна чула трэцяга студзеня як машыны сігналілі, нічога не бачыла, бо працавала. Падчас паказанняў на папярэднім следстве яна сказала бачыла групу грамадзян, якія стаялі на дарозе і нешта скандавалі. Стаялі каля 5-7 хвілін.

У судзе прагледзелі відэазапісы падзей 20 снежня і 3 студзеня. Аднак Якубовіч сябе там не пазнала. Былі прагледжаныя яшчэ некалькі відэа, але і там сябе Юлія не ўбачыла.

Пракурор: Злачынства здзейсненае з матыву палітычнай і ідэалагічнай варожасці

Пракурор лічыць, што віна Якубовіч па ч. 1 арт. 342 КК даказаная паказаннямі самой абвінавачванай і сведкавымі паказаннямі. Пры гэтым, дзяржабвінаваўца прасіў выключыць з абвінавачвання, то што яна 3 студзеня размахвала флаерамі, выкрыквалі лозунгі, воплескі рукамі, а 20 снежня пляскала рукамі.

Змякчальным акалічнасцю пракурор прасіў прызнаць наяўнасць малагадовага дзіцяці, абцяжваючай — матыў палітычнай і ідэалагічнай варожасці.

На падставе гэтага пракурор Цімафей Нічыпарук просіць суд пакараць Юлію двума гадамі "хатняй хіміі".

Абаронца Якубовіч: Яна парушыла толькі правілы дарожнага руху, складу злачынства ў яе дзеяннях няма

Адвакат Юліі Уладзімір Пыльчанка настойвае, што ў дзеяннях яго падабароннай адсутнічаў склад злачынства. На яго думку, тут мела месца толькі парушэнне правілаў дарожнага руху. Адвакат звярнуў увагу суда, што дзеянні, учыненыя абвінавачанай, не з'яўляюцца грубым парушэннем грамадскага парадку, іх нельга назваць цынічнымі і нахабнымі. Скаргі на дзеянні грамадзян не паступалі. Грамадства не было абуранае па гэтай нагоды. 20 снежня група грамадзян перашкаджала працы транспарту 50 секунд, а 3 студзеня — 43 секунды.

Адсутнічаў і намер на грубае парушэнне грамадскага парадку. Так як абвінавачаная патлумачыла, што выяўляла незадаволенасць дзеючай уладай і выступала супраць беззаконня, якое адбываецца. Акрамя гэтага, "Мінсктранс" не падаў звестак аб наяўнасці шкоды.

Таксама Якубовіч не здзяйсняла ніякіх актыўных дзеянняў. Прагледзеўшы відэазапісы, відаць, што актыўных дзеянняў яна не здзейсніла.

Абвінавачаная не адмаўляе, што парушыла правілы дарожнага руху. Але для прыцягнення да крымінальнай адказнасці неабходна наяўнасць буйной шкоды. Абаронца ўпэўнены, што ў дадзеным выпадку мае месца пераслед за выказванне меркавання. Таму адвакат просіць суд апраўдаць Якубовіч.

Юлія ў апошнім слове: Як можна выхоўваць чалавека добрым, калі пры гэтым мы будзем ігнараваць, што людзі сядзяць у турмах

Юлія Якубовіч на судзе падкрэслівала, што яе справа палітычна матываваная і яна не здзяйсняла злачынства. 22 красавіка яна выступіла з апошнім словам:

"Я хацела б адзначыць такі момант, што пасля затрымання, мне з боку ГУБАЗіКа, следства і мой першы адвакат пастаянна паўтаралі адзін і той жа тэзіс: "Вы ж маці, трэба сядзець дома і выхоўваць дзіця". Мне шчыра кажучы, абсалютна незразумела, што яны маюць на ўвазе пад выхаваннем, таму што многія, думаю, чулі такі тэзіс: "Выхаванне дзіцяці – гэта, у першую чаргу, выхаванне сябе". І як можна выхоўваць дзяцей, сумленнымі, калі дарослыя кажуць, што дрэнна, а потым выходзяць у дарослае жыццё і займаюцца тым, што агаворваюць іншых людзей або выкарыстоўваюць законы ў сваіх нейкіх інтарэсах. Як можна выхоўваць чалавека добрым, чалавека з эмпатыяй, спачуваючым чалавекам, калі пры гэтым мы будзем ігнараваць, што людзі сядзяць у турмах, людзі губляюць сваё здароўе, хтосьці губляе сваё жыццё. Мне здаецца, што чалавек – гэта не яго заслугі ў мінулым, нейкія там планы, мэты, будучыня. У першую чаргу, гэта наш выбар тут і цяпер, кожную секунду і хвіліну. І рабіць гэты выбар трэба з любові да сваіх дзяцей, да сябе, а не з-за страху.

Мяне палохае, што ў Беларусі людзі жывуць з-за страху. Таму што з-за страху яны прымаюць рашэнні: з-за страху за сваё жыццё, свайго дабрабыту. Я бачу супрацоўнікаў міліцыі, якія прымаюць рашэнні не самастойна, а таму што ім зверху прыказваюць. І гэта на розных узроўнях. Гэта вельмі страшна. Я хацела бы, каб нікому з тут прысутных такіх рашэнняў прымаць не даводзілася".

Абвяшчэнне прысуду прызначанае на 26 красавіка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства