viasna on patreon

У Пачобута, Аляксандрава і яшчэ сямі палітвязняў з’явіліся еўрапейскія “хросныя”

2021 2021-04-26T20:17:42+0300 2021-04-27T15:01:38+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/karen-melchior.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся Клаус Міндруп (Бундэстаг, Германія), Карэн Мельхіёр (Еўрапейскі парламент, Данія), лорд Грыфітс з Берры Порта (Палата лордаў, Вялікабрытанія), Нік Сміт (Палата абшчын, Вялікабрытанія), Кэтрын Уэст (Палата абшчын, Лейбарысцкая партыя, Вялікабрытанія), Дэйрдрэ Клуні (Еўрапейскі парламент, Ірландыя), Роберт Бедрань (Еўрапейскі парламент, Польшча), Крысцін Джардзін (Палата абшчын, Вялікабрытанія) і Ёхан Вадэфул (Бундэстаг, Германія).

Яны сталі “хроснымі” Віктара Сядова, Яўгена Курганава, Мікіты Залатарова, Дзяніса Жука, Марка Антонава, Льва Цяліпкі, Анджэя Пачобута, Андрэя Аляксандрава і Ігара Салаўя.

klaus_mindrup.jpg

Дэпутат Бундэстага Германіі Клаўс Міндруп стаў “хросным” Віктара Сядова. Ён заявіў:

“Я падтрымліваю несправядліва зняволеных і бяру на сябе абавязкі “хроснага” Віктара Сядова. Вось ужо шмат месяцаў ён зняволены ў Беларусі ў сувязі з прыхільнасцю дэмакратыі, свабодзе і справядлівасці”.

Дэпутатка Еўрапарламента Карэн Мельхіёр будзе “хроснай” Яўгена Курганава. Яна заявіла:

“Дыктатура можа пасадзіць вас у турму, Яўген Курганаў, але я ведаю, што яна ніколі не можа зламаць ваш дух. Ваша мужнасць і перакананасць у барацьбе за будучыню вашай краіны запаліць надзею, што на Беларусі будуць яскравыя новыя пакаленні. Вы натхненне для ўсіх нас, мы не забыліся пра вас. Ніколі не здавайцеся перад прыгнётам – будзьце моцным і трымайце галаву высока!”

lord_griffiths_of_burry_port.jpg

Лорд Грыфітс з Брытанскай Палаты лордаў стаў “хросным” Мікіты Залатарова. З гэтай нагоды лорд Грыфітс заявіў:

“Я дэпутат Палаты лордаў у брытанскім парламенце, а таксама дэлегат Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Справа Мікіты Залатарова была даведзена да маёй увагі, і я адчуваю глыбокае засмучэнне. Яму 16 гадоў, ён хворы на эпілепсію. Важна, каб гэтага маладога чалавека вызвалілі без прамаруджання. Амаль немагчыма паверыць, што такое пакаранне можа быць апраўдана і ў нашы дні. Я з задавальненнем падтрымліваю яго і зраблю ўсё для шырокага асвятлення яго справы. Я стану сапраўдным Хросным бацькам для Мікіты”.

nick-smith.jpg

Нік Сміт, дэпутат брытанскай Палаты абшчын, узяў на сябе абавязкі “хроснага” Дзяніса Жука. Ён заявіў:

“Я занепакоены бягучай сітуацыяй у Беларусі. Удзел у дэмакратыі з'яўляецца важным правам чалавека, і саджаць так шмат людзей за карыстанне гэтым правам у корані няправільна. Беларусы праявілі столькі мужнасці і рашучасці, і я ганаруся тым, што сёння магу “ўсынавіць” Дзяніса. Я спадзяюся, што ён і многія іншыя палітвязні ў Беларусі атрымаюць справядлівы суд, які яны заслугоўваюць”.

catherine-west.jpg

Кэтрын Уэст, дэпутатка Палаты абшчын ад Лейбарысцкай партыі, падтрымала Марка Антонава. Яна заявіла:

“Упартасць і рашучасць дэмакратычнага руху натхняе з часоў скрадзеных выбараў у Беларусі ў мінулым годзе. Як прадстаўніца ценявога ўраду Лейбарысцкай партыі я ганаруся стаяць плячом да пляча з Маркам Антонавым і ўсімі затрыманымі і паведамляю ім, што #WeStandBYyou (Мы з вамі)”.

deirdre-clune.jpg

Дэйдрэ Клуні, дэпутатка Еўрапейскага парламента, стала “хроснай” Льва Цяліпкі. З гэтай нагоды сп. Клуні заявіла:

“Я ганаруся і рада падтрымаць Льва Цяліпку праз кампанію #WeStandBYyou. Масавыя акцыі пратэсту і дэманстрацыі працягваюцца пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні мінулага года. Я глыбока занепакоена з-за таго, што велізарная колькасць людзей, у тым ліку шматлікія журналісты і праваабаронцы, былі затрыманыя і сталі ахвярамі пераследу ў сувязі з гэтымі пратэстамі. Шмат беларусаў плацяць высокую цану за права пратэставаць. Еўрапейскі Саюз павінен працягваць падтрымліваць дэмакратычныя памкненні Беларусі, як ён гэта робіць ужо шмат гадоў”.

robert_biedron.jpg

Дэпутат Еўрапарламента Роберт Бедрань будзе “хросным” Анджэя Пачобута. Ён заявіў:

“Чарговыя і зламысныя напады на Анджэя Пачобута і іншых прадстаўнікоў польскай меншасці ў Беларусі з'яўляюцца часткай скаардынаванай антыпольскай і антыеўрапейскай прапаганды рэжыма. Абвінавачанні, выстаўленыя актывістам, у тым ліку ў “распальванні нянавісці” і “рэабілітацыі нацызму”, — абсурдныя, але яны цалкам упісваюцца ў оруэлаўскі наратыў дыктатара. Анджэй — вядомы актывіст і прафесійны журналіст, які ніколі не цураўся раскрываць праўду пра беларускі рэжым. Нягледзячы на тое, што яго арыштоўвалі не адзін дзясятак разоў, ён заўсёды заставаўся адданым сваім перакананням. Мае словы Анджэю і ўсім палітвязням у Беларусі: Не губляйце надзеі і працягвайце барацьбу. Разам са сваімі калегамі па Еўрапарламенце мы не складзем рукі, пакуль вас усіх не вызваляць”.

Крысцін Джардзін, дэпутатка брытанскай Палаты абшчын, стала “хроснай” Андрэя Аляксандрава. Яна заявіла:

“Умовы зняволення апазіцыйных актывістаў, такіх як Андрэй, непрымальныя. Наш урад павінен супрацоўнічаць з нашымі еўрапейскімі партнёрамі, каб аказаць ціск на беларускі ўрад з мэтай вызвалення тых, хто ўтрымліваецца па палітычных абвінавачваннях”.

johann_wadephul.jpg

Ёган Вадэфул, дэпутат Бундэстага Германіі, узяў на сябе абавязкі “хроснага” Ігара Салаўя. З гэтай нагоды спадар Вадэфул заявіў:

“Падтрымка кампаніі Libereco — важная справа для мяне. Удзельнікі пратэстаў — мужныя людзі, якія выступаюць за абарону сваіх правоў і свабоды ў Беларусі. Я рашуча асуджаю той факт, што рэжым Лукашэнкі ўжывае жорсткія рэпрэсіі супраць гэтых жанчын і мужчын. Сярод іх палітычны актывіст і журналіст Ігар Салавей, які знаходзіцца ў турме больш за сем месяцаў. Я ўзяў на сябе абавязкі яго “хроснага” і буду яго абараняць. Я заяўляю аб сваёй поўнай салідарнасці і падтрымцы яму і ўсім іншым людзям у Беларусі, якія пакутуюць ад рэпрэсій і пераследу”.


Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства