viasna on patreon

Паставы: два гады калоніі — за абразу прадстаўніка ўлады і патроны ў швейнай машынцы

2021 2021-04-26T12:26:51+0300 2021-04-26T13:15:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pastavy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Пастаўскага раёна.

Суд Пастаўскага раёна.

Пастаўскі раённы суд асудзіў 49-гадовую Ірыну Паляніну на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Тэрмін прызначаны шляхам частковага складання пакаранняў: паводле арт. 369 жанчыну асудзілі да абмежавання волі, тэрмінам на два гады, з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — "хіміі", паводле арт. 295 — на паўтары гады пазбаўлення волі ў калоніі. 

Пракурор запрашваў для Ірыны тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму: тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову — паводле арт. 369 і два гады пазбаўлення волі ў калоніі — паводле арт. 295.

Таксама суд абавязаў Ірыну Паляніну кампенсаваць маральную шкоду пацярпеламу: дзве тысячы рублёў, дзяржпошліну ў памеры 87 рублёў. Працэсуальныя выдаткі — 63,80.

Яе прызналі вінаватай у тым, што у снежні мінулага года жанчына размясціла абразлівы каментар у сацыяльнай сетцы пад фотаздымкам начальніка Пастаўскага РАУС Аляксандра Рыбакова ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Таксама па версіі следства, пастаўчанка знайшла ў доме сваёй маці патроны ад малакалібернай вінтоўкі і прынесла іх дахаты: там іх знайшлі ў швейнай машынцы пры аглядзе. Па інфармацыі валанцёраў, гэта быў менавіта агляд, а не вобшук. 

pastavy_2.jpg
Меркавана, Паляніну судзілі менавіта за гэты каментар

Ірына Паляніна на судзе сказала, што спачатку здзівілася, што за зачыненую каробку знайшлі міліцыянты, але калі ўбачыла патроны, узгадала, што яны засталіся ад бацькі. "Я не лічыла іх настолькі небяспечнымі", — сказала Ірына.   

Лінгвістычная экспертыза паказала, што тэкст каментара абразлівы, а аб'ектам негатыўнай ацэнкі з'яўляецца Рыбакоў. 

Дзяржабвінаваўца адзначыў: тое, што патроны захоўваліся ў швейнай машынцы амаль паўгады, сведчыць пра тое, што яны былі схаваныя і змогуць спатрэбіцца. Гэта пацвярджае кваліфікацыйную прыкмету злачынства. Па ягоным меркаванні, віна Палянінай даказаная ў поўным аб'ёме за выключэннем нашэння. Пракурор таксама быў упэўнены ў тым, што віна па артыкуле 369 даказаная цалкам.     

У спрэчках адвакат абвінавачанай адзначыў, што ягоная падабаронная ў поўным аб'ёме прызнала віну паводле арт. 295: яна заўважыла патроны сярод рэчаў, якія перавезла ад маці, разумела, што захоўваць іх нельга, аднак не лічыла іх небяспечнымі боепрыпасамі. Яна не збіралася імі карыстацца: адваротнае меркаванне абвінавачання не мае доказаў. Кваліфікацыю абарона таксама не аспрэчвае. 

Наконт арт. 369 абарона адзначыла, што падчас следства Паляніна прызнала віну, не аспрэчвала вынікі лінгвістычнай экспертызы і выказала гатовасць кампенсаваць пацярпеламу маральную шкоду. Аднак тэхнічны функцыянал сацыяльнай сеткі дазваляе меркаваць, што жанчына не ведала, што чалавек на фотаздымку — менавіта прадстаўнік улады. Прычынай каментара стала тое, што незадоўга да гэтага яна ўбачыла навіну ў той жа суполцы, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі іншых бацькоў, а дзяцей пакінулі дома адных: яна не стрымала эмоцыі. "Пацярпелы спрабуе надаць справе палітычны падтэкст, — адзначыў адвакат. — Прашу суд улічыць, што гэта меркаванне пацярпелага, якое нічым не пацвярджаецца".   

Адвакат быў упэўнены, што ў якасці пакарання можна абраць абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — "хатнюю хімію" — тэрмінам на два гады.

У апошнім слове Ірына Паляніна выбачылася перад начальнікам РАУС і папрасіла звярнуць увагу, што яна ведала, хто на фотаздымку, і гэта было яе асабістае меркаванне, у якім яна зараз раскайваецца. Таксама яна адзначыла, што намераў выкарыстоўваць патроны ў яе не было. "У той момант я адна даглядала дваіх цяжка хворых інвалідаў, якія ледзь не здзекваліся з мяне. У хаце быў рамонт, і былі моманты, калі нават не памятала, як саму сябе зваць, — не тое што, дзе і якія патроны ляжаць у хаце. Гэта мяне не апраўдвае, я здзейсніла злачынства і раскайваюся. Прашу не пазбаўляць мяне волі, бо на маіх руках — мая маці. Баюся, што магу не аказацца побач і страціць яе", — сказала Ірына Паляніна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства