viasna on patreon

Сваякам палітвязня Вадзіма Гурмана не паведамляюць пра ягонае месцазнаходжанне

2021 2021-05-04T16:38:12+0300 2021-05-04T16:43:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gurman.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вадзім Гурман, фота rh.by

Вадзім Гурман, фота rh.by

Сваякам палітвязня Вадзіма Гурмана не паведамляюць пра ягонае месцазнаходжанне. У Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС сказалі, што не валодаюць такой інфармацыяй.

Апошні раз маці Вадзіма Вольга Кузьміна і ягоная нявеста Віялета бачыліся з ім на спатканні ў Турме №8 у Жодзіна 20 красавіка. Яго прывялі ў кайданках, на ім быў чырвоны цэтлік: праз тое, што яго паставілі на ўлік як "схільнага да пабегу, нападаў на персанал, арганізацыю бунтаў, тэрарыстычных актаў, сацыяльна небяспечнага".

Тады ён паведаміў сваякам, што цягам трох дзён яго мусяць перавесці ў ПК-9 у Горках для адбыцця пакарання. Таксама ён папярэдзіў: калі з ім "здарыцца суіцыд ці нешта яшчэ, мама, не вер: проста забілі".

Цяпер ужо больш за два тыдні сваякі не атрымліваюць лістоў і ніякай інфармацыі пра месцазнаходжанне Вадзіма.

"30 красавіка я паехала ў Дэпартамент выканання пакаранняў на прыём да намесніка міністра МУС, — распавяла Вольга. — Але генерал-маёр Маткін мяне не прыняў: я размаўляла з ягоным намеснікам. Я хацела ўдакладніць, дзе знаходзіцца маё дзіця, але там больш, напэўна, пасмяяліся і пажартавалі. Сказалі: "Не валодаем дадзенай інфармацыяй. Вас апавясцяць у пісьмовым выглядзе".

Сказалі, маўляў, пачулі вашыя пажаданні, куды накіроўваць. Бо я прасіла, каб яго змясцілі ў Навасады: гэта блізка да Маладзечна, не ўяўляю, як без асабістага транспарта ездзіць у Магілёўскую вобласць, куды яго планавалі накіраваць..."


Згодна з абвінавачваннем, 9 жніўня Гурман актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і не падпарадкоўваўся супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Гурман выкрыкваў лозунгі, правакаваў грамадзян на актыўныя дзеянні, а таксама пагражаў гвалтам міліцыянерам.

На судзе Гурман прызнаў віну па артыкуле 342 КК, але не па 364-м. Ён распавёў, што пры затрыманні АМАПам, якое адбылося праз два дні 11 жніўня, яго і іншых білі і залілі газам твар. Затым моцнае збіццё працягнуліся ў двары РУУС. Па словах Гурмана, яму пагражалі згвалтаваннем і спрабавалі зняць штаны, аднак усё ж спыніліся па камандзе кагосьці з кіраўніцтва РАУС.

Восьмага лютага ў судзе Маладзечанскага раёна суддзя Вольга Дубовік прысудзіла Гурману тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства