"Правераны шматгадовы партнёр". Што думаюць пра "Вясну" па-за межамі Беларусі?
Чаму праваабарончы цэнтр "Вясна" важны і што б было, калі б яго не існавала? Як "Вясна" выглядае на міжнародным узроўні? Чым "Вясна" дапамагае міжнароднай праваабарончай супольнасці? Пра гэта сёння раскажуць праваабаронцы з Вялікабрытаніі, Швецыі, Польшчы, Расіі і Францыі.
Айша Юнг, Amnesty international, старэйшая каардынатарка кампаніі па Беларусі (Лондан)
Айша Юнг адзначае, што за апошнія 15 гадоў яе працы па Беларусі, яна ніколі не бачыла такой колькасці палітычных зняволеных:
"Вядома, мы ведалі і чакалі, што будуць як звычайна рэпрэсіі падчас правядзення прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, але не чакалі, што рэпрэсіі будуць такога ўзроўню. Гэта беспрэцэдэнтна цяжкая сітуацыя. Пасля выбараў мы бачылі, як тысячы мірных дэманстрантаў былі затрыманыя, зрынутыя катаванням, а некаторыя былі забітыя. Палітычная апазіцыя, незалежныя СМІ, а таксама людзі ўсіх слаёў грамадства, якія выказваюць нязгоду, знаходзяцца пад вартай або выгнаныя".
Праваабаронца падкрэслівае, што менавіта "Вясна" забяспечвае найбольш поўны агляд сітуацыі ў краіне (у тым ліку па сітуацыі з палітычнымі зняволенымі):
"Цяпер мы як ніколі разлічваем на працу і веды "Вясны". У гэтай крызіснай сітуацыі складана праверыць усе выпадкі палітвязняў (бо іх больш за 300), у нас проста няма рэсурсаў гэта зрабіць. Аале наша пазіцыя: усе затрыманыя або абвінавачаныя ў мірным ажыццяўленні сваіх правоў павінны быць неадкладна вызваленыя без якіх-небудзь дадатковых выдаткаў, з іх павінны быць знятыя абвінавачванні. Усе сцвярджэнні аб катаваннях, жорсткім абыходжанні і смерці мірных дэманстрантаў павінны быць расследаваныя. Пераслед грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ павінен спыніцца”.
Айша характарызуе адносіны “Вясны і Amnesty як "сымбіятычныя”:
"Мы дапамагаем адзін аднаму. Але, несумненна, без "Вясны" мы маглі б значна менш зрабіць па Беларусі.
Алесь Бяляцкі таксама быў нашым вязнем сумлення, калі знаходзіўся ў турме. Таксама мы шмат супрацоўнічалі з "Вясной" па тэме смяротнага пакарання. Мы зрабілі разам фільм, а мая калега Хэза Магкіл у 2009 годзе пісала справаздачу па смяротнаму пакаранню ў Беларусі. Мы супрацоўнічаем з "Вясной" і па свабодзе слова і асацыяцый. Мы ўжо шмат чаго дасягнулі і яшчэ шмат чаго дасягнем. Такое супрацоўніцтва вельмі шмат значыць для нас. Мы ведаем, што ў "Вясны" ёсць глыбокая экспертыза і разуменне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, а таксама разуменне міжнароднай сістэмы правоў чалавека. Акрамя таго, "Вясна" дае Amnesty кантакты рэпрэсаваных людзей, каб і мы маглі працаваць з імі".
Марцін Угла, Ostgruppen — Шведская ініцыятыва За дэмакратыю і правы чалавека, старшыня арганізацыі (Стакгольм)
Ostgruppen сваёй мэтай ставіць супрацоўніцтва с Усходняй Еўропай, і вялікі інтарэс выказвае ў тым ліку і Беларусі,
“У Швецыі дастаткова мала ведаюць пра Беларусь, — тлумачыць Марцін Уггла. — Шкада, таму што мы амаль суседнія краіны. Але я лічу, што гэта важна, каб шведы ведалі пра сітуацыю ў блізкіх краінах. І таму нашай задачай стала распаўсюджваць інфармацыю, што адбываецца ў Беларусі. Асабліва, пра тое, што адбываецца ў Беларусі цяпер — гэта вельмі кепска, і таму вельмі важна шведам пра гэта расказаць”
Дзейнасць “Вясны” дапамагае Ostgruppen зразумець бягучую сітуацыю ў краіне:
“І мы хочам перадаць менавіта тую інфармацыю, якія публікуюць беларускія праваабаронцы (таму што яны лепш за ўсіх ведаюць пра сітуацыю). Для нас вельмі важна, каб галасы беларусаў былі пачуты ў Еўропе. І таму мы сочым за развіццём, чытаем, што публікуецца у “Вясны”, размаўляем з калегамі — і стараемся перадаць гэтую інфармацыю тут у Швецыі. Мы такім чынам з’яўляемся як бы каналам для беларускіх праваабаронцаў, і для нас вельмі важна, каб менавіта так было”.
Вольга Саламатава, Хельсінкскі фонд па правах чалавека, экспрэт-трэнер у галіне міжнародных стандартаў правоў чалавека, юрыст (Варшава)
Права у Беларусі цяпер не дзейнічае, з шкадаваннем адзначае Вольга Саламатава. І гэта адна з самых крытычных сітуацый, якая была ў Беларусі за ўвесь час існавання "Вясны" і іншых праваабарончых арганізацый. Але "Вясна" ўвесь час нагадвае і адстойвае правы чалавека ў Беларусі.
""Вясна" заўсёды была і застаецца арганізацыяй, супольнасцю людзей, для якіх чалавек важны як каштоўнасць. Незалежна ад сітуацыі "Вясна" ўвесь час нагадвае ўладам пра тое, што чалавек – гэта адна з галоўных каштоўнасцяў у краіне. У кожнага ёсць чалавечая годнасць, кожны чалавек мае права на свабоду слова, на свабоду сходаў, кожны чалавек мае права на жыццё. І кожны чалавек павінен быць вольны ад катаванняў і іншага бесчалавечнага зневажальнага годнасці абыходжання. І тут можна толькі схіляцца перад сілай і стойкасцю людзей у "Вясне" і яе валанцёраў , якія нягледзячы на рэпрэсіі, працягваюць паслядоўна адстойваць такую пазіцыю і імкнуцца абараняць, наколькі магчыма ў гэтых умовах, усіх".
Што было б, калі б “Вясна” не існавала?
"Шмат у чым “Вясна” з'яўляецца сімвалам беларускага праваабарончага руху. Таму што, нягледзячы на ліквідацыю арганізацыі як юрыдычнай асобы, нягледзячы на тое, што рэпрэсіі перыядычна тычыліся “Вясны" ў розных формах і нягледзячы на тое, што кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі знаходзіўся ў зняволенні, "Вясна" працягвала дзейнічаць і казаць аб парушэннях правоў чалавека і рэагаваць на іх. І "Вясна" вельмі актыўна ўдзельнічала на міжнародным узроўні, паказваючы сітуацыю. І ў гэтым сэнсе калі "Вясну" прыбраць з праваабарончага кантэксту, то краіна вельмі шмат страціла б. Але я думаю, калі б "Вясны" не было, то яна ўсё роўна з'явілася б і працягвала б працаваць. Няма іншага варыянту. Беларусы б “Вясну" стварылі, у тым ліку як сімвал надзеі. Бо немагчыма трымаць краіну толькі на рэпрэсіях і гвалце.
Актыўныя дзеянні па прадстаўленні сітуацыі, па тлумачэнні таго, што адбываецца ў Беларусі, якія рабіла "Вясна" — гэта мела і мае вялікае значэння для таго, каб хаця б неяк стрымліваць гэтую махіну рэпрэсій у Беларусі".
Кірыў Карацееў, міжнародная праваабарончая група "Агора", кіраўнік міжнароднай практыкі (Масква)
* Кірыл Карацееў працуе ў "Агора" з 2019 года. Да гэтага ён прадстаўляў праваабарончую супольнасць "Мемарыял", а раней па розных пытаннях дапамагаў з экспертызай FIDH.
Апошнія пратэсты ў Беларусі займалі першыя палосы ўсіх сусветных СМІ, адзначае Кірыў Карацееў. Але і раней, незалежна ад таго, дзе знаходзіцца сітуацыя ў Беларусі ў міжнароднай павестцы, "Вясна" заўсёды рабіла прафесійную працу па краіне — збірала інфармацыю, сачыла за судовымі справамі, прадстаўляла справы на міжнародным узроўні ў Камітэце ААН па правах чалавека.
"Калі я хачу ведаць, што адбываецца з правамі і свабодамі чалавека ў Беларусі, я шукаю, што з гэтай нагоды напісала "Вясна". Устанаўленне і публікацыя фактаў — так, Вясна стварае новае веданне, без якога "Вясны" няма — аб тым, што адбываецца ў прававой і судовай сістэме Беларусі. Бо адзін з маіх прыездаў у Беларусі — гэта быў працэс у Вярхоўным судзе аб аспрэчванні адмовы Міністэрства юстыцыі дзяржаўнай рэгістрацыі "Вясны", калі быў выйграны працэс у Камітэце ААН па правах чалавека. Гэта вельмі важна, што "Вясна" працуе незалежна ад таго, наколькі астатнія "свярбяць" ці не, і яна заўсёды працуе якасна. Калі я чытаю нешта ад "Вясны", я магу быць упэўнены, што так яно і было".
Саша Кулаева, праваабаронца, міжнародны эксперт па правах чалавека і грамадзянскай супольнасці (Парыж)
Саша Кулаева згодная з тым што пасля жнівеньскіх падзей пазнавальнасць "Вясны" стала больш адчувальнай. Аднак праваабаронца лічыць, што праца “Вясны” была дастаткова вядомая і да таго. Некаторым рыкашэтам (зваротным для мэтаў уладаў) стаў тут крымінальны працэс над Алесем Бяляцкім. Пасля таго, як яго пасадзілі, была разгорнутая велізарная кампанія за вызваленне Бяляцкага, якая досыць шырока асвятлялася на міжнародным узроўні. Алесю прыходзілі тысячы лістоў падтрымкі турму, уключаючы знакамітых людзей — напрыклад, трох Нобелеўскі лаўрэатаў.
"На міжнародным узроўні гэта таксама адыграла зусім зваротны эфект, які беларускія ўлады не могуць цяпер не ўлічваць. Хоць імідж урада цяпер ніжэй сярэдняга з пункту гледжання правоў чалавека, але тым не менш я думаю, што ўлады не забыліся скандал, які быў звязаны з арыштам Алеся Бяляцкага і разумеюць кошт пытання. Таму што калі да арышту аб праваабарончым цэнтры "Вясна" свет ведаў толькі ў вузкіх колах, то пасля арышту аб "Вясне" даведалася значна больш людзей.
На ўзроўні ААН і Рады Еўропы праца беларускіх праваабаронцаў (не толькі "Вясны", але і БАЖ і іншых калегаў) добра вядомая. Паколькі ўсе гэтыя гады гэта была крыніца аб'ектыўнай інфармацыі і правераных лічбаў, з чым у беларускай афіцыйнай прэсе ўсё вельмі дрэнна. З гэтай інфармацыяй міжнародны арганізацыі заўсёды працавалі. "Вясна" — правераны шматгадовы партнёр. У беларускай афіцыйнай прэсе сярдуюць — як гэта так, незарэгістраваную арганізацыю не пускаюць у ААН! — так справа ж не ў паперцы, якую дае беларускі суд, а ў шматгадовай працы, вядомай усім яе сур'ёзнасцю. Ніколі з таго, што казала "Вясна", улада не змагла цалкам абвергнуць або даказаць, што гэта няпраўда. І ў нашым фэйкавым і пост-праўдашным свеце, у якім інфармацыя становіцца сапраўдным золатам (паколькі разабрацца, асабліва здалёк, у тым, што адбываецца, складана, калі такая колькасць хлусні), арганізацыя, якая з’яўляецца праверанай як крыніца інфармацыі — напэўна, гэта самая галоўная візітная картка, якую можа мець праваабаронца".