viasna on patreon

«Сардэчны» пераслед жыхароў Новай Баравой: 200 базавых і 77 «сутак» на васьмёра

2021 2021-04-24T14:14:30+0300 2021-10-01T15:39:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/baravaya_2021.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
пад'езд аднаго з дамоў у Новай Баравой

пад'езд аднаго з дамоў у Новай Баравой

21-23 красавіка ў "пратэсным" пасёлку Новая Баравая прайшлі затрыманні жыхароў у іх уласных кватэрах. Блогеру Антону Матольку чытачы даслалі відэа, на якім невядомыя з сякерай, кувалдай і бензарэзам ходзяць па пад'ездах дамоў. Затрымання праходзілі ўвечары каля 20:00-22:00. У дамах праходзілі ператрусы/агляды, а на жыхароў склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве або пікетаванні. На судзе нашым валанцёрам і валанцёркам стала вядомая прычына «хапуна» – сардэчкі на вокнах. Менавіта такая фармуліроўка гучала нават і ў пастановах на агляды.

Справы васьмі жыхароў «НБ» разглядалі ў судзе Мінскага раёна. «Вясна назірае» распавядае, як судзілі затрыманых за «сардэчкі».

10 сардэчак = 10 сутак

32-гадовага праграміста Сямёна Корабава затрымалі дома ўвечары 21 красавіка падчас "рэйду" ў Новай Баравой. На наступны дзень ягоную справу разглядзеў суддзя Вадзім Казей. Згодна пратаколу па арт. 24.23 КаАП, Сямён «правёў пікетаванне з мэтай публічнага выказвання грамадска-палітычных інтарэсаў, шляхам размяшчэння на вокнах дзесяць чырвоных сардэчак, чым наўмысна парушыў закон аб масавых мерапрыемствах».

Мужчына на судзе растлумачыў, што сардэчкі вывесіў у пачатку сакавіка для ўпрыгожвання, каб радаваць астатніх жыхароў двара, а не для выказвання пратэсту. Але суддзя Казей не паверыў яму і ацаніў гэта "правапарушэнне" у 10 сутак адміністрацыйнага арышту.


100 базавых за «пікет трыма белымі сардэчкамі»

39-гадовага Аляксандра Геранскага таксама абвінавацілі ў пікетаванні, толькі на гэты раз – трыма белымі сардэчкамі. Затрымалі мужчыну дома каля 21:40 21 красавіка. Аляксандр распавёў на судзе, што сардэчкі вывесіў восьмага сакавіка, каб парадаваць жонку і астатніх жанчын двара. Суддзя Анжаліка Казлова пацікавілася, кім была арганізаваная гэтая акцыя "Павіншуйце жанчын" і што наогул пазначае і сімвалізуе белае сардэчка. Гэтак жа суддзя ўдакладняла, якіх колераў віселі сардэчкі ў суседзяў і здзівілася, што Аляксандр не звяртаў на гэта ўвагу.

Дыялог з суддзёй:

- І што, Вы самі выразалі гэтыя сардэчкі?
- Так.
- Дык а Вы не звярталі ўвагу, што на вокнах іншых кватэр вісяць сардэчкі чырвонага колеру, якія разам з Вашымі белымі ўтвараюць спалучэнне ў выглядзе БЧБ-сцяга? Вы не заўважалі гэта паўтара месяца?
- Не, я не бачыў.
- Дык Вы вырашылі такім спосабам сваю жонку павіншаваць, ці ўсё ж такі іншых жанчын?
- Сваю і іншых.

У матэрыялах справы гэтак жа маецца інфармацыя аб "паведамленні, што магчыма жыхары дома з'яўляюцца ўдзельнікамі тг-чата, задача якога – дэстабілізацыя сітуацыі ў краіне". Але што гэта за паведамленне і ад каго – невядома.

У выніку, суддзя Казлова пакарала Аляксандра па арт. 24.23 КаАП за тры белыя сардэчкі штрафам у памеры 2900 рублёў (100 базавых).


Пяць чырвоных сардэчак і 2 белых ліста А4 = 7 сутак арышту

27-гадовы Дзмітрый Гатоўскі па матэрыялах справы, акрамя пяці чырвоных сардэчак, пікетаваў яшчэ і двума белымі лістамі А4.

З апытання Гатоўскага суддзёй Казловай:

- Навошта Вы размясцілі сардэчкі чырвонага колеру?
- Вывесіў на дзень святога Валянціна.
- Не, Вы мне растлумачыце, навошта трэба было вывешваць гэта на вокны? Ладна чырвоныя сардэчкі, але белыя лісты пад імі навошта? Гэта да якога свята Вы іх вывесілі?
- Я не магу адказаць на гэтае пытанне. 
- А Вам вядома, што пратэсны рух, які пачаўся яшчэ нават раней за жнівень і праходзіць да гэтага часу, сімвалам абралі БЧБ-сцяг і любую іншую сімволіку ў гэтых колерах?
- Вядома.

Суддзя Казлова зноў распытвала, ці ведае Гатоўскі аб тым, што "яго чырвоныя сардэчкі разам з белымі ў суседзяў утваралі БЧБ-сцяг". Таксама яна вельмі нервова даведвалася, чаму "ледзь не ў кожным акне раёна Новай Баравой вісяць гэтыя то белыя, то чырвоныя сардэчкі".

Са словаў Дзмітрыя, ён пражывае са сваёй дзяўчыны і мэты пратэставаць такім чынам не пераследваў. Ён адзначыў, што ў такой расфарбоўцы ездзяць пажарныя машыны і машыны хуткай дапамогі, але гэта не значыць, што яны пікетуюць.

У выніку, суддзя Казлова прызнала Дзмітрыя вінаватым па арт. 24.23 КаАП і арыштавала яго на 7 сутак.


Шукалі БЧБ-сардэчкі, але арыштавалі на 30 сутак за БЧБ-сцяг на акне

Падчас «хапуна» ў Новай Баравой затрымалі і Аляксея Парошына за вывешаны БЧБ-сцяг у акне на Дзень Волі. Са словаў Аляксея, 25 сакавіка ён вывесіў БЧБ-сцяг, бо гэта штогадовая сямейная традыцыя ў гонар заснавання БНР, а на акне пры сонечных промнях сцяг выглядае больш прыгажэйшым. 

25 сакавіка дзень дома нікога не было, таму ні Аляксея, ні яго жонку не затрымалі, але ўсё ж такі зрабіць гэта вырашылі 21 красавіка разам з астатнімі жыхарамі Новай Баравой.

У рапарце ўчастковага Бараўлянскага РУУСа Міхалевіча сказана, што паведамленне аб вывешаным 25 сакавіка БЧБ-сцягу паступіла ад супрацоўнікаў АМАПа. Важна адзначыць, што дома ў яго шукалі БЧБ-сардэчкі, як і ў астатніх затрыманых у той дзень, але ў пратаколе агляду сказана, што "быў знойдзены БЧБ-сцяг, ліст з выявай Пагоні, але ніякіх БЧБ-сардэчак знойдзена не было".

Суддзя Казей палічыў неабходным пакараць Аляксея 30-сутачным арыштам.


11 белых сардэчак = 100 базавых штрафу

31-гадовага Паўла Бадзілоўскага затрымалі ў кватэры за адзінаццаць белых сардэчак. У РУУСе на яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне.

Сардэчкі віселі ў верхняй частцы вокнаў на чацвёртым паверсе. Вокны выходзяць на будоўлю. Па словах Бадзілоўскага, наляпіў ён іх да Дня ўсіх закаханых і зняў 21 красавіка па просьбе супрацоўнікаў міліцыі, але пікетаваць такім спосабам ён не збіраўся. Пасля агляду ў яго канфіскавалі БЧБ-сцяг, налепку і тэлефон. 

Азнаёміўшыся з матэрыяламі справы, суддзя Антон Колабаў вырашыў аштрафаваць бацьку 4-гадовага дзіцяці на 2900 рублёў (100 базавых велічыняў).


10 сутак арышту за 6 белых сардэчак

Сяргей Самусевіч, згодна з пратаколам, 21 красавіка наўмысна парушыў закон аб масавых мерапрыемстваў, вывесіўшы шэсць белых сярдэчак на вокнах сваёй кватэры. У той дзень у дом сям'і Самусевічаў уварваліся супрацоўнікі міліцыі, выламаўшы дзверы, калі Сяргея не было дома. Затое былі дзеці, на чыіх вачах адбываўся агляд кватэры і наступнае затрыманне мужчыны, калі ён вярнуўся дадому.

З тлумачэнняў Сяргея стала зразумела, што ён вывесіў сардэчкі, каб павіншаваць жонку з днём святога Валянціна. 

Для суддзі Казея тлумачэння не былі дастаткова пераканаўчымі, таму ён арыштаваў Сяргея на 10 сутак. Гэтак жа суддзя Казей даручыў знішчыць усю пратэсную сімволіку, канфіскаваную падчас агляду.

У Сяргея дома засталіся двое дзяцей, аднаму з якіх толькі 3,5 месяца.


«Меў намер выказаць толькі сваю любоў усім грамадзянам»: за 7 белых сардэчак арыштавалі на 10 сутак

24-гадовы Павел Берашэвіч сваю кватэру ўпрыгожыў сямю белымі сардэчкамі. Але супрацоўнікі міліцыі расцанілі гэта як пікетаванне, таму затрымалі яго 22 красавіка ў яго кватэры і склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП.

Суддзя Колабаў пацікавіўся, ці меў намер Павел выказаць свой палітычны настрой такім чынам. Хлопец адказаў, што "меў намер выказаць толькі сваю любоў усім грамадзянам". Антон Колабаў не прасякнуўся да дадзенай заявы і пакараў Паўла 10-сутачным арыштам.


10 «сутак» за 5 белых сардэчак

Да 28-гадовага Арцёма Шклярыка 22 красавіка таксама прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Прычына ўсё тая ж – белыя сардэчкі. Іх у яго на акне вісела пяць. Арцём, як і ўсе, вырашыў проста ўпрыгожыць свае вокны, але па пратаколу па арт. 24.23 КаАП ён зрабіў гэта для выказвання сваіх палітычных настрояў. Па рашэнні суддзі Антона Колабава Арцём будзе адбываць 10-сутачны арышт.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства