viasna on patreon

Праваабаронца Аляксандр Вайцешык: «Мяне асудзілі на 15 сутак за тры хвіліны» Дапоўнена

2021 2021-04-27T12:50:32+0300 2021-04-29T18:35:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vaiceshyk_aliaksandr_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Вайцешык падчас валанцёрства каля СІЗА-6 у Баранавічах. Фота: spring96.org

Аляксандр Вайцешык падчас валанцёрства каля СІЗА-6 у Баранавічах. Фота: spring96.org

14 красавіка ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы затрымалі мясцовага праваабаронцу «Вясны» Аляксандра Вайцешыка, які ажыццяўляў маніторынг судовага працэсу. На наступны дзень стала вядома, што яго арыштавалі на 15 сутак па артыкуле 25.1 КаАП — непавага да суду. У знак пратэсту на незаконнае затрыманне і несправядлівы арышт Аляксандр абвясціў галадоўку. 22 красавіка абласны суд задаволіў скаргу праваабаронцы і выпусціў яго на волю.

Сёння Аляксандр распавядае «Вясне» пра тое, як яго ўгаворвалі спыніць галадоўку, у колькіх камплектах адзення ён спаў у ІЧУ і на якія неадпаведнасці ў пастанове звярнуў увагу ў сваёй скарзе.

15 сутак — за тры хвіліны

Аляксандра Вайцешыка затрымалі, калі ён ажыццяўляў маніторынг судовага пасяджэння паводле артыкула 363 Крымінальнага кодэкса.

«Думаю, суддзя Мікалай Кміта не хацеў лішніх вушэй на палітычна матываваным працэсе», — выказаў меркаванне праваабаронца.

Падчас даследаванняў доказаў на судовым паседжанні канвойны сказаў суддзі, што Вайцешык здымае паседжанне на відэа, хоць Аляксандр толькі запісваў яго на дыктафон, што з'яўляецца ягоным правам. Кміта запатрабаваў у Аляксандра адкрыць тэлефон і паказаць галерэю, але калі Вайцешык паказаў тэлефон сакратару, і той не знайшоў на ім відэа, гэтага суддзі аказалася недастаткова, і ён захацеў, каб тэлефон прагледзеў спецыяліст. На гэта Аляксандр не пагадзіўся і выключыў тэлефон, сказаўшы, што пароль ён забыўся. Пасля гэтага яго прызналі вінаватым па артыкуле 25.1 КаАП і асуділі на 15 сутак: ПВКаАП прадугледжвае прымяненне санкцый гэтага артыкула ў межах паседжання на крымінальнай ці грамадзянскай справе. Суд палічыў, што тым, што праваабаронца нібыта здымаў відэа, ён праявіў непавагу да суду. Пры гэтым пры затрыманні Аляксандру не былі растлумачаныя ні права, ні абавязкі, ён таксама быў пазбаўлены права на абарону.

Інцыдэнт заняў тры хвіліны: у 12.27 канвойны адзначыў «парушэнне», у 12.30 Аляксандра Вайцешыка вывелі з залі суда.

«Уначы прачынаўся ад холаду»

У ІЧУ Баранавіцкага ГУУС, куды Аляксандра прывезлі з будынка суда, ён адразу напісаў у пратаколе агляду, што абвяшчае галадоўку. Пасля гэтага яго змясцілі ў камеру, дзе знаходзілася яшчэ 12 чалавек. Там ён паўтарыў свой намер: напісаў заяву, што адмаўляецца ад прыёму ежы і перадач. Тады праз 10 хвілін пасля прыбыцця яго перавялі ў «адзіночку». Пяць сутак з васьмі Вайцешык правёў у карцары: фармальна — за непадпарадкаванне, фактычна — незразумела, за што.

«Умовы для "палітычных" у Баранавічах жудасныя, — успамінае праваабаронца. — Прычым умовы ў карцары не занадта адрозніваліся ад тых, што былі ў "адзіночцы": праблемы з пасцельнай бялізнай, праверкі днём і ноччу, нельга ляжаць днём на ложку... І вельмі моцна холадна! Там даўно адключылі ацяпленне, але цяпер пахаладала (я быў там, калі на вуліцы днём было 12-14 градусаў) — і людзям стала зусім холадна. Я спаў у спартовых штанах, яшчэ адніх штанах, двух байках (адна з якіх — "Не смяротнаму пакараню"), цёплай зімовай куртцы, зімовай шапцы, але ўначы ўсё адно прачынаўся ад холаду. Калі саграваўся, трохі распранаўся. Вада ў камеры таксама была халодная, бойлер на дзесяць літраў не вырашаў праблему мыцця 37 чалавек, якія ў нейкі момант адначасова знаходзіліся ў ІЧУ».

Вайцешык распавядае: праз тое, што з «адзіночкай» ён ужо сустракаўся, псіхалагічна быў падрыхтаваны да яе: там «проста думаеш пра ўсё і ні пра што». Ды і «трывожную валізку» з прадметамі першай неабходнасці ён часта носіць з сабой — не прыйшоў без яе на суд і ў той раз, таму патрэбныя для гігіены рэчы ў яго былі з сабой.

Цікава, што за тыдзень да інцыдэнту ён запытаў матывавальную частку па грамадзянскай справе па абароне працоўных інтарэсаў у незалежным прафсаюзе РЭП: суддзя накіраваў яе не па хатнім адрасе, не ў РЭП, а прама ў ізалятар.

«З'ясі катлету — нікому не раскажу»

Калі Вайцешык абвясціў галадоўку, супрацоўнікі ізалятара ўгаворвалі яе спыніць: маўляў, нікому не патрэбныя лішняя ўвага і клопаты. У тым ліку, праваабаронцу выклікалі да начальніка ІЧУ: той спрабаваў не толькі адгаварыць Аляксандра ад галадоўкі, але і вывесці на размову пра «Вясну».

«Я пайшоў на галадоўку, таму што мы, праваабаронцы і юрысты, першапачаткова разумеем, дзе ёсць склад правапарушэння, а дзе яго няма, — тлумачыць матывацыю ўчынку Вайцешык. — Як мне даказаць па-іншаму, што ў маёй справе няма ні доказаў, ні складу злачынства? Такім спосабам я выказваў сваю нязгоду з пастановай суда. Што можна было зрабіць яшчэ, калі за тры хвіліны мяне асудзілі на 15 сутак і не далі сказаць ні слова? Не патлумачылі ні права, ні абавязкі, пазбавілі права на абарону: я ўбачыў адваката толькі на наступны дзень».

Першы час супрацоўнікі пыталіся ў праваабаронцы, ці будзе ён ёсці: пачуўшы адмоўны адказ, закрывалі «кармушку» і сыходзілі. На чацвёрты і пяты дзень яны сталі пакідаць паднос на паўгадзіны, каб пахі паспелі разысціся, бачылі, што ён па-ранейшаму не бярэ ежу, сыходзілі.

«Як быццам хацелі падражніць, — усміхаецца Аляксандр. — Некаторыя супрацоўнікі між іншым ўгаворвалі па-чалавечы: "З'ясі катлету — нікому не раскажу". Фізічна вытрымліваць галадоўку было нармальна: тры дні я трымаў "сухую" галадоўку, наступныя два дні — змочваў вусны вадой, на шосты дзень — стаў піць, таму што разумеў, што пасля пяці дзён будуць незваротныя наступствы і не быў гатовы так рызыкаваць. Але напрыканцы не хацелася ўжо нават піць, таму ўсё прайшло адносна спакойна. Толькі аднойчы ноччу на другі дзень галадоўкі мне разбалелася галава, тады мне без праблем выклікалі хуткую: аказалася, падняўся ціск».

«Асадку давалі на паўгадзіны ў дзень — але забралі, бо я пісаў скаргі»

Да 19 красавіка адзінай «зброяй» праваабаронцы была асадка, якую яму выдавалі на паўгадзіны ў дзень. Аляксандр кожную раніцу перадаваў напісаныя скаргі, заўвагі, прэтэнзіі на ўмовы ўтрымання і некарэктнае абыходжанне супрацоўнікаў міліцыі. Таму на шосты дзень у Вайцешыка забралі асадку і больш не давалі. Але галоўную скаргу — на пастанову суда — ён паспеў напісаць у першы ж дзень арышту. На наступны дзень адвакат ужо аднесла яе ў суд, дзе яна была зарэгістраваная.

«У скарзе ў першую чаргу я звярнуў увагу на супярэчнасці, — патлумачыў Вайцешык. — Напрыклад, згодна з пастановай, 14 красавіка а 12.27 міліцыянт зафіксаваў "парушэнне", а ўжо а 12.30 мяне ўзялі пад варту. У пастанове паказана, што доказамі з'яўляюцца сведчанні супрацоўніка міліцыі і відэазапіс судовага пасяджэння: але яго фізічна немагчыма прагледзець за тры хвіліны! У выніку Брэсцкі абласны суд 22 красавіка пастанавіў, што справа была разгледжаная аднабакова, і адправіў яе на перагляд. Да таго ж, суддзя адзначыў, што так і не быў прагледжаны мой тэлефон. Таксама я адзначаў у скарзе, што пры затрыманні мне не патлумачылі правы і абавязкі, пазбавілі абароны, аднак на гэта суд ніяк не адрэагаваў. Думаю, на такое рашэнне паўплываў шэраг абставін: і галадоўка, і апублічванне, і суддзя. Вядома, хачу, каб пры пераглядзе мяне апраўдалі: у справе няма ні складу, ні прыкмет, ні доказаў правапарушэння. Але ўлічваючы палітычную сітуацыю і ўзровень правасуддзя ў краіне, думаю, альбо вызваляць за недаказанасцю — а гэта нерэабілітуючая падстава, альбо абмяжуюцца адбытым: маўляў, вінаваты, але ў меншай ступені, таму хопіць і васьмі сутак пакарання. Сёння гэта быў бы аптымальны варыянт».

Пасля вызвалення Аляксандру таксама прыйшла адмова задаволіць ягоную скаргу на знаходжанне ў карцары.


За час арышту Аляксандру Вайцешыку прыйшло больш за дваццаць лістоў, якія праваабаронцу аддалі толькі пры выхадзе з ІЧУ. Ён удзячны ўсім за за дасланую падтрымку, якая хоць і дайшла да яго ўжо пасля адбыцця сутак, але апынулася вельмі патрэбнай і важнай. Публікуем урыўкі з гэтых лістоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства