viasna on patreon

Затрыманні, ператрусы: працягваюцца рэпрэсіі і ціск на беларусаў Дапоўнена

2021 2021-05-04T20:20:00+0300 2021-05-05T09:38:40+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lubecki_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу. Беларусаў і беларусак забіраюць з дома, затрымліваюць на працы, адбываюцца вобшукі і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

 Мінск

lubecki_90.jpeg
Андрэй Любецкі. Фота: "Наша Ніва"

Затрыманы Андрэй Любецкі, адзін з найлепшых сківічных хірургаў БеларусіПра гэта «Нашай Ніве» паведамілі яго сваякі:

«Ранкам да Андрэя прыйшлі дадому, не ведаем, у колькі дакладна. Абшукалі кватэру і яго забралі», — кажа сям’я.

Тыдзень таму ягоная жонка Наталля Любецкая з чатырма дзецьмі з'ехала з Беларусі. Яна фігуравала ў "расследаванні" беларускага дзяржканала: жанчыну абвінавацілі ў перадачы падстаўных "сакрэтных дакументаў" экс-алмазаўцу Ігару Макару. Любецкую нават затрымлівалі, яна прабыла ў СІЗА КДБ тры дні, затым была адпушчаная без абвінавачвання і змагла пакінуць краіну.

Пра прычыну затрымання Андрэя Любецкага інфармацыі пакуль няма. Ён 18 гадоў адпрацаваў у 4-й дзіцячай бальніцы Мінска. 


Праваабаронцам "Вясны" паведамляюць у Мінску пра затрыманне Рыльковых Сяргея і Алены Пятровічаў 1974 года нараджэння. Прычыны і абставіны іх затрымання высвятляюцца.


10 дзяржаўных і прыватных друкарняў адмовілі газеце «Народная воля», піша "БАЖ".

«Народная воля» спрабуе вярнуцца да выданьня газэты ў папяровай вэрсіі. Нягледзячы на тое, што апошні нумар выйшаў мінулай восенню, пасля чаго газета перайшла на электронны варыянт, у офіс да гэтага часу прыходзяць чытачы «па свежы нумар».

«Дом друку, верагодна, чакае адмашкі зьверху. Запаляць зялёнае сьвятло ў прэзыдэнцкай адміністрацыі — будуць друкаваць, не — працягнуць прыдумляць байкі пра зламаны станок... На днях я асабіста абтэлефанавала каля дзясятка дзяржаўных друкарняў, падпарадкаваных Міністэрству інфармацыі.

Пыталася наўпрост: надрукуеце „Народную волю“? „Мяне пахаваюць, калі я вас надрукую, і нават без ушанаваньняў...“, — адказаў дырэктар адной з рэгіянальных друкарняў. А потым яшчэ адзін, і яшчэ...», — апісала пошукі друкарні намесніца галоўнага рэдактара Марына Коктыш.


Як паведамляе телеграм-канал "Белыя Халаты", затрыманы лекар стаматолаг-хірург Сапун Станіслаў. Ён выйшаў на вуліцу з дзіцем, а праз пару хвілін вярнуўся дадому з натоўпам невядомых, аддаў жонцы дзіцяці і яго павезлі. Паведамляюць, што цяпер лекар знаходзіцца на Акрэсціна, у чым яго абвінавачваюць — невядома.


Таксама ў Мінску затрыманы 25-гадовы Аляксей Салановіч.

Мазыр

У Мазыры сёння затрымалі на 72 гадзіны ў межах ч.1 арт. 342 КК 20-гадовага Данілу Cкіпальскага. У яго правялі вобшук, але ў выніку нічога не вынялі. Але пры гэтым, фатаграфавалі спартыўную атрыбутыку, шалікі "Славіі". Шукалі сцягі і стыкеры — "забароненую сімволіку", па словах сілавікоў.

Меркавана, хлопец быў затрыманы за ўдзел у акцыях у жніўні 2020 года. Паведамляецца, што яго вылічвалі па відэа, а ягоных сяброў і знаёмых выклікалі на апытанні.

Жодзіна

З ціскам на сям'ю у Жодзіне сутыкнулася Іна Чыжонак, якую затрымлівалі ў лазні 24 красавіка. На яе, як і на іншых, склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, але суда яшчэ не было. У сям'і Іны і Сяргея Чыжонак жыве 13-гадовы прыёмны Руслан. Вось, што распавядае Іна:

"Руслан у мяне прыёмнае дзіця, але ён мой самы родны, А прыёмны ў нашай краіне — значыць дзяржаўны. Мы яго не ўсынаўлялі, каб у яго былі хоць нейкія льготы на паступленне і на набыццё і будаўніцтва жылля ў будучыні".

Сёння яе муж Сяргей Чыжонак прыйшоў на працу і яго ўжо чакалі прадстаўнікі органаў апекі. Яны заявілі, што ўсе дамовы скасаваныя — дзіця забіраюць з сям'і. У канцы яны сказалі: "Не было чаго па мітынгах шляцца".

Барысаў

3 траўня ў Барысаве затрымалі лекара-неўролага Аляксандра ЦялегуПаведамляецца, што яго ноччу збілі і павезлі ў Гродна.

«У Барысаве гэтага лекара ўсе ведаюць. Можа ў Гродне хто небудзь у СІЗА зможа перадаць яму цёплыя рэчы. Павезлі лекара літаральна ў ніжняй бялізне. Там з 8:00 да 17:00 перадачы па аўторках і пятніцах», — напісалі чытачы тг-канала "Белые халаты".

Гродна

Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына змясцілі ў карцар на 7 дзён. Да яго пусцілі адваката, піша "БАЖ". Адвакат распавяла, што ў камеры вельмі халодна. Вызваліць яго з карцара павінны ў чацвер. 7 сутак карцару далі па нейкіх бытавых прычынах.

Гомель

На допыт у Следчы камітэт 4 траўня выклікалі маці гомельскай незалежнай журналісткі Юліі Сівец — журналісткі-фрылансеркі, якая супрацоўнічае з многімі выданнямі, у тым ліку з "Беларускім Радыё Рацыя". Пра гэта паведамляе "БАЖ".

Чаго канкрэтны тычыцца справа — невядома. Але на допыт выклікае следчы Шчаглоў, які ў Гомелі займаецца справамі супраць мясцовых актывістаў.

Драгічын

Сяргей Гардзіевіч. Фота: БАЖ
Сяргей Гардзіевіч. Фота: БАЖ

Палітзняволенаму журналісту інтэрнэт-выдання “Першы рэгіён” з Драгічына Сяргею Гардзіевічу змянілі меру стрымання з хатняга арышту на падпіску аб нявыездзе. Ён застаецца абвінавачаным па арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

Нагадаем, 22 снежня 2020 г. па дарозе з Драгічына ў Брэст ён быў затрыманы супрацоўнікамі АМАП. Пазней у яго кватэры адбыўся ператрус, журналіста затрымалі на 72 гадзіны па ўзбуджанай у дачыненні да яго крымінальнай справе па арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Гаворка ідзе нібыта пра рэпост паведамлення ў адной з драгічынскіх груп у Viber, да якой мае дачыненне Сяргей Гардзіевіч. 25 снежня ў дачыненні да Сяргея Гардзіевіча была абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту.

Ліда

Як піша "БАЖ", у Лідзе ўчора ўвечары быў затрыманы журналіст Андрэй Фралоў. Канкрэтныя абставіны затрымання пакуль невядомыя. Вядома толькі, што журналіста вінавацяць у непадпарадкаванні міліцыі. Ноч журналіст правёў у ізалятары часовага ўтрымання, сёння ў Лідзе над ім павінен прайсці суд.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства