За падпал "Табакеркі" ў Жодзіна - тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму
Суд горада Жодзіна 26 красавіка вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Сяргея Лаўкайціса. Яго абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства).
Справу разглядаў суддзя Іван Грышкевіч, дзяржабвінаваўца – памочнік пракурора Дзмітрый Ярашэвіч.
Згодна з прад'яўленым абвінавачваннем Лаўкайціс 5 снежня, у перыяд часу з 23.15 па 23.23 гадзін, знаходзячыся ў грамадскім месцы ў г. Жодзіна, з хуліганскіх меркаванняў здзейсніў наўмысныя дзеянні, якія суправаджаліся пашкоджаннем чужой маёмасці. Папярэдне падрыхтаваў не менш чым у 4 пластыкавых бутэльках лёгкаўзгаральную гаручую сумесь, якой наўмысна абліў з тыльнага боку гандлёвы кіёск "Табакерка” і падпаліў, у выніку чаго адбылося ўзгаранне, якая пашкодзіла маёмасць ЗАТ "Энэрга-ОІЛ".
Лаўкайціса затрымалі адразу ж, “Табакерку” патушылі.
Тым самым быў нанесены матэрыяльны ўрон на агульную суму 341 рубель 12 капеек, што склала на момант здзяйснення злачынства 12,63 базавых велічынь.
Сваю віну сяргей Лаўкайціс прызнаў цалкам і раскайваецца ў здзейсненым.
Сёння дзяржабвінаваўца запрасіў для абвінавачваемага тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Адвакат заявіў, што гэтае злачынства стала вынікам аператыўнага эксперыменту і папрасіў даць пакаранне без рэальнага зняволення.
У судзе быў абвешчаны перапынак для прыняцця рашэння.
Суддзя Грышкевіч вынес прысуд: тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.